6 мая каля Кірхі гродзенскія краязнаўцы, якія займаюцца пытаннямі развіцця адукацыі ў Гродна на пачатку ХХ стагоддзя – Наталля Канюк і Галіна Белабокая – сустрэліся з госцем з Масквы, праўнукам дырэктара Рэальнага вучылішча імя цэсарэвіча Аляксея – Аляксандрам Георгіевічам Лідэрсам. 5 каляндарыкаў з выявамі Рэальнага вучылішча ў розныя годы, якія былі замоўлены да 100-годдзя пабудовы будынка нашага біятэхналагічнага факультэта Аляксандрам у Санкт-Пецярбургу, не трапілі ў Маскву да яго ад'езду ў Гродна, і мы атрымалі толькі каляндарыкі, якія выпускаліся ў Маскве.
Нягледзячы на тое, што наш госць у Гродна ўжо трэці раз, распачалася экскурсія, пад час якой я даведваўся пра новыя факты: хто і які дом пабудаваў, на якім месцы стаяў першы гродзенскі кінатэатр (аказваецца, побач з шахматна-шашачным клубам, будынак якога мае пэўныя адзнакі нямецкай архітэктуры), прыгадалі і дзве гарадскія лазні, пра якія зараз ужо мала хто і ўзгадвае. Падчас вандроўкі па горадзе здагадваліся, куды мог падзецца тэлескоп з абсерваторыі Рэальнага вучылішча, кошт якога ў нямецкіх марках і завадскі нумар адшукала ў архіве Наталля Рыгораўна Канюк. Хутчэй за ўсё яго вывезлі ў Смаленск ці ў Калугу, дзе магчыма Уладзімір Арэставіч Лідэрс яго мог і прадаць, каб утрымаць сям'ю.
Аляксандр падзяліўся сваімі знаходкамі ў Севастопалі, дзе, аказваецца, існуе праспект Лідэрса, які камандаваў Паўднёвым фронтам падчас Крымскай вайны 1853-1856 гадоў. Не хацелася бы думаць, што ён прымаў удзел у падаўленні паўстання 1863-1864 г.г. Госць дзівіўся, што ў Гродна ўжо зацвілі сады і на гэты раз экскурсія была накіраваная ў так званы Новы Свет, дзе пакуль яшчэ захавалася драўляная забудова горада даваенных часоў. Было позна, і мы заглянулі на вячэру ў кавярню "Архідэя", дзе частаваў ўсіх госць з Масквы.
А 5 чэрвеня мы ўсё ж атрымалі каляндарыкі са старымі і сучаснымі выявамі будынка былога Рэальнага вучылішча, што з'явілася нагодай для чарговага спаткання краязнаўцаў.
https://www.ggau.by/nowosti/1762-alyaksandr-liders-na-pachatku-maya-zno-naveda-grodna#sigProId80251214aa