Наш выпускнік Аляксей Патапенка працуе ў краіне шчаслівых людзей - Гродненский государственный аграрный университет

Наш выпускнік Аляксей Патапенка працуе ў краіне шчаслівых людзей

Аляксей Патапенка на ферме, на якой працуе, з самцом норкі Наколькі памятаю Аляксея Патапенку, ён заўсёды быў прыхільнікам нейкага напрамку музыкі, хіба што,  цяжкага року. Такія студэнты звяртаюць на сябе ўвагу знешнім выглядам - сабранымі гумкай у пучок доўгія валасы, нейкія атрыбуты ў вопратцы... Падчас вучобы ён актыўна наведваўся на розныя цікавыя гарадскія мерапрыемствы. Калі  Ўкантакце ў адным з альбомаў я пазначаў знаёмых, адзначыў і Аляксея. І тут жа атрымаў каментарый: «Вы ж не мяне адзначылі, а майго брата Івана!». І вось Аляксей адгукнуўся на маю просьбу і даслаў  матэрыялы на сайт універсітэта,  нават на роднай мове.

Я нарадзіўся ў горадзе Масты, але ўсё сумленнае жыццё пражыў у Смаргоні. Там і скончыў школу, пасля якой вырашыў паступіць у Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсытэт. Чаму менавіта гэта ВНУ і менавіта зааінжынерны факультэт, пытанне якое і дагэтуль задаю сабе сам… Магчыма адчуваў недахоп ведаў дзеля паступлення ў медыцынскі ўніверсітэт, магчыма не хацелася адразу ў армію, а магчыма і бачыў сябе спецыялістам сельскай гаспадаркі. Зараз ужо і не памятаю. Але ўніверсытэт я скончыў даволі паспяхова, і нават быў запрошаны на працу ў БЕЛНДІЖ.

Але ж пераадолеўшы два пераразмеркаванні, апынуўся ў паселку Мір, кожнаму вядомым гістарычным мейсцы нашай краіны.  Аднак чароўнага смаку працы маладога спецыаліста селькай гаспадаркі я амаль не адчуў, бо размеркаванне сумясціў з апошнімі сесіямі ў Вышэйшай Школе Кіравання, і часткова замяніў на не менш чароўны водар беларускага войска.

Шкады  проста  закрэсліць пяць гадоў навучання па такой спецыяльнасці, - падумаў я і вырашыў паспрабаваць цяжкага сельскага хлеба дзе небудзь за мяжой. Так я апынуўся, з дапамогай праграммы фірмы AGRILIDA для студэнтаў і выпускнікоў сельскагаспадарчых ВНУ у Даніі, краіне, якая ў маім сэрцы застанецца на заўжды.

Працаваць мне пашчасціла на норкавай ферме ў маляўнічым мейсцы недзе ў цэнтры паўвострава Паўночны Юланд. Адразу па прыбыцці ў Данію я адчуў гасціннасць і ветлівасць жыхароў гэтай цудоўнай краіны, пра якую я прачытаў досыць інфармацыіі перад ад’ездам.

Акрамя мяне на ферме працавалі студэнты з Малдовы, Расіі, Украіны, а таксама сталыя працаўнікі з Летувы. Размясціліся мы ў  прыгожым, тыповым для Даніі, доме з чырвонай цэглы. Утульныя асобныя пакоі, душ, гасцінная са скуранымі канапамі, адным словам шыкоўнае жытло, асабліва ў параўнанні з умавамі жыцця пад час працы ў СВК.

Адразу ўразіла адказнае стаўленне гаспадара да працы і працаўнікоў. Галоўнае патрабаванне -  сумленнае выкананне  сваіх абавязкаў і працавітасць. Сам ён працаваў магчыма і болей за нас, а часам задзейнічваў сваю жонку і нават дзяцей.

Навогул, стандартны працоўны дзень у Даніі сямігадзінны, але ж, у залежнасці ад сезону працы ён можа падаўжацца нават да 11 гадзін, а за цэлы месяц  часам бывае толькі адзін выхадны.

Што бы ні казалі дэканы і прадстаўнікі AGRILIDA  у сваіх памятках, студэнт перш за ўсе едзе за мяжу за грашыма, а не за ростам прафесіяналізму. І вядома, тутэйшы заробак прыемна радуе вока, за выключэннем падаходнага падатку, які можа быць да 40 адсоткаў. Але, калі своечасова сабраць некаторыя дакумэнты, яго часткова магчыма звярнуць. Гэтыя падаткі ідуць на бясплатную, але вельмі  якасную медыцыну, навучанне і іншыя рэчы, якія робяць жыцце датчаніна даволі бесклапотным. Таксама падаткі ідуць на падтрымку ў цодоўным стане дарог, вандраваць па якіх адно задавальненне.

