Традыцыйна гэтая канферэнцыя праходзіць пад назвай "Сучасныя тэхналогіі сельскагаспадарчай вытворчасці" і ахоплівае эканамічныя, бухгалтарскія, сацыяльна-гуманітарныя навукі, заатэхнію, ветэрынарную медыцыну, тэхналогіі захоўвання і перапрацоўкі жывёльнай і расліннай прадукцыі. Удзельнікі канферэнцыі ўжо падчас яе атрымалі зборнікі матэрыялаў.
У канферэнцыі непасрэдна прынялі ўдзел як прадстаўнікі навуковых накірункаў з Беларусі, так і госці з Польшчы (секцыя заатэхніі), з Украіны (тэхналагічная). Першай наведаў секцыю "Эканоміка і арганізацыя вытворчасці ў АПК", якую ўзначальваў дэкан эканамічнага факультэта Іосіф Іосіфавіч Дзегцярэвіч. Як заўсёды, секцыя заатэхніі працавала ў малой канферэнцыйнай зале. Падчас яе працы выступілі 7 навукоўцаў з Вармінска-Мазурскага аграрнага ўніверсітэта (г.Ольштын), 2 – з Варшаўскага ўніверсітэта натуральных навук, а таксама з РУП "Вопытная навуковая станцыя па птушкагадоўлі" (Заслаўль) і РУП "НПЦ па жывёлагадоўлі НАН Беларусі (г.Жодзіна).
Наступнай секцыяй была секцыя "Бухгалтарскага ўліку", дзе якраз рабіла выступ загадчык кафедры бухгалтарскага ўліку і кантролю ў АПК Святлана Юр'еўна Шчэрбацюк, і апошняй секцыяй, на якую давялося патрапіць была тэхналагічная, на якой прысутнічаў прадстаўнік Нацыянальнага ўніверсітэта харчовых тэхналогій (г.Кіеў) Олексій Губеня. З РУП "НПЦ па харчаванні" (Мінск) выступіла з дакладам Алена Міхайлаўна Маргунова, з інстытута РУП "Інстытут мяса-малочнай прамысловасці" – Людміла Леанідаўна Багданава і Таццяна Вадзімаўна Корзун. Сярод гасцей былі і прадстаўнікі БГАТУ (г.Мінск) Ганна Торган, і аспірант Сяргей Зелянка.
Вельмі прыемнай была выстава вырабаў, якія прыгатавалі самі студэнты інжынерна-тэхналагічнага факультэта. Тут была і выпечка, упакаваная ў посуд, які быў таксама выраблены шляхам награвання ў печы, і яго можна было з'есці. Мясныя вырабы, уключаючы і каўбасы, якія нічым не адрозніваліся ад тых, якія прыходзіцца набываць у крамах, хіба што з асобнымі дадаткамі, якія прыдумалі будучыя тэхнолагі. Будучыя тэхнолагі ў галіне малочнай прамысловасці прадставілі і свае прадукты.
Пасля завяршэння канферэнцыі для тых, хто аказаўся ў Гродна ўпершыню была зроблена невялікая экскурсія па горадзе. Размова па пытаннях, закранутых на тэхналагічнай секцыі, працягвалася падчас сяброўскай вячэры ў сталовай ўніверсітэта. Тут жа гасцям былі ўручаны і сертыфікаты ўдзельнікаў канферэнцыі.
https://www.ggau.by/nowosti/2026-16-maya-adbylasya-xvii-mizhnarodnaya-navukova-praktychnaya-kanferentsyya#sigProId9626e6c24b