Традыцыйная для нашых студэнтаў практыка ў Германіі будзе праходзіць з 6 чэрвеня да 4 лістапада 2014 года. 13 снежня прадстаўнікамі APOLLO праводзіўся адбор студэнтаў, якія могуць трапіць на гэтую практыку.
Сярод канкурсантаў студэнты агранамічнага, біятэхналагічнага факультэтаў і факультэта аховы раслін. З прадстаўнікоў APOLLO прысутнічалі Марыя Клаўдзіс (Maria Klaudies) і Хрысціна Берчы (Christina Bertschi). Разам з імі прыехаў і адзін з нямецкіх фермераў – Лотер Мюллер.
APOLLO – гэта Асацыяцыя па супрацоўніцтве ў галіне сельскай гаспадаркі, экалогіі і развіцця вёскі ва Ўсходняй Еўропе. Практыка праходзіць ў сельскагаспадарчых прадпрыемствах Федэратыўнай Рэспублікі Германіі. Для практыкантаў праводзяцца семінары, азнаямленчыя экскурсіі па спецыяльнасці. Вядома ж, практыканты павінны мець вадзіцельскія правы, ведаць нямецкую мову. Крыху пазней ва ўніверсітэт прыедуць выкладчыкі з Германіі, якія дапамогуць нашым студэнтам падняць узровень валодання мовай.
У мінулым годзе адзін са студэнтаў БТФ Кірыл Кароль, які ў школе вывучаў англійскую мову, змог на такіх занятках засвоіць нямецкую, пабываў на практыцы і, здаецца, ў наступным годзе плануе зноў туды патрапіць. Асабіста мне нават шкада, бо мы з ім планавалі напісаць конкурсную студэнцкую працу на аснове нашых навуковых даследаванняў, хаця пры яго працавітасці можна будзе працу падрыхтаваць датэрмінова.
https://www.ggau.by/nowosti/1900-adbor-studenta-dlya-praktyki-z-apollo-germanii#sigProId6af85312d3