Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя праходзіла ў ГДАУ 4-6 лістапада. Арганізатарамі яе былі факультэт ветэрынарнай медыцыны Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта і кампанія “Інфа-Агра”. У канферэнцыі прымалі ўдзел 25 кампаній, якія прадстаўлялі сваю прадукцыю: кармы, кармавыя дабаўкі, прылады для дыягностыкі, даільнае абсталяванне, сродкі дагляду за жывёлай, ветэрынарныя прэпараты, сродкі для дэзінфекцыі і гігіены.
Удзельнікамі канферэнцыі былі прадстаўнікі Беларусі, Украіны, Расіі, Галандыі, Італіі і Германіі. У рамках пленарных паседжанняў было праслухана 45 выступаў, адбылося 14 семінараў. Семінары адбываліся адначасова ў двух залах і наведванне іх можна было свабодна выбіраць. Удзел у канферэнцыі прынялі прадстаўнікі больш чым 90 гаспадарак з усёй тэрыторыі Беларусі. Генеральным інфармацыйным партнёрам канферэнцыі выступіў часопіс “Наша сельская гаспадарка” (Наше сельское хозяйство) на чале з галоўным рэдактарам Уладзімірам Уладзіміравічам Ісаенка.
На працягу канферэнцыі дзейнічала выстава з 16 стэндаў, на якіх кампаніі размясцілі сваю прадукцыю і актыўна праводзілі кансультацыі для ўсіх зацікаўленых. У выступах на канферэнцыі асвятляліся пытанні асаблівасцяў кармлення высокаўдойных кароў, вырошчвання маладняку для ўзнаўлення статку, прымянення кармавых дабавак з мэтай павелічэння ўдояў і якасці малака, паляпшэння яго санітарна-гігіенічных уласцівасцяў. Частка выступаў была прысвечана новым даільным робатам і раздзельнай сістэме даення кожнай долі вымя, апаратнай дыягностыцы субклінічных і клінічных мастытаў. Па матэрыялах канферэнцыі будзе выдадзены зборнік з выступамі ўдзельнікаў.
У працы канферэнцыі прынялі актыўны ўдзел вучоныя ГДАУ - Віктар Віктаравіч Малашка, Аляксандр Уладзіміравіч Глаз, Дзмітрый Аляксеявіч Грыгор’еў, Мікалай Аляксеявіч Кузняцоў, Андрэй Віктаравіч Башура. У арганізацыі і правядзенні канферэнцыі былі задзейнічаны студэнты, магістранты і аспіранты факультэта ветэрынарнай медыцыны.
https://www.ggau.by/nowosti/1572-mizhnarodnaya-navukova-praktychnaya-kanferentsyya-mastyty-dyyagnostyka-lyachenne-i-yakasts-malaka#sigProId27fc4395b0