Багдзевіч Іосіф Міхайлавіч - Гродненский государственный аграрный университет

Багдзевіч Іосіф Міхайлавіч

Пасля Дзяржэкзамену Іосіф Міхайлавіч быў запрошаны на паседжанне кафедры аграхіміі і глебазнаўства, дзе адбылася зацікаўленая размова супрацоўнікаў і госця, падчас якой акадэмік І.М. Багдзевіч параўноўваў стан развіцця сельскай гаспадаркі Беларусі і суседніх краін.

Гаварыў, што ўжо час у якасці асноўных паказчыкаў развіцця прынімаць не валавыя зборы прадукцыі, а рэнтабельнасць вытворчасці прадукцыі і прыбытак, які яна дае. І тут прыгадваецца, як часта розныя СПК бяруць крэдыты на пакупку паліва, угнаенняў, сродкаў аховы раслін, а калі ўраджай ужо вырашчаны, то яго з цяжкасцю хапае, каб акупіць затраты (заўвага аўт.).

Нарадзіўся Іосіф Міхайлавіч Багдзевіч у вёсцы Васілішкі Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці 28 жніўня 1937 года. Паколькі бацькі працавалі ў калгасе, то іншага шляху ён для сябе не ўяўляў, як толькі пайсці ў сферу сельскай гаспадаркі. Хацелася ведаць як растуць расліны, як іх угнойваць і атрымліваць высокія ураджаі. У 1955 годзе паступіў на агранамічны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага інстытута, які скончыў у 1960.

Пасля заканчэння вучобы два гады малады спецыяліст працаваў у родным саўгасе "Васілішкаўскі", яшчэ два гады ў атрадзе, які абследаваў глебы калгасаў і саўгасаў, і складаў буйнамаштабныя карты. У 1964 годзе Іосіф Міхайлавіч паступіў у аспірантуру Беларускага навукова-даследчага інстытута глебазнаўства і аграхіміі, у якім працягвае працаваць ужо 51 год.

Падчас гутаркі Іосіф Міхайлавіч прыгадвае сваіх інстытуцкіх выкладчыкаў. Прыпамінаецца першы загадчык кафедры хіміі Васіль Аляксеевіч Наўгольнікаў, які не толькі добра чытаў лекцыі, але быў вельмі патрабавальным і на практычных занятках да дакладнага правядзення аналізаў, каб ведаць якое гэта рэчыва, колькі яго там і г. д. Атрыманыя веды па хіміі былі добрай асновай у перыяд вучобы ў аспірантуры. Загадчык кафедры батанікі Вадзім Андрэевіч Кумакоў, які выкладаў фізіялогію раслін, запрасіў да сябе ў студэнцкі навуковы гурток, у якім праводзіліся хоць і прымітыўныя, але вопыты, якія выклікалі жывы інтарэс у студэнтаў. Іосіф Міхайлавіч прыгадвае і сваіх выкладчыкаў з кафедры аграхіміі і глебазнаўства Маргарыту Мікалаеўну Чэрнышову і Дзіну Максімаўну Андрэеву. Лекцыі па глебазнаўству чытаў добра вядомы вучоны ў тыя часы глебазнаўца Васіль Нічыпаравіч Чацвярыкоў.

Далей Іосіф Міхайлавіч гаворыць, што пасля прыёмкі Дзяржаўнага экзамену па аграхіміі ў двух групах студэнтаў факультэта аховы раслін быў прыемна здзіўлены і вельмі задаволены вынікамі. Паставілі тры адзнакі па 10 балаў, была адна толькі 5, астатнія – 9, 8, 7. Радуе не толькі тэарэтычная падрыхтоўка выпускнікоў, але і валоданне практычнымі навыкамі правядзення розных разлікаў. На сёняшні дзень праблема вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі вырашана, харчовая бяспека нашай рэспублікі забяспечана, ёсць пытанне, як забяспечыць пераапрацоўку прадукцыі з карысцю, як прадаць лішкі яе з прыбыткам.

З інтэрнэту даведаўся, што з 1980 да 2005 года Іосіф Міхайлавіч Багдзевіч з'яўляўся дырэктарам інстытута глебазнаўства і аграхіміі НАН Беларусі, а з 2006 года працуе загадчыкам аддзела пладароддзя глебаў і лабараторыі маніторынга пладароддзя глебы і экалогіі. З 1994 года вучоны носіць званне акадэміка аграрных навук РБ, а з 2003 года акадэміка НАН Беларусі. Ён залічаны нашым універсітэтам у шэраг ганаровых дактароў ГДАУ. Адзін з фотаздымкаў мы зрабілі побач з ягоным партрэтам у фае другога паверху.

Пасля невялікага перапынку Іосіф Міхайлавіч адправіўся чытаць лекцыю для студэнтаў некалькіх курсаў факультэта аховы раслін, а таксама выкладчыкаў універсітэта. Ён расказаў пра глебы Беларусі, наяўнасць у іх тых ці іншых элементаў, і як уплывае на глебу вапнаванне яе, а на засваенне раслінамі радыёактыўных элементаў – унясенне калійных угнаенняў. Сказаў, што матэрыяламі сваёй прэзентацыі ён можа падзяліцца як з выкладчыкамі, так і з будучымі спецыялістамі ў галіне аховы раслін.

Просмотр галереи изображений онлайн на странице:
https://www.ggau.by/nashi-vypuskniki/2256-bagdzevich-iosif-mikhajlavich#sigProId80bded50b0

Русский Беларускі English Español Türkmen dili 格罗德诺国立农业大学
  • Республика Беларусь
    230008 г. Гродно ул.Терешковой, 28
  • Тел./Факс: +375 (152) 62-36-30
  • ggau@ggau.by