Уручэнне дыпломаў выпускнікам, якія закончылі завочнае навучанне і атрымалі розныя спецыяльнасці, працягваецца ўжо больш за месяц. У гэтым годзе адбыўся другі выпуск урачоў ветэрынарнай медыцыны, якія спачатку навучаліся ў розных тэхнікумах, працавалі каля 10 гадоў па спецыяльнасці і на працягу 6 гадоў атрымоўвалі вышэйшую адукацыю на ФВМ нашага ўніверсітэта.
Дзякуючы фортачцы паміж заняткамі, патрапіў на ўручэнне дыпломаў тым студэнтам-выпускнікам, з якімі сустракаліся на працягу ўсёй іх вучобы, бо на кафедры яны праходзілі заалогію, ветэрынарную мікрабіялогію, вірусалогію і іншыя неабходныя для спецыяльнасці ветэрынарнага ўрача прадметы. На сцэну актавай залы ў прэзідыум падымаюцца дэкан факультэта Віктар Малашка і яго намеснік Аляксандр Вількевіч, рэктар ўніверсітэта Вітольд Песціс, старшыня дзяржаўнай камісіі па абароне дыпломных прац Мікалай Толкач.
Як звычайна бывае ў такіх выпадках, гучаць прамовы як ад членаў прэзідыума, так і ад выпускнікоў. На сцэну запрашаюцца прадстаўнікі кафедраў ФВМ, якім уручаюцца навагоднія сувеніры. Для кожнай кафедры студэнтамі факультэта выконваюцца канцэртныя нумары. На працягу ўсёй урачыстасці гучаць навагоднія віншаванні для выпускнікоў, а таксама для тых, хто яшчэ працягвае вучобу і выкладчыкаў. У завяршэнне рэктар ГДАУ Вітольд Казіміравіч Песціс уручыў дыпломы, а дэкан факультэта – ганаровыя граматы выдатнікам вучобы. Дыпломы атрымалі 43 спецыялісты, якія працягваюць працу па ахове здароўя жывёлы, а значыць, і нашага таксама.
https://www.ggau.by/nowosti/1911-drugi-vypusk-uracho-veterynarnaj-medytsyny-zavochnaj-formy-navuchannya#sigProId6b6fedf93f