Пішам гісторыю вёскі...

1 лютага 1906 года ў вёсцы Віцкаўшчына, якая размешчана недалёка ад Мінска паміж Койданавым і Самахвалавічамі, нарадзіўся Мікалай Мікалаевіч Улашчык, які ў будучым стаў выдатным гісторыкам у галіне аграрнай гісторыі Літвы і Заходняй Беларусі. Навуковыя працы яго пярэчылі многім палажэнням пануючай у той час афіцыяльнай гістарыяграфіі накшталт рашучага паляпшэння долі беларускага сялянства, усяго народа пад апякунствам Расійскай імперыі, уратавання беларусаў ад шматвяковага ўціску “польскіх паноў”.

 

Ды і наконт гэтых паноў М.Улашчыку належыць удакладненне: так званая польская шляхта ў Беларусі – гэта ніякая не насланая звонку, не іншаземная, але аўтахтонная, інакш – беларуская арыстакратыя, спольшчаная ў выніку паланізатарскай палітыкі Рэчы Паспалітай. У 1964 годзе М.Улашчык абараніў доктарскую дысертацыю, тэмай якой была “Перадумовы сялянскай рэформы 1861 г. у Літве і Заходняй Беларусі”. Гісторык выпадкова адшукаў у качагарцы апошні экзэмпляр “Хронікі Быхаўца” і ў 1966 годзе выдаў яе ў перакладзе на рускую мову. Удзельнічаючы ў групе па выданню “Полного собрания русских летописей”, ён прапанаваў беларускія летапісы выдаць асобнымі тамамі, што і было зроблена. У 1975 годзе выйшаў 32-і том, а ў 1980 – 35-ы. З вёрсткай 32-а тома, са зробленымі там папраўкамі я пазнаёміўся ў Гудзевіцкім музеі яшчэ ў 1986 годзе, пасля чаго і адбылася наша з ім сустрэча ў Маскве, падчас якой ён паказаў мне, як звіваў з канаплі бізуны для экспазіцыі школьнага музея ў Гудзевічах. Аб той сустрэчы Мікола Улашчык напісаў Гродзенскаму гісторыку Міхасю Ткачову, ліст якога змешчаны на 523 старонцы выдання 2001 года “Беларускага кнігазбору” - “Мікалай Улашчык”. Для мяне Мікола Улашчык ахвяраваў свой фотаздымак з таго часу, як стаў доктарам гістарычных навук, а я сфатаграфаваў яго яшчэ на балкончыку маскоўскай кватэры. Магчыма гэты фотаздымак з’яўляецца апошнім, паколькі вучоны памёр у тым жа годзе праз некалькі месяцаў.

Тады ж Мікалай Мікалаевіч пахваліўся, што акрамя 400 навуковых прац па гісторыі, ён напісаў кніжку па гісторыі сваёй вёскі Віцкаўшчына “Была такая вёска”. Ці не таму і сваю кніжку пра гісторыю вёсак калгаса “Беларусь” Ляхавіцкага раёна, якую мы напісалі калектыўна і выдалі пад рэдакцыяй настаўніка гісторыі Жарабковіцкай СШ У.М.Лаўрэнава, мы назвалі вельмі падобна “Ёсць край такі...” Апошняя кніжка выйшла ў 2003 годзе, і мне нават сорамна, што наша бібліятэка ГДАУ не мае ніводнага экзэмпляру. Планую гэта выправіць, паколькі там ёсць шмат матэрыялаў аб спецыялістах, якія закончылі наш універсітэт, а кніжку можна набыць толькі праз калгасную касу. Раўняючыся на М.Улашчыка, я набраў ужо больш за сто старонак гісторыі сваёй вёскі Зарытава, аб якой літаратурныя крыніцы, акрамя архіўных, чамусьці маўчаць, пры тым, што на картах ВКЛ яна з’явілася нашмат раней за суседнія (1749), аб якіх успаміны ёсць да 1500 году. Праца тармазіцца толькі тым, што ўзнікаюць сумненні наконт яе неабходнасці – мясцовага насельніцтва ў калгасе амаль не застаецца, іх замяняюць прыезджыя.

На год раней, у 2002 годзе выйшла падобная кніжка – гісторыка-краязнаўчы нарыс пра вёску Парэчча Слонімкага раёна (“Парэчча”) Аляксандра Сямёнавіча Талерчыка, гродзенскага пенсіянера, якому на днях споўнілася 75 гадоў. Дзякуючы шматгадовай працы ў архівах А.Талерчык паказвае 450-гадовую гісторыю вёскі, яе гаспадароў Валовічаў, якія належалі да старажытнага беларускага роду з герба “Багорыя”.

І вось зусім нядаўна давялося прысутнічаць на прэзентацыі кніжкі выкладчыка ГДУ імя Я.Купалы Сяргея Токця “Беларуская вёска ў эпоху зьменаў: Другая палова XIX – першая траціна XX стагоддзя”. Манаграфія ўтрымлівае больш за 300 старонак вялікага фармату і акрамя агульнай гісторыі сялянства, асобна ўтрымлівае гісторыю вёскі Бершты.
Кожная з названых вышэй кніжак не толькі ўяўляе вялікую цікавасць, але і вымушае нас задумацца аб напісанні гісторыі сваіх родных вёсак, незалежна ад таго, ці будзе далейшы лёс звязаны з імі, ці не...