13 снежня адбылася сустрэча выпускнікоў агранамічнага факультэта 1993 года. Двое з гэтых выпускнікоў маюць навуковыя ступені і працуюць у нашым універсітэце. Сяргей Іосіфавіч Будай выкладае тэхналогію захоўвання расліннай прадукцыі на інжынерна-тэхналагічным факультэце, Аксана Анатольеўна Белавус узначальвае навукова-даследчую лабараторыю ўніверсітэта.
Кім працуюць астатнія іх аднакурснікі, даведацца мне не давялося, бо афіцыйная частка сустрэчы была арыгінальнай. Адзінае, што я зразумеў з асобных рэплік, што атрыманыя веды многім у жыцці спатрэбіліся. На сустрэчу былі запрошаны выкладчыкі – Алена Браніславаўна Карпач, Іван Іосіфавіч Мікановіч, Аляксандр Аляксандравіч Дудук і Леанід Уладзіміравіч Жучко, якія былі ў той час куратарамі ці займалі важныя пасады. Загадзя былі падрыхтаваны білеты, якія па чарзе выцягвалі, а пасля без папярэдняй падрыхтоўкі адказвалі на некалькі пытанняў былыя выкладчыкі. Мала таго, былыя студэнты яшчэ і задавалі дадатковыя пытанні, на якія госці таксама шчыра адказвалі. Аказалася, што ў памяці выкладчыкаў захаваліся цікавыя моманты з жыцця і вучобы студэнтаў гэтага выпуска, паслухаць пра якія было цікава і старонняму чалавеку. На памяць кожнаму з запрошаных выпускнікі ўручылі невялікія сувеніры.
https://www.ggau.by/nowosti/1899-sustrecha-vypuskniko-agranamichnaga-fakulteta-1993-goda#sigProId7bbb64b41f