На сустрэчу 3 сакавіка 2012 года з аднакурснікамі, якія закончылі агранамічны факультэт 15 гадоў назад, з’явіліся 30 чалавек. Так сталася, што іх аднакурснік Алег Часлававіч Кажанеўскі, які раней загадваў кафедрай земляробства, зараз з’яўляецца дэканам факультэту. Ён і арганізаваў гэтую сустрэчу.
Усе чакалі прыходу першага прарэктара ГДАУ Аляксандра Аляксандравіча Дудука, які падчас іх вучобы быў дэканам агранамічнага факультэта. Аляксандр Аляксандравіч коратка праінфармаваў былых студэнтаў, якія змены адбыліся за час іх адсутнасці. А гэта адкрыццё новых факультэтаў, якіх тады не было: эканамічнага, бухгалтарскага, ветэрынарнай медыцыны і інжынерна-тэхналагічнага, абсталяванне кампутарамі новых аўдыторый, з’яўленне больш двухсот замежных студэнтаў. Прыгадалі разам, хто яшчэ застаўся працаваць з вядомых выкладчыкаў старэйшага пакалення на кафедрах факультэта і паглядзелі фільм пра ўніверсітэт, які быў зроблены да 60-х угодкаў ГДАУ. Некалькі слоў сказаў і Алег Кажанеўскі і на гэтым афіцыйная частка завяршылася. Госці прайшліся па паверхах галоўнага корпуса. Сярод іх старшыня СВК “Агра-мір” Бераставіцкага раёна Аляксандр Шыплюк, старшыня СВК “Негневiчы” у Навагрудскім раёне Юрый Куцко, галоўны аграном агракамбінату “Мір” Баранавіцкага раёна – Сяргей Папоў, загадчык зернескладам у ЗАТ “Гудзевiчы” – Андрэй Мазаль, фермер – Уладзімір Шаблінскі… Па традыцыі – некалькі фотаздымкаў.
https://www.ggau.by/nowosti/1342-sustrecha-vypuskniko-agranamichnaga-fakulteta-1996-goda-vypusku#sigProId72d14f4a9d