Пад такою назвай 17 і 18 мая 2007 года прайшла III Міжнародная навуковая канферэнцыя ў ГДАУ. Канферэнцыя пачалася з пленарнага паседжання, якое адкрыў прарэктар па выхаваўчай рабоце Фёдар Мікалаевіч Лявонаў. Паколькі Крыштаф Вальфрам з Беластоку не змог даехаць і выступіць з дакладам “Зялёныя лёгкія Польшчы: Прырода – Чалавек – Цывілізацыя” першым было даручана выступіць мне з інфармацыі аб экалагічным руху на Гродзеншчыне ў апошнія дзесяцігоддзі.
Прэзентацыя са шматлікімі фотаздымкамі была падрыхтавана мной яшчэ восенню да сустрэчы па праграме “Зялёныя лёгкія Еўропы” у польскім мястэчку Супрасль, у якой прынялі ўдзел некалькі студэнтаў нашага універсітэта. А падчас нашай апошняй сустрэчы ў красавіку ў Польшчы прадстаўнікі розных навуковых устаноў гэтай краіны зацікавіліся тэмай нашай канферэнцыі і даслалі на яе свае матэрыялы. У сваім выступленні я апавядаў аб тым, як грамадскія арганізацыі Беларусі ўплывалі і працягваюць уплываць на прыняцце рашэнняў па экалогіі на вышэйшым узроўні. Спынена будаўніцтва небяспечнай для Беларусі ГЭС у Даўгаўпілсе, асушэнне Палесся, у свой час выведзены ўсе стратэгічныя ракеты з тэрыторыі рэспублікі, не адбылося пашырэння небяспечных для Гродна вытворчасцей на ВА “Азот” і “Хімвалакно”. А далей пазнаёміў прысутных з дзейнасцю ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны”, экалагічнай суполкі ФВМ “Прынямонне”, грамадскай асацыяцыі “ЗемЭко” (земляробства экалагічнае), створанай на базе ГДАУ, якая з 1999 года з’яўлялася цэнтрам экалагічнага земляробства ў РБ, а ў 2006 годзе выдала “Практычныя рэкамендацыі па вядзенню экалагічна чыстай сельскай гаспадаркі ў РБ”, якія павінны быць заўсёды пад рукою любога спецыяліста, які займаецца вытворчасцю прадуктаў раслінаводства і жывёлагадоўлі.
Загадчыца кафедры грамадскіх навук Любоў Леанідаўна Мельнікава на пленарным паседжанні прадставіла выступ “Навука як стратэгічны рэсурс грамадства”, а доктар тэхнічных навук, прафесар з г. Пензы Віталь Ілліч Левін - “Сістэма дыстанцыйнай адукацыі”, у якім падзяліўся вопытам уласнага дыстанцыйнага навучання ў адной з навучальных устаноў Еўропы. Акрамя таго, ён расказаў аб тым, як у Пензе развіваецца падрыхтоўка аспірантаў да будучай выкладчыцкай дзейнасці. Прафесар ГДУ імя Я.Купалы Святлана Сільвестрава расказала аб развіцці гродзенскай школы класічнай гітары ў XIX-XXI стст. Для ілюстрацыі яе выступу адзін з выдатнейшых прадстаўнікоў гэтай школы Уладзімір Захараў выканаў некалькі твораў на шасціструннай гітары, што было незвычайным для пленарнага паседжання. Такім чынам, на пленарным паседжанні разглядаліся пытанні культуры, экалогіі, навучання. Не менш цікавымі былі і секцыйныя паседжанні, як у першы дзень канферэнцыі, так і ў другі. Выступ кожнага з гасцей канферэнцыі быў выслуханы і абмеркаваны. Да канферэнцыі быў выдадзены зборнік матэрыялаў, які па сваім выкананні і ўзроўні не саступае падобным выданням іншых універсітэтаў.
Значную частку праграмы канферэнцыі склала нефармальная частка падчас аўтобуснай паездкі на Аўгустоўскі канал. Святлана Сільвестрава, даўняя даследчыца гэтых тэрыторый, па дарозе правяла цікавую экскурсію. Незабыўнае ўраджанне на нас аказалі казематы Гродзенскай крэпасці (па-іншаму, фартоў), палац і паркавы комплекс у Свяцку. Для адпачынку спыніліся побач з адным са шлюзаў на канале ў добра аздобленай мясціне, прыстасаванай для калектыўнай вячэры. Размовы, спрэчкі, песні працягваліся доўга. В.Левін адзначыў высокі ўзровень правядзення канферэнцыі, асабліва на фоне тых завочных навуковых канферэнцый, якія праводзяцца зараз у Расіі.
Наступным дзень для гасцей з універсітэтаў Расіі, Мінску, Баранавічаў была арганізавана вандроўка па самой Гародні. Праваднікамі і апавядальнікамі яе шматвяковай гісторыі былі выкладчыкі кафедры грамадскіх навук.
