Выніковае паседжанне па канферэнцыі вырашана было правесці ва ўмовах кавярні, размешчанай у нядаўна адрэстаўраваным палацы для моладзі горада, якая атрымала назву "Галактыка". Тым больш, што праца секцый затрымлівалася, бо кожны з удзельнікаў пажадаў абавязкова выступіць.
Ну што ж, мне і самому ўпершыню давялося пабываць у гэтым палацы моладзі, які адчыніўся толькі ў гэтым годзе. За вячэрай кожны з гасцей змог выступіць і выказацца наконт як самой канферэнцыі, так і ўзнятых праблем, сказаць колькі слоў падзякі яе арганізатарам. Былі заказаны 4 дарожкі для боўлінга і госці ды і шэраг нашых навукоўцаў былі захопленыя гульнёй. Разыходзіліся засветла і таму для некалькіх гасцей горада была праведзена пешая экскурсія праз цэнтр старога гораду.
Працяг экскурсіі адбыўся на наступны дзень. Каля ўніверсітэту на некалькі хвілін адбылася сустрэча гасцей з рэктарам ГДАУ Вітольдам Песцісам. Пасля чаго накіраваліся да вуліцы Ажэшкі, праз парк і вуліцу Савецкую дайшлі да самай старажытнай у Беларусі Фарнай аптэкі, якая мае добры музей, адзіны ў рэспубліцы. Сустрэцца з гасцямі прыехаў сам дырэктар НПК "Біятэст" Мікалай Дарашкевіч. Размова працягвалася доўга, бо ўсе мелі агульную цікавасць да лекавых раслін і пашырэння іх выкарыстання ў сучасных умовах.
На тэрыторыі Старога Замку нас застаў дождж. Хаваліся і ў сярэдзіне, і пад дахам ўязных варот. Калі дождж спыняўся, рухаліся далей. Аказалася, што паесці ў горадзе напярэдадні выхадных дзён практычна немагчыма. Усе месцы замоўленыя для правядзення вяселляў. І толькі Яўген Сварабовіч, наш студэнт, з якім мы выпадкова спаткаліся на прыпынку ля тэатра лялек, параіў зайсці ў нейкую палатку ў парку Жылібера. Упершыню гасцей канферэнцыі мы пасялілі ў інтэрнаце № 5, прызначаным для слухачоў падвышэння кваліфікацыі. Лепшыя нумары ў інтэрнаце № 7 былі аддадзеныя ўдзельнікам дзесятага фестывалю нацыянальных культур, які праходзіў у Гродна з 6 да 8 чэрвеня.
Не ўсе ўдзельнікі канферэнцыі пабывалі на імпрэзах фестывалю. Хтосьці загадзя меў білеты на зваротны шлях, але тыя, хто захапіў яго частку, атрымалі добрыя ўражанні, набылі сувеніры для сваіх родных. Зараз, калі ўжо ўсе госці даехалі да хаты, мы абменьваемся інфармацыяй у самых розных сацыяльных сетках: ўкантакце, аднакласніках, на фэйсбуку. Трэба спадзявацца, што праз год, ці два, мы зноў спаткаемся ўжо на II-й Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай лекавым раслінам у Гродна.
https://www.ggau.by/nowosti/2078-kulturnaya-pragrama-dlya-gastsej-kanferentsyi-pa-lekavykh-travakh#sigProId35f2ea3903