Працяг вандроўкі беларусаў па Сярэдняй Азіі: Зміцер Веліч і Руслан Гарбачоў у Таджыкістане

Зміцер Веліч з тыповым жыхаром Таджыкістану

Пакінулі Кыргызстан за спіною і перасяклі таджыкскую мяжу. Пасля памежнікаў нас чакалі супрацоўнікі Агенства па кантролю за наркотыкамі пры прэзідэнце Рэспублікі Таджыкістан. Яны дэталёва аглядзелі ўсе рэчы. Затым запрасілі на лаву за вагончык. Адзін з супрацоўнікаў сеў насупраць, другі збоку.

– Дзе праходзілі падрыхтоўку?
– Што?
– Дзе праходзілі баявую падрыхтоўку?
– Ды мы студэнты, аўтаспынам вось вандру…
– Ага. Экстрэмалы. Нядаўна адзін з Санкт-Пецярбургу тут праходзіў, таксама казаў аўтаспынам вандруе. А месяц таму яго знайшлі ў гарах забітым з аўтаматам у руках. Прымкнуў да банды, што прыйшла з Афганістана.
– Ды вы што! У нас жа нічога такога з сабою няма.
– У таго таксама не было. А пасля далі аўтамат. Дзе апошні раз былі за мяжой?
– У Літве, – чамусці прызнаўся я.
– Ага. Прыбалтыка. І кепка ў цябе, як ў латышскага стралка. Каліцеся, хто з вас снайпер?
Тут мы зразумелі, што допыт скончаны. Бо задавалі пытанні нам ужо з усмешкай. Паверылі… Не толькі паверылі, але паколькі ўжо сцямнела, запрасілі на вячэру і ўладкавалі на начлег. Аднаму з мытнікаў прыйшлося вызваліць для нас свой пакой.

Толькі лічбы: 93% тэрыторыі Таджыкістана займаюць горы. Паўдні прастаялі ў чаканні хоць якой-небудзь пустой машыны. Сказваецца стомленасць, стан робіцца прыгнечаным. Сур’ёзна падумваю над тым, каб даць па пысе лепшаму сябру. Зміцер робіць намёк, што не супраць даць па пысе мне. Усё сканчаецца добра – да вечара ўсё ж дабіраемся да першага для нас райцэнтра ў Таджыкістане – Джыргітала. Выглядае ён вельмі нават неблага. Згодна шыльдзе цэнтр пасёлка быў адбудаваны на амерыканскія грошы. Трапіўшы ў мусульманскі буйны пасёлак, захацелася адчуць мясцовы каларыт. Зайшлі ў сталовую.
– У вас ёсць што папіць?
– Гарэлка, каньяк.
Расул, гаспадар «гасцініцы» (дома cа старымі ложкамі), начлег у якой каштуе 2 доллара з чалавека, скардзіцца: ваўкоў у нас шмат развялося, на сабак ужо кідаюцца. Пры Саюзе за забітага ваўка давалі 100 рублёў + барана. А цяпер нічога, бо і зброю мець жа забаронена. А Расул мог бы шмат карысці прынесці. Раней ён хадзіў на снежнага барса і бурага мядзведзя. А падчас грамадзянскай вайны (1992-93 г.г.) Расул быў камандзірам батальёна. Узгадвае: у Джыргітале сканцэнтравалася шмат уцекачоў. З Душанбэ прыехалі вайскоўцы і сказалі: яны могуць вяртацца дадому. А па дарозе забілі 150 мужчын.  Апавяданне на ноч. Год таму у суседнім з Джыргіталам раёне быў такі выпадак. Мужык пайшоў позна вечарам у госці. Ваўкоў у той мясцовасці таксама шмат, таму ён захапіў з сабою аўтамат (рэха вайны). Калі мужчына вяртаўся дадому, была ўжо ноч. Убачыў лісіцу. Узрадаваўся, забіў звера і цягне дадому. Ідзе далей – ваўкі. Раніцай чалавека найшлі загрызеным. У гасцях нехта пасквапіўся на яго дабро і скраў з абоймы ўсе патроны акрамя аднаго.

Кітайцы ўжо ў Таджыкістане. Як і ў суседнім Кыргызстане яны будуюць дарогу, якая тут у самым жудасным стане, які можна сабе ўявіць. Міліцыянеры, што пастаянна правяраюць у нас дакументы, хваляць нас, што прыехалі паглядзець іх краіну і пытаюцца: «Усё добра? Вас ніхто не крыўдзіў?». У райцэнтры Гарм як толькі мы выйшлі на дарогу ў бок Душанбэ, у нас праверылі дакументы. Затым супрацоўнікі МУС Рэспублікі Таджыкістан правялі спецаперацыю. Нас спачатку даставілі на пост ДАІ, а затым з дапамогай жэзла пасадзілі на машыну, якая ішла да самай сталіцы.

Многія таджыкі носяць бароды і маюць дзіўныя прычоскі, таму спачатку падаюцца вельмі страшнымі людзьмі. Але калі пачынаеш з імі размаўляць (натуральна, на рускай), разумееш, што яны нармальныя людзі. Старэйшае пакаленне прайшло праз савецкае войска, таму мы маем шмат агульных тэм для размоў. Многія альбо служылі з беларусамі, альбо служылі ў Беларусі: Брэсце, Віцебску і нават у Асіповічах, дзе я нарадзіўся. Калі перасоўваліся па Душанбэ на гарадскім аўтобусе, адчуў, што мой задні карман джынсаў аказаўся раскрытым. Аўтобус ехаў бітком, ззаду стаяў таджык у гарнітуры. Сумненняў не было: карманнік. Пачаў ўзгадваць, што ляжала ў кармане. Толькі папера з тэлефонамі. Крычаць не стаў: грошай ён не скраў, ды і не вядома чым мне абярнецца абвінавачванне – вакол жа адныя таджыкі. Гэтае адзінае злачынства, з якім мы сутыкнуліся за тыдзень праведзены ў Таджыкістане. Таджыкскае піва. No comments.

