У гэтым годзе прыёмка вопытаў міністэрскай камісіяй затрымалася па часу, але традыцыйна распачалася з калекцыйна-селекцыйнага участка ўніверсітэта за Грандзічамі, які з'яўляецца месцам, адкуль пачалі свой лёс некалькі гатункаў азімых культур.
Наведванне ўчастка распачалося пасля вялікай навальніцы, якая затапіла паўгорада і вядома ж паклала свой адбітак і на пасевы збожжавых культур. Прафесар Канстанцін Каляда хваліцца сваімі дзялянкамі з азімай пшаніцай Ядвіся. Ніякага палягання, стаіць магутна, паказваючы віды на добры ўраджай. І нібы спецыяльна, асобныя раяніраваныя ў рэспубліцы гатункі азімай пшаніцы, поўнасцю паляглі. Канстанцін Уладзіміравіч гаворыць, што яны павінны быць заменены новымі.
Далейшы шлях камісіі пралягае праз вопытнае поле, дзе яе сябры знаёмяцца з нашым маладым садам на карлікавых і паўкарлікавых падвоях, з тэхнікай, якая ёсць для абслугоўвання агранамічных даследаванняў. Дзмітрый Брукіш знаёміць гасцей з аграцэнтрам ГДАУ па даследаванні хімічных сродкаў аховы раслін, якія выпускаюцца беларускімі фірмамі. Наш універсітэт мае асобную ліцэнзію для даследаванняў сродкаў хімізацыі. Асабліва прыгожа глядзіцца яравы рапс, пасевы якога чыстыя і ў гэтым годзе ўраджайныя. У гэты ж дзень ішла ўборка на вопытным полі і азімага, у пасевах якога праводзім мікрабіялагічныя даследаванні і я са сваімі студэнтамі. Адразу прыкінуў, што ўраджайнасць у гэтым годзе яго меншая, але пазней ад дацэнта кафедры земляробства Пятра Тарасенкі, які ў той час кіраваў студэнтамі на ўборцы рапсу, даведаўся што ўраджайнасць яго і ў гэтым годзе высокая – 36-37 ц/га.
З вопытнага поля пераязджаем на Гродзенскае племпрадпрыемства ў пасёлку Берагавым, вядучым супрацоўнікам якога з'яўляецца былы наш аспірант біятэхналагічнага факультэта Раман Трахімчык. Дарэчы, тут жа на падворку сустракаем і яшчэ двух выпускнікоў універсітэта, якія задзейнічаны на племпрадпрыемстве. А дацэнт ГДАУ Святлана Коршун распавяла аб навуковай працы, мэтай якой з'яўляецца павелічэнне працягласці гаспадарчага выкарыстання буйной рагатай жывёлы ў Беларусі.
Наступным аб'ектам з'яўляецца нядаўна пабудаваная Гродзенская ГЭС. Аказваецца, нашы супрацоўнікі вызначаюць уплыў розных мерапрыемстваў ГЭС на іх уплыў на колькасць рыбы ў Нёмане.
Наступнымі аб'ектамі наведвання камісіі з'яўляюцца наша навуковая лабараторыя і цэнт навуковага пчалярства, што знаходзяцца ў біятэхналагічным і ветэрынарным карпусах, біятэхналагічны цэнтр, які займаецца рэпрадукцыяй буйной рагатай жывёлы з высокай прадуктыўнасцю сучаснымі метадамі.
Наступны аб'ект - Гродзенскі стадыён, на якім нас сустракаюць галоўны аграном Пётр Ганчарэвіч і дацэнт ГДАУ Уладзімір Аляксееў. Дзякуючы супрацоўніцтву з ГДАУ травяны кілім стадыёна мае вышэйшую адзнаку міжнародных экспертаў.
І апошнім аб'ектам наведвання камісіі ў той дзень была фермерская гаспадарка "Зялёны гарызонт", дзе пад кіраўніцтвам дацэнта Уладзіміра Тарасенкі Юлія Каршакоўская, якую можна лічыць сапраўднай гаспадыняй гэтага аб'екта, праводзіць свае навуковыя даследаванні.
https://www.ggau.by/nowosti/2141-adzin-dzen-z-kamisiyaj-na-pryjomtsy-vopyta#sigProId023395c611