Невялікія дэлегацыі ад усіх навучальных устаноў Гродна і працоўных калектываў былі прадстаўлены на Свяце Незалежнасці 3 ліпеня. Упершыню рэктары і студэнты трох Гродзенскіх універсітэтаў ішлі ў калоне разам, іх віталі ветэраны і ганаровыя госці свята, якія ўжо да гэтага занялі свае месцы на плошчы Леніна.
На плошчы Тызенгаўза, на іншы бок гістарычнага архіву, размясцілі сваю выставу ваеннай тэхнікі і ўзбраення беларускія вайскоўцы. Найбольш цікаўнымі да гэтай выставы на свяце былі дзеці.
На першай частцы святочнай праграмы губернатар Уладзімір Краўцоў ўзнагародзіў букетамі кветак і дыпломамі лепшых працаўнікоў вобласці. Было заўважана, што сярод іх пераважалі тыя, хто так ці інакш звязаны з сельскай гаспадаркай. На свяце былі прадстаўнікі з Масквы і Бранска. Губернатар Бранскай вобласці Фёдар Касцючэнка ўручыў медалі "70 гадоў вызвалення Бранскай вобласці" траім ветэранам з Гродна, якія ўдзельнічалі ў баях за Бранск.
Пасля адбылося ўскладанне гірлянды памяці, вянкоў, кветак да помніка загінуўшым воінам у парку Жылібера, парад войск Гродзенскага гарнізона. Уладзімір Паўлавіч Верхась, які шмат гадоў працаваў у аграрным універсітэце і мае вялікія заслугі па ўвекавечанні подзвігу памежнікаў, кветкі да помніка ўсклаў разам са сваякамі, якія прыехалі да яго з Санкт-Пецярбургу.
Пасля афіцыйнай часткі Свята працягвалася на тэрыторыі парку ў выглядзе гульняў, выставы народных майстроў, у якіх можна было набыць сувеніры, гандлёвых кропак, у якіх продаж вялі дзяўчаты ў вайсковай форме. Вайскоўцы задарма выдавалі жадаючым гарбату, прыгатаваную ў палявых кухнях. На танцпляцоўцы іграў ваенны духавы аркестр, у якім спевакі-салісты змянялі адзін другога. Танцавалі як сталыя людзі, так і малыя дзеці.
Ад факультэта ветэрынарнай медыцыны побач з біятэхналагічым факультэтам быў размешчаны намёт, пад якім кожны мог з дапамогай мікраскопа паглядзець на мікраарганізмы, пазнаёміцца з праверкай на фальсіфікацыю мёду, прайсці УЗІ ўнутраных органаў. Ініцыятарамі такога знаёмства гродзенцаў з факультэтам былі дацэнт кафедры мікрабіялогіі і эпізааталогіі Мікалай Кузняцоў і дэкан факультэта Віктар Малашка, а ўдзельнікамі праграмы − магістранты, аспіранты і маладыя выкладчыкі факультэта.
https://www.ggau.by/nowosti/2111-dzen-nezalezhnastsi-belarusi-grodna#sigProId16a27cd05c