Як выйшлі з Душанбэ, натыкнуліся на пост ДАІ і супрацоўнікаў агенства па кантролю за наркотыкамі. Адзін з апошніх пасадзіў нас на лаву, паабяцаў падсадзіць да якога-небудзь камазіста і пачаў размову. «У нас, мусульман, усё жорстка. Вось пазбавіў дзяўчыну цнатлівасці, але не хочаш на ёй жаніцца. Дык яна заявіць у міліцыю, і табе дадуць 5 год. Таму ў нас усе баяцца. А ў вас што за гэта не садзяць?». «Мы, хоць краіна небагатая, але ў нас ёсць буйны бізнес. Наркабізнес. Вось зараз будзеце праязджаць па дарозе і ўбачыце віллы. Дык гэта ўсё на грошы ад наркотыкаў пабудавана. Тут жа людзі таксама хочуць жыць, вось і зарабляюць як могуць».СМС ад гэтага добрага чалавека насцігне нас ужо ва Узбекістане. Спачатку я не зразумею, хто гэта піша, але ён мне ўсё растлумачыць. Цытую: «Дима я с поста милтсонер шас ти каком городи братани». Хто не зразумеў, раблю пераклад: «Дзіма я, з паста міліцыянер. Зараз вы ў якім горадзе, сябры?».

Нас падсадзілі да кіроўцы КАМАЗа. З ім мы ехалі цэлы дзень. І цэлы дзень яго спынялі на кожным пасту ДАІ. Кіроўца выходзіў і ішоў з усімі вітацца за руку. Кожнаму трэба было адшпіліць грошай. Мы ўзгадалі: калі барацьбіт з наркотыкамі Дзіма вёў з намі размову, то не забываў свісцець праходзячым кіроўцам, што спыняліся на яго пасту – каб яны не забылі павітацца і з ім. Звычайная такса – 5 самомаў (трохі болей за доллар) на кожнага супрацоўніка ДАІ. А спыняюць яны на пасту літаральна ўсе машыны, жэзлам махаюць па чарзе – рука стамляецца. Кіроўца КАМАЗа, з якім мы ехалі, адзначыў: каб праехаць ад Душанбэ да Худжанта і назад (гэта амаль 700 км) на хабар сыходзіць 40 долараў. За дзень мы праехалі два перавалы (абодва – 3 370 м над узроўнем мора), прычым апошні, калі ўжо сцямнела. Кіроўца КАМАЗа пачуваў сябе ўпэўнена і спакойна, хоць, па-першае, «дарогу», па якой мы ехалі, дарогай назваць можна было з нацяжкай (адсутнасць нават грунта, суцэльныя яміны і пыл), а, па-другое, яна была такой вузкай, што калі мы разміналіся з сустрэчнымі грузавікамі, да края прорвы КАМАЗу заставалася менш за метр. Каб супакоіцца, мы вырашылі пацікавіцца.
– А часта грузавікі тут падаюць?
– Каля 100 машын за год. Зараз, на жаль, цёмна, а то б вы ўбачылі іх унізе, – адказаў са шкадаваннем у голасе кіроўца. – Ды гэта што – вось мінулай зімой тут недалёка пад лавінай за раз 60 чалавек загінула…Гэта нам ужо на мяжы з Узбекістанам расказалі, што мы ехалі па адным з самых небяспечных месцаў. Але нягледзячы ні на што, людзі працягваюць там ездзіць. Новы знаёмы растлумачыў на пальцах. Сем’і ў Таджыкістане вялікія – мінімум 5 дзяцей. Каб пракарміць такую сям’ю трэба на месяц 3 мяшкі мукі. Адзін мех каштуе 100 самомаў. Такім чынам за тры трэба заплаціць амаль 70 доллараў. А сярэдні заробак у Таджыкістане – 40 доллараў. Вось вам і адказ, чаму дальнабойшчыкі рызыкуюць сваімі жыццямі, а таджыкі масава едуць працаваць у Расію.

Пасля двух перавалаў душа дальнабоя патрабавала адпачынку. У прыдарожным кафэ ён замовіў гарэлку. Каб кіроўцы дасталося менш, мы пагадзіліся скласці кампанію. У выніку выпілі дзве бутэлькі на траіх. Мы падумалі: прыехалі. Кіроўца быў іншага меркавання. Праз 10 хвілін ён нечакана звярнуў з асноўнай дарогі. Наперадзе быў пост ДАІ – ён вырашыў яго аб’ехаць. Па горнай рацэ. У прынцыпе было весела. Заўтра нас чакала мяжа з Узбекістанам.  Таджык, які перавёз нас праз два перавалы, з радасцю падтрымаў кампанію «Будзьма беларусамі!»

Некалькі ілюстрацыі да запісаў пра вандроўку па Таджыкістану:





Матэрыял падрыхтаваны дацэнтам кафедры мікрабіялогіі і эпізааталогіі
Мікалаем Таранда e-mail:Адрес электронной почты защищен от спам-ботов. Для просмотра адреса в вашем браузере должен быть включен Javascript.

Русский Беларускі English Español Türkmen dili 格罗德诺国立农业大学
  • Республика Беларусь
    230008 г. Гродно ул.Терешковой, 28
  • Тел./Факс: +375 (152) 62-36-30
  • ggau@ggau.by