11 верасня дэлегацыя прадстаўнікоў універсітэта натуральных навук з Познані, якую ўзначальваў прарэктар гэтага ўніверсітэта Чэслаў Шафраньскі, наведала Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт з мэтай наладжвання кантактаў для супрацоўніцтва ў навукова-тэхнічнай сферы.
Дамова аб сумеснай працы, якая будзе падпісана пазней, прадугледжвае абмен выкладчыкамі і студэнтамі, удзел у навукова-практычных канферэнцыях, якія будуць адбывацца ў абодвух універсітэтах.
Акрамя супрацоўнікаў Познаньскага ўніверсітэта ў складзе дэлегацыі былі прадстаўнікі некалькіх фірм, звязаных з сельскагаспадарчай вытворчасцю з г. Конін. Адбылася сустрэча з рэктарам, прарэктарамі і дэканамі ГДАУ. З дзейнасцю ўніверсітэта гасцей пазнаёміў прарэктар па вучэбнай працы Аляксандр Свірыдаў, а з дзейнасцю нашых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў членаў польскай дэлегацыі пазнаёміў дэкан агранамічнага факультэта падчас паездкі ў СВК "Прагрэс-Верцялішкі".
У гаспадарцы, якая з'яўляецца базавай для правядзення выязных заняткаў студэнтаў розных факультэтаў універсітэта, госці пазнаёміліся з садам, сучаснымі тэхналогіямі аховы і кармлення пладовых раслін, уборкай і захоўваннем прадукцыі. На ўсе пытанні на месцы даваў адказы выпускнік нашага ўніверсітэта, загадчык саду Андрэй Кандакоў. Няшмат часу заставалася для экскурсіі па горадзе, але ж трэба спадзявацца, што кантакты паміж нашымі ўніверсітэтамі будуць працягвацца і яшчэ будзе магчымасць для больш падрабязнага знаёмства з горадам і яго гісторыяй.
https://www.ggau.by/nowosti/2180-gostsi-z-poznani-gdau#sigProIde3342318eb