Акрамя  норкаў, наш “бос”  займаецца вырошчваннем збожжа, а таксама калядных ёлкаў. Гэта вельмі выгадны бізнэс, бо ёлкі прадаюцца ў розныя еўрапейскія краіны, а кошт адной каля 100 тысяч беларускіх рублеў.  Увогуле бізнэсу ў Даніі спрыяе вельмі цікавая сістэма крэдытаў  і падаткаў, а таксама звышлаяльныя адносіны да пачынаючых бізнэсмэнаў, бо галоўны дэвіз эканомікі краіны: дабрабыт грамадзян - гэта дабрабыт дзяржавы.

Норкавае футра прадаецца на адным з вялікшых аўкцыенаў у Еўропе, які праходзіць недалека ад Капенгагена, некалькі разоў у год. На яго з’язджаюцца прадстаўнікі футравага бізнэсу і пакупнікі футра з розных краін свету. Асабліва шмат набываюць кітайцы і расіяне (апошніх лёгка заўважыць па нятанных гарнітурах і вельмі прыгожых перакладчыцах).

Вельмі спадабалася мне стаўленне жыхароў Даніі да экалогіі і прыроды. Паўсюль шмат паркаў, лясоў і сквераў для адпачынку. Часам па дарозе можна ўбачыць розных дзікіх жывёлінаў. Уся брудная прамысловасць размяшчаецца далека за межамі гарадоў. Цікавыя меры супраць забруджвання асяроддзя поліэтыленывымі бутэлькамі (вельмі актуальная праблема для Беларусі). ПЭТ бутэлькі, як і бляшаныя банкі і шкляныя бутэлькі, можна здаць у краме , прычым кошт іх каля 2 тысяч беларускіх рублеў. А грошы тут лічыць умеюць.

Можна бясконца пісаць пра гэту краіну, пра звычкі яе жыхароў, пра старажытную культуру і іншыя дзівосы, але лепей усе гэта паглядзець і адчуць самому. Таму раю студэнтам ГДАУ адшукаць магчымасць і патрапіць сюды на працу. Гэта не толькі шанец зарабіць неблагія грошы і паўдзельнічаць у сучаснай сельскагаспадарчай вытворчасці, але і пазнаёміцца з краінай сапраўды шчаслівых людзей.

p.s. Летам, калі Аляксей быў на адпачынку ў Беларусі, мы разам ездзілі на святкавання 600-х угодкаў перамогі над крыжакамі пад Гунвальдам. Ад нашага ўніверсітэту мы тады былі ўдваіх і я набраўся нахабства напрасіцца да яго ў падсуседзі, г.зн. на пражыванне  ў намёт, бо цягацца там са сваім не было жадання. Хацелася бы каб і іншыя нашы выпускнікі, якія  працуюць у  сваёй роднай краіне, пісалі матэрыялы на сайт ГДАУ. А далей фотарэпартаж, атрыманы з Даніі, праз якую шмат нашых студэнтаў прайшлі практыку, а шмат  і знайшлі там сталую працу. Хаця з нашай адукацыяй яны пачуваюць сябе добра ў любых краінах. Адкрываю “Скайп” і адразу бачу сваіх у Лондане і Парыжы, Даніі і Швецыі…

Горад Рыбэ, ДаніяАдна з панарам РыбэТыповая дацкая вёска
Дзіця норкі, якіх гадуе ў Даніі выпускнік ЗІФаДарослая норкаНа футравым аўкцыёне
КапенгагенБаявыя ўмацаванні на беразе мораРоварны паркінг у Капенгагене
Вулічныя музыкі ў КапенгагенеКаралеўскі палац у сталіцы Даніі Капенгагенскі парк Тывал перад хэловенам
Паўночнае мораШатландскія каровыАляксей Патапенка на фоне яхтавага клубу

Матэрыял падрыхтаваны дацэнтам кафедры мікрабіялогіі і эпізааталогіі
Мікалаем Таранда e-mail:Адрес электронной почты защищен от спам-ботов. Для просмотра адреса в вашем браузере должен быть включен Javascript.
Патапенка Аляксеям - выпускнік ГДАУ 2007 года 

Русский Беларускі English Español Türkmen dili 格罗德诺国立农业大学
  • Республика Беларусь
    230008 г. Гродно ул.Терешковой, 28
  • Тел./Факс: +375 (152) 62-36-30
  • ggau@ggau.by