Зараз зоаінжынерны факультэт змяніў сваю назву на біятэхналагічны, але 20 гадоў назад ён называўся ЗІФам і тыя, хто прыехаў на сустрэчу 25 лютага 2012 года атрымалі па дыплому спецыяльнасць зоаінжынера. Тады выпуск іх складаў крыху больш за 160 маладых спецыялістаў. Колькі жыву, столькі і здзіўляюся таму, як годна выпускнікі факультэта ўладкаваліся ў жыцці.
Рэктар ГДАУ Вітольд Казіміравіч Песціс заканчваў таксама гэты факультэт на гадоў дваццаць раней за тых, хто сабраўся. Планавалася, што для большай утульнасці варта спаткацца ў аўдыторыі, разлічанай на 60 месцаў. Але людзі падыходзілі і падыходзілі і тады было вырашана перамясціцца ў вялікую залу. Госці ўніверсітэта запоўнілі анкеты, які будуць апрацаваны і захаваюцца ў музеі ГДАУ, выслухалі выступ рэктара, у якім ён павітаў былых выхаванцаў і адзначыў, што і сёння ўніверсітэт з’яўляецца лепшым у горадзе. Прысутныя паглядзелі фільм, які быў падрыхтаваны да 60-х угодкаў ГДАУ, якія адзначаліся ў мінулым годзе. Прыгадваю спатканні свайго курса праз 20, 30 гадоў. Збіраліся кожны раз каля 30 чалавек і кожны расказваў, чаго дасягнуў маючы спецыяльнасць агранома. Шчыра кажучы, і я спадзяваўся, што былыя студэнты падзеляцца перад аўдыторыяй нейкай інфармацыяй, але тады ім давялося бы патраціць на гэта яшчэ з якія дзве гадзіны. Таму, яны ўручылі некалькім прысутным выкладчыкам кветкі і адправіліся працягваць сустрэчу ў рэстаран “Беларусь”. Шмат выпускнікоў было на сваім транспарце, яны і захапілі з сабой іншых. Некалькі чалавек падвёз Вітольд Казіміравіч, чым яны пасля хваліліся. З выкладчыкаў на спатканні прысутнічалі прафесар Аляксандр Глаз і старшы выкладчык Людміла Фралова.
З асобнымі выпускнікамі і мне даводзілася сустракацца. Ці не 20 гадоў працуе начальнікам чыгуначнага вакзала, праз які штодня іду на працу, Аляксандр Сакалоўскі. Даводзілася сутыкацца ў 90-я гады з Іосіфам Кондакам, які працаваў тады ў падатковай інспекцыі. Дарэчы, нічога дрэннага пра яго, як пра іншых супрацоўнікаў гэтага ведамства, прыгадаць не магу. Адамчык Юрый працуе старшынёй Ашмянскага райвыканкама, Іляхіна (Воўчэк) Зоя – дырэктарам племстанцыі па Брэсцкаму раёну, Аляксандр Маркевіч – дырэктарам заказніка Ліпічанская пушча, Ірына Шылко (Догель) – вядучым заатэхнікам “Пагародна” , Аляксандр Гапонік – заатэхнікам у СВК “Азёры” , пчаляром у Шчучынскім пчалярстве працуе Аляксандр Гарошка, заатэхнікам-селекцыянерам у СВК “Капцёўка” – Марына Шульга, старшым дзяржаўным інспектарам Шчучынскай падатковай інспекцыі - Марына Мацюніна… Арганізатары сустрэчы працуюць ва ўніверсітэтах Алена Андруконіс – у медыцынскім, Люся Панасюк (Мілашэўская) – у агараным.
Вырашана было, што за сталамі ў рэстаране будуць сядзець па сваіх групах. Калі гэта сямейная пара, то кожны з іх ішоў да сваёй. У гэты вечар музыкам не было чаго рабіць - яны толькі ігралі, а салістамі былі Сяргей Шальпук - старшыня адной з гаспадарак Камянецкага раёна і Натан Пахіленка. Абодва хлопцы саліднай камплекцыі, яле ж практычна ўсе выдатнейшыя спевакі свету не худобіны. Многія хацелі бы пабачыць фотаздымкі з сустрэчы, таму прадстаўляем іх тут і ў альбоме.
https://www.ggau.by/nowosti/1325-sustrecha-praz-20-gadou-vypusknikou-zifa#sigProId977e298a81