На факультэт адносіў экзаменацыйную ведамасць студэнтаў завочнага аддзялення ІТФ. Спаткаліся выкладчыкі факультэта Жана Кашак і Алена Мініна, якія запрасілі наведаць іх аўдыторыю, дзе ў гэты час некалькі дыпломнікаў займаліся выпяканнем розных хлеба-булкавых вырабаў.
Ды не проста выпякалі, а з рознымі дадаткамі. Напрыклад, дадатак, які я палічыў за чарназём, аказаўся насамрэч змельчанай чарнаплоднай ароніяй, якую дадавалі ў макаронныя вырабы. Кожны займаўся сваёй справай. Алена Капач выпякала булачкі з дабаўленнем цыкорыю, Вольга Міхальская – пшанічны хлеб на спіртовай бардзе, Таццяна Фурса сушыла ў печы макаронныя вырабы, некалькі студэнтак вызначалі кіслотнасць цеста, малолі шыпшыну для дабаўлення ў макаронныя вырабы з цвёрдай пшаніцы беларускай селекцыі. Язэпчык Ігар у гэты час аналізаваў макаронныя вырабы, атрыманыя з дабаўленнем кукурузнай мукі.
Ды хто ж тут раскажа ўсе сакрэты? Выкладчык факультэта Ала Пакрашынская вызначала на нейкім прыборы лік падзення мукі, нейкае зерне малолі для вызначэння яе вільготнасці. Праца кіпела, я рабіў фотаздымкі, і нарэшце мяне пачаставалі кавалкам булкі, атрыманай з дабаўленнем спіртовай барды. Па смаку – нічога, асабліва, калі час набліжаўся ўжо да абеду. Я папрасіў, каб паведамілі, калі будзе адбывацца абарона дыпломных прац гэтых пяцікурснікаў: наведаюся. А яшчэ, магчыма, адбудзецца выстава падобных прац студэнтаў падчас навуковай канферэнцыі, як у мінулым годзе.
https://www.ggau.by/nowosti/2004-u-gastsyakh-u-nashykh-khlebapjoka-na-inzhynerna-tekhnalagichnym-fakultetse#sigProId10e0b8671a