“Здароўе народа - багацце краіны” - гэта назва круглага стала, які праводзіўся 10 красавіка ў канферэнцзале ГДАУ абласной арганізацыяй РГА “Белая Русь”
“Круглы стол” быў накіраваны на падтрымку ініцыятывы Прэзідэнта РБ А.Р.Лукашэнкі аб’явіць 2008 год - годам здароўя. Сябры абласной арганізацыі “Белай Русі” вырашылі абмеркаваць прыярытэтныя накірункі сацыяльнай палітыкі дзяржавы, такія - як усебаковае гарманічнае развіццё чалавека, фарміраванне эфектыўнай сістэмы аховы здароўя, развіццё фізкультуры і спорту, здаровага ладу жыцця. Для ўдзелу ў круглым стале былі запрошаны спецыялісты па кожным з разглядаемых пытанняў.
На зададзеныя рэктарам ГДАУ Вітольдам Казіміравічам Песцісам, які быў вядучым, пытанні па праблемах, якія стаяць у галіне аховы здароўя вобласці, аб укараненні перадавых медыцынскіх тэхналогій, аб рэструктарызацыі сістэмы аказання медыцынскай дапамогі з пераразмеркаваннем рэсурсаў са стацыянарнай формы на амбулаторна-паліклінічную, аб тым, як ідзе пашырэнне дасягальнасці для насельніцтва высокакваліфікаванай дапамогі, адказваў галоўны ўрач абласной клінічнай бальніцы Святаслаў Эдуардавіч Савіцкі.
Паколькі здароўе ў немалой ступені залежыць ад стану экалогіі не без пытанняў засталася і галоўны спецыяліст камітэта прыродных рэсурсаў Шарыпава Людміла Ўладзіміраўна. Прысутных цікавілі пытанні таго, у якім стане знаходзіцца экалагічная сітуацыя ў рэгіёнах вобласці і што робіцца для абязшкоджвання шкодных рэчываў на буйных прадпрыемствах Гродна, такіх як “Азот” і “Хімвалакно”, КБМ і інш. А як абстаяць справы з кантролем за якасцю харчовай і прамысловай прадукцыі, прысутныя цікавіліся ў галоўнага ўрача абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага харчавання Мікалая Канстанцінавіча Кендыша.
Па стану развіцця ў рэгіёне спартыўна-масавай працы быў заслуханы намеснік начальніка ўпраўлення аблвыканкама па фізічнай культуры, спорту і турызму А.Е.Андрэйчык, а па магчымасцях, якія складваюцца ў сферы духоўнага развіцця асобы - начальнік упраўлення культуры аблвыканкама А.Ч.Лойка.
У дыскусіі прынялі ўдзел таксама старшыня абкама прафсаюзаў І.І.Гайдукевіч, другі сакратар абкама БРСМ Гашко Л.М. і іншыя.