22 сакавіка перад калектывам аграрнага ўніверсітэта выступілі артысты аднаго з лепшых калектываў Беларусі – ансамбля "Белыя росы". Гэты калектыў быў створаны як філарманічны яшчэ ў 1987 годзе на базе народнага ансамбля танца "Раніца", якім доўгія гады кіраваў Яўген Штоп.
Не магу не прызнаць, што ансамбль "Раніца" быў і ў тыя часы найлепшым танцавальным калектывам, з якім можна было параўнаць хіба што народныя ансамблі танца "Радасць" з Брэста і "Палессе" з Пінска, з якімі мы сустракаліся разам на адной сцэне ў Беларусі ці па чарзе прадстаўлялі нашу краіну на розных форумах у Маскве. Добра запамятаў той дзень, калі адбываўся конкурсны адбор у "Белыя росы", у якім удзельнічалі танцоры з некалькіх рэспублік – Расіі, Украіны, Літвы і невялікая колькасць з Беларусі.
За 26 гадоў існавання калектыву на іх канцэртах давялося прысутнічаць разоў пяць, і кожны раз былі аб іх выступленні самыя найлепшыя ўражанні. Калектыў годна прадстаўляў і прадстаўляе Беларусь у розных краінах свету, аб чым і распавяла мастацкі кіраўнік "Белых росаў" Вера Чычына, якая выступала вядучай і на гэтым канцэрце, на які былі запрошаны ўсе ветэраны ўніверсітэта. Таму, калі Вера Іванаўна спытала, хто прысутнічаў на канцэртах ансамблю раней, узняўся лес рук.
Пасля першай – беларускай – часткі канцэрту, гледачы пазнаёміліся з танцамі іншых народаў. На канцэрце былі прадстаўлены рускі, грузінскі, цыганскі танцы. З асаблівай цеплынёй былі прыгаданы паездкі калектыву па суседняй Украіне, дзе магчыма не засталося ні аднаго горада, у якім не выступалі бы "Белыя росы". І паўсюдна іх аднолькава добра сустракалі. Нейкі знакаміты ўкраінскі харэограф паставіў для гарадзенскага калектыву ўкраінскі "Гапак", які пад буйныя апладысменты выканалі артысты. Перад выступам Вера Чычына выказала сваё пажаданне, каб на Украіне хутчэй усё наладзілася.
Падзякаваць артыстаў за выступ перад калектывам і ветэранамі на сцэну падняўся рэктар Вітольд Казіміравіч Песціс, які выказаў агульную думку аб тым, што для ўсіх прысутных госці зрабілі сапраўднае свята. Вітольд Казіміравіч паабяцаў да 65-х угодкаў універсітэта пашырыць сцэну і запрасіць на юбілей менавіта "Белыя росы".
https://www.ggau.by/nowosti/1979-ansambl-pesni-muzyki-i-tantsa-belyya-rosy-chargovy-raz-vystupi-u-gdau#sigProIdab59bdbeb6