13 сакавіка ГДАУ наведалі прадстаўнікі вышэйузгаданага універсітэта Анэта Шмідт і Крыстаф Арнт разам з Наталляй Васільеўнай Яфрэменкай, якая прадстаўляла беларускі аграрны інфармацыйна-кансультатыўны цэнтр. Прыезд замежных гасцей быў звязаны з прыёмам у магістратуру на міжнародны магістарскі курс “Аграрны менеджмент”, выпускнікі якога будуць мець магчымасць у будучым працаваць на прадпрыемствах аграрнага сектару, у філіялах нямецкіх фірм і іншых сумесных з нашай краінай прадпрыемствах, у вышэйшых навучальных установах, у інтэрнацыянальных праектах, кансультацыйных службах, упраўленнях сельскай гаспадаркі і навуковых установах. Тэрмін навучання ў магістратуры два гады. Нямецкім бокам навучанне фінансуецца ў памеры 10000 Еўра ў год. Да Гродна прадстаўнікі Германіі пабывалі ўжо у БСГА ў Горках, дзе адабралі на вучобу двух студэнтаў, заставаліся чатыры месцы для ГДАУ і БАТУ.
Першы прарэктар ГДАУ Аляксандр Дудук прыняў гасцей, якіх пазнаёміў з навучальным працэсам нашага універсітэта, пасля чаго пяць выпускнікоў, якія закончылі ўжо розныя факультэты універсітэта, прайшлі субяседванне. Пазней ад Наталлі Васільеўны я даведаўся, што нашы былыя студэнты гасцям вельмі спадабаліся. Паша Шлык, які два гады назад закончыў факультэт ветэрынарнай медыцыны здзівіў іх валоданнем як нямецкай, так і англійскай мовы. Паколькі я выкладаў у яго мікрабіялогію, то ведаю, што ён яшчэ добра валодае беларускай і польскай мовамі. Добра зарэкамендавалі сябе і іншыя кандыдаты ў магістратуру і таму, замест двух прадпалагаемых выпускнікоў з ГДАУ, залічанымі аказаліся тры (адзін за кошт квоты БАТУ). З нашых, акрамя Паўла, у магістратуры універсітэта Вайнштэфана будуць навучацца магістр факультэта аховы раслін Кунцэвіч Кацярына і выпускнік аграфака Труханенкаў Віктар.
У гасцей заставалася гадзіны са дзве для знаёмства з горадам. Мне ж трэба было паказаць прысутнасць у Гродна немцаў і іх культуры. Музей рамёстваў павінен быў бы пазнаёміць іх з жыллём, якім карысталіся нямецкія рамеснікі, якія пасялілася ў Гродна ў XVIII стагоддзі пры Антоніі Тызенгаўзе. Недарэчнасцю з’явілася тое, што персанал музею практычна нічога не можа сам патлумачыць, а таксама нельга нават сфатаграфавацца на фоне яго абстаноўкі за дарма. Лютэранская кірха XIX cтагоддзя была пабудавана ўжо нашчадкамі тых рамеснікаў, ды і не толькі. Здаецца і наш піўзавод калісьці быў пабудаваны з удзелам немцаў. Але, наколькі я зразумеў, Анэта Шмідт па вераспавяданню з’яўляецца каталічкай і пратэстанцкая царква ў Гродна была ўспрынята ёю не надта настальгічна. Мы прайшліся па адноўленай Швайцарскай даліне, па Савецкай. Я расказаў гасцям, як немцы ў 1914 годзе расстралялі інвалідаў японскай вайны, якія былі паселены ў Гродзенскім шпіталі, а ў часы апошняй вайны - знішчылі практычна ўсіх яўрэяў, якія некалькі стагоддзяў складалі больш паловы гарадскіх жыхароў і таму з 49 даваенных сінагогаў у Гродна не адрэстаўравана нават цэнтральная, што знаходзіцца побач са Старым і Новым замкамі. Магчыма, цікава гасцям было даведацца і аб змаганні гродзенскіх воінаў на чале з Давыдам Гарадзенскім з нямецкімі рыцарамі і аб нашых удалых перамогах у тыя часы, з пасяленнем на левым беразе Нёмана з дазволу Вітаўта прусаў, якіх пазней ён сам жа і выгнаў з горада. Мы пабывалі ў Фарным і Бернардынскім касцелах, а таксама ў праваслаўнай царкве на вуліцы Ажэшкі. Заставаўся час папіць каву, але дзе? У раёне чыгуначнага вакзалу ніводнай прыстойнай кавярні. Дзмітрый Аркадзьевіч Брукіш, прарэктар універсітэта па павышэнні кваліфікацыі, незаўважна закупіў на вакзале мяккія месцы для тых, хто чакае свой цягнік, дзе мы і пачаставалі гасцей кавай. Склалася ўражанне, што яны засталіся задаволеныя не толькі будучымі магістрантамі, але і экскурсіяй. У гутарцы за кавай мы запрасілі іх наведаць нашу навуковую канферэнцыю, якая адбудзецца 10-12 красавіка.