У гэты дзень адбыліся паседжанні двух секцый – аграноміі і аховы раслін. Агранамічная секцыя працавала ў 9-й лекцыйнай зале, якая была цалкам запоўнена выступоўцамі, выкладчыкамі, якія прыйшлі падтрымаць сваіх дыпломнікаў, і студэнтамі старэйшых курсаў, якія рыхтуюцца паехаць на вытворчую практыку. Таму пасля заканчэння асноўнага мерапрыемства дэкан агранамічнага факультэту Алег Кажанеўскі правёў інструктаж па тэхніцы бяспекі і агучыў асноўныя правілы праходжання практыкі.
Выступы былі цікавымі, таму выклікалі шмат пытанняў як з боку выкладчыкаў, так і самых студэнтаў. Усе выступаючыя атрымалі сертыфікаты як удзельнікі канферэнцыі. Некалькі дакладаў былі звязаныя з азімай пшаніцай – вынікамі гібрыдызацыі і вытворчых выпрабаванняў гатовых гатункаў мяккай азімай пшаніцы, уплывам умоў вырошчвання на структуру і якасць яе зерня. Прысутныя пазнаёміліся з вопытамі, якія праводзіліся на дурніцах («голубика»), грэчцы, аднагадовых травах, кмене, цукровых бураках.
Каб вызначыць студэнтаў-пераможцаў, узнагародай для якіх з'яўляецца не толькі грамата за пэўнае месца, але і некалькі мінімальных заробкаў, была створана камісія, у якую ўвайшлі 10 студэнтаў і кіраўнік секцыі Андрэй Рэгілевіч. Камісія працавала дастаткова доўга ў калідоры, пакуль ацэньваліся лепшыя даклады. Пры гэтым улічвалася, наколькі самастойна яны рыхтаваліся выступоўцамі і наколькі добра тыя трымаліся пры выступе і адказах на пытанні. У сваім выступе дэкан агранамічнага факультэту адзначыў, што ўсе даклады былі вартыя ўвагі і што пасля такога выпрабавання студэнтам лягчэй будзе трымацца перад дзяржаўнай камісіяй на абароне дыпломных прац, ды і дадатковыя балы не пашкодзяць пры размеркаванні на працу.
І вось ад імя камісіі Андрэй Рэгілевіч называе пераможцаў: I-е месца заняў Сяргей Юшкевіч, II-е – Антон Абуховіч, III-е падзялілі між сабой Аксана Мірашнічэнка і Раман Дударук. Грамату атрымаў і самы актыўны студэнт, які найбольш актыўна задаваў пытанні дакладчыкам – Яўген Шыдло.
https://www.ggau.by/nowosti/1975-13-sakavika-adby-sya-pershy-etap-studentskikh-navukova-praktychnykh-kanferentsyj#sigProId6e2ffe6a64