Дэлегацыя ў складзе 4 асоб з Люблінскага ваяводства прыехала ў Гродна 7 ліпеня і ў той жа дзень разам з прадстаўнікамі ГДАУ наведала Гарадзенскі маёнтак "Каробчыцы". Сустрэча з адміністрацыяй адбылася 8 ліпеня ў працоўным пакоі рэктара ўніверсітэта. Размова аб будучым супрацоўніцтве вялася на працягу гадзіны.
Падчас сустрэчы былі абмеркаваны пытанні сумесных навуковых даследаванняў, студэнцкіх абменаў у галіне вучобы, спорту, мастацкай самадзейнасці і практык, узаемных стажыровак польскіх і нашых выкладчыкаў, удзелу ў навуковых канферэнцыях. З боку нашага ўніверсітэта ў размове прынялі ўдзел рэктар Вітольд Песціс, першы прарэктар Аляксандр Дудук, прарэктар па павышэнні кваліфікацыі Аляксандр Тарас і дэкан біятэхналагічнага факультэта Яўген Добрук.
Што ж з сябе ўяўляе Państwowa Wyższa Szkoła Zawodowa w Chełmie? У яе складзе 5 інстытутаў: інстытут сельскагаспадарчых навук, інстытут матэматыкі і інфарматыкі, інстытут тэхнічных навук і авіацыі, інстытут неафілалогіі і інстытут гуманітарных навук. Узначальвае PWSZ у Хелме, якая распачала сваю працу ў 2001 годзе, рэктар Юзэф Заяц. У складзе дэлегацыі былі прарэктар па вучэбнай працы Беата Фалда, дырэктар інстытута сельскагаспадарчых навук, прафесар Раман Дзедзіц, загадчык аддзелу па міжнародных сувязях Зыгмунд Гардзінскі і начальнік аддзела кадраў Рафал Корнас. Дарэчы, інстытут сельскагаспадарчых навук рыхтуе спецыялістаў па такіх спецыяльнасцях, як аграбізнэс, агратурызм, экалагічнае земляробства, таваразнаўства сельскагаспадарчых прадуктаў і сыравіны, механізацыя сельскай гаспадаркі.
Для гасцей была праведзена двухгадзінная экскурсія па Гродна, падчас якой мы пабывалі ў былой паляўнічай хатцы апошняга польскага караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, якая зараз у стане рамонту. Пасля гэтага пазнаёміліся з забудовай раёна Гараднічанкі тых часоў, прагуляліся па даліне Юрысдыкі, вуліцам Савецкай і Замкавай, па мураванай сцяне Старога Замку, наведалі старажытную аптэку і Фарны касцёл. Нягледзячы на выхадны дзень у Музеі гісторыі рэлігіі, яго дырэктар Людміла Карнілава не толькі адчыніла ўваход, але і пазнаёміла з залай, у якой адбываюцца канцэрты старажытнай музыкі. Прыемна тое, што наш горад калегам з польскага г.Хелме спадабаўся не толькі архітэктурай, але і чысцінёй.
Пасля абеду ва ўніверсітэцкай сталовай госці наведалі СВК "Прагрэс-Верцялішкі", дзе адбылося знаёмства з буйнейшым у Еўропе сучасным малочнатаварным комплексам з даеннем кароў пры дапамозе робатаў, конефермай, палеткамі гаспадаркі. У СВК "Азёры" прадстаўнікі PWSZ у Хелме пазнаёміліся з жывёлагадоўчымі аб'ектамі і праграмай развядзення зуброў на тэрыторыі гаспадаркі.
https://www.ggau.by/nowosti/1814-gdau-navedali-pradsta-niki-vyshejshaj-dzyarzha-naj-prafesijnaj-shkoly-khelme#sigProId2eb5da2ea4