Па традыцыі выпускнікі кожнага з факультэтаў за месяц да атрымання дыпломаў праводзяць капуснік, які прывязваецца да апошняга дня вучобы. Наперадзе застаюцца толькі дзяржаўныя экзамены і абарона дыпломных прац. У гэтым годзе апошні званок для 54 маладых ветурачоў прагучаў 6 чэрвеня.
На сцэне выступаюць прарэктар па вучэбнай працы, дэкан факультэта, выкладчыкі і нават былы выпускнік ФВМ Сяргей Краўцэвіч, які працуе галоўным ветурачом у СВК "Прагрэс-Верцялішкі". Выпускнікі ўзнагароджваюцца памятнымі стужкамі выдатніка вучобы, лепшага спарцмена ці грамадскага актывіста. Ад выпускнікоў дэкан Віктар Малашка атрымоўвае хлеб-соль, сімвалічны ключ ад ведаў, які калісьці 1 верасня быў уручаны першакурснікам на ўрачыстай лінейцы. Выкладчыкі факультэта атрымоўваюць букеты кветак, а новыя першакурснікі – стары студэнцкі халат, які, як падалося, быў не такі ўжо і стары, як у іншыя гады.
Пасля развітальнага танца на сцэну выходзяць мастацкія таланты факультэта з песнямі, танцамі, жартамі. Вядучыя выкладчыкі атрымоўваюць прыз у выглядзе "залатога вымечка", а таксама шыкоўныя торты.
https://www.ggau.by/nowosti/1807-kapusnik-vypuskniko-fakulteta-veterynarnaj-medytsyny#sigProId12cdecc007