Ірэна Катовіч-Баровы, якая толькі з трэцяй спробы перамагла свой страх перад беларускімі памежнікамі, 21 чэрвеня разам з двума калегамі з Акадэміі гуманістычнай наведала ГДАУ з мэтай абмеркавання сумесных праектаў дзейнасці. На сустрэчах з прарэктарам па навуцы С.А.Тарасенкам, загадчыцай кафедры грамадскіх навук Л.Л.Мельнікавай, адказным за сувязі з Польшчай У.М.Барысавым, дэканам ЗІФа Я.А.Добрукам, намеснікам дэкана эканамічнага факультэта Д.В.Рудэнкам, прысутнічаў таксама і прафесар, доктар філасофскіх навук з БДУ Зелянкоў Анатоль Ізотавіч. Абмяркоўваліся матэрыялы сумеснага беларуска-польскага зборніка, прысвечанага гісторыі, культуры, экалогіі рэгіёну Аўгустоўскага канала, які зараз ужо недзе выдадзены на тэрыторыі Польшчы. Госці былі забяспечаны пражываннем, харчаваннем і культурнай праграмай за кошт нашага універсітэта (магчыма і не на такім высокім узроўні, як яны прымалі нас у Варшаве, аб чым я пісаў раней). Паколькі сумесная праца звязана з Аўгустоўскім каналам, нельга было не наведаць яго. Па дарозе заехалі ў палац Валовічаў у Свяцку. На гэты раз мы змаглі трапіць у сярэдзіну палаца, у пакоях якога захаваўся інтэр’ер яшчэ з XVIII стагоддзя. Усе, у тым ліку і я, захапляліся ляпнінай на сценах і столі, драўлянай інкрустацыяй, прыгожай керамікай, з якой пабудаваны каміны ў пакоях, люстрамі таго часу; той легендай, якую расказала нам ахоўніца палаца, былы медработнік санаторыя для хворых на сухоты “Свяцк”. Валовічы хацелі выдаць сваю дочку замуж за італьянскага архітэктара Дж.Сака, але яна зацяжарыла ад прыдворнага, і маці статуэткай забіла яе. Труп спалілі ў адным з комінаў, а попел замуравалі на захаванне ў адным з вуглавых пакояў. Тумба, у якой захоўваўся прах дзяўчыны, была упрыгожана яе барэльефамі, якія за гады невядома куды зніклі.
Два дні падчас тае сустрэчы мой сябра Сяргей Печарыца не толькі фатаграфаваў, але і здымаў фільм, каб захаваць першыя крокі гісторыі развіцця беларуска-польскага супрацоўніцтва. Пані Ірэна перадала праз мяне, калі я быў у Польшчы, падрыхтаваныя дакументы, па якіх У.М. Барысаў выслаў ім запрашэнне, і яна разам з 7 студэнтамі ў межах супрацоўніцтва нашых ВНУ наведалі Беларусь з 9 да 19 ліпеня. Госці пасяліліся у нашым 5-м інтэрнаце, у якім на жаль часова адсутнічае цёплая вада. Першы дзень быў прысвечаны знаёмству з горадам. Перыядычна ішоў дождж, і мы кароткімі перабежкамі перамяшчаліся ад музея да музея і ад храма да храма. Сагрэліся ў канцы крыху толькі ў “Чабурэчнай” на вуліцы Ажэшкі. Ірэна і студэнты даследуюць усё, што звязана з дробнай шляхтай на Беларусі. Прозвішчы шляхты, якая была ўжо і ў XVI стагоддзі, прадставіў ім А.І.Шаланда. Бусік для гасцей я знайшоў з дапамогай знаёмай з Гданьску Гелены Глагоўскай, якая кожны год робіць падобныя вандроўкі па Беларусі. На маю CМС-ку яна даслала патрэбны тэлефон. Некалькі разоў нашы госці пыталіся навошта пры рэгістрацыі ва ўсіх адабралі пашпарты, на што немагчыма даць нармальнага тлумачэння. Гэта жахлівы недахоп нашага “аднаго акна”, які, спадзяюся, хутка будзе папраўлены. Пасля таго, як госці з Варшавы наведалі Гудзевічы, Вял.Эйсманты, Пачабуты, Зяневічы і іншыя вёскі і мястэчкі, 13 ліпеня мы арганізавалі пікнік ля хаты Таццяны Сакаловай, выкладчыцы з медуніверсітэта, якая разам са мною была на некалькіх сустрэчах у Польшчы і была знаёма з кіраўніцай групы. Польскія студэнты аказаліся актыўнымі ўдзельнікамі вечарыны: самі нанізвалі на шампуры мяса, накрывалі і прыбіралі са стала, перамылі за сабой посуд..
Уся польская дэлегацыя была ў захапленні ад сустрэч з рэктарам ГДАУ і прарэктарам па навуцы. Любоў Леанідаўна Мельнікава і я суправаджалі гасцей 14 ліпеня ў раён возера Свіцязь. Заехалі ў Зельву, дзе Юры Качук спецыяльна для нас прыгатаваў свае фірменныя флячкі, арганізаваў экскурсію на мясцовыя могілкі, у касцёл і ў Сынкавіцкую царкву абарончага тыпу, якой у верасні 2007 году споўнілася 600 гадоў і якая была пабудавана яшчэ з благаславення князя Вітаўта. Госці хацелі жыць на сенавале, але калі пабачылі той сенавал, то далі згоду спыніцца і на турбазе ў Валеўцы з туалетамі на вуліцы і вадою за паўкіламетра ад памяшкання. На наступны дзень яны ўсё-роўна перабраліся ў іншае месца, у прыватную турыстычную сядзібу ў Навасядах, дзе кошт пражывання разы ў 4 даражэй, але ёсць цёплая вада і традыцыйныя стравы беларускай кухні. Гэтая сядзіба – зародак развіцця агра ці экатурызму ў Беларусі, аб якім ішло так шмат размоў падчас нашых сумесных семінараў у Польшчы. 17 ліпеня студэнты з Варшавы вярнуліся ў Гродна, каб паглядзець і даследаваць тое, чаго яшчэ не паспелі. Сваё абяцанне запрасіць нас на Інаўгурацыю новага навучальнага года ў Варшаву яны выканалі.