Такія сустрэчы ва універсітэце сталі ўжо традыцыйнымі. З кожным годам удзельнікаў іх становіцца ўсё менш і менш. Толькі на працягу апошняга года універсітэт страціў двух ветэранаў Вялікай Айчыннай Вайны. Нас пакінулі М.П.Коваль і С.Г.Траўнікаў .
Вітольд Казіміравіч Песціс нагадаў прысутным, што вялікую працу па захаванні памяці аб ветэранах праводзіць загадчык музея універсітэта Уладзімір Паўлавіч Верхась, які і сам з’яўляецца ветэранам. Уладзімір Паўлавіч шмат робіць для аднаўлення прозвішчаў усіх памежнікаў, якія першымі спаткалі ворагаў і амаль усе загінулі ці трапілі ў палон. Рэктар выказаў падзяку ветэранам за іх уклад у Перамогу, у аднаўленне разбуранай гаспадаркі, у развіццё нашага універсітэта. На сёняшні дзень з вялікай кагорты ветэранаў універсітэта засталіся толькі 14 чалавек, 4 з якіх – гэта ветэраны вайны ў Афганістане. Ад адміністрацыі універсітэта і прафсаюзнага камітэта ветэранам былі ўручаны кветкі і канверты з матэрыяльнай дапамогай з нагоды свята. Не ўсе ветэраны па стане здароўя змаглі наведаць універсітэт, але яны былі ўсе адшуканы і павіншаваны па месцы жыхарства.
Пётр Іванавіч Алдохін папрасіў мяне зрабіць некалькі фотаздымкаў, каб адаслаць іх напярэдадні свайго 83-годдзя на памятку сваякам. Спадзяюся, што ў верасні з’явіцца асобны матэрыял аб ім і на нашым сайце.
Мы паспрабавалі сканіраваць здымак нашых ветэранаў, якія зняліся разам ў 1975 годзе, і які захоўваецца ў экспазіцыі універсітэта. Іх тады было значна больш. І паколькі я якраз вучыўся ў тыя гады ў ГСГІ, то амаль з усімі быў добра знаёмы, паколькі шмат хто з іх выкладаў на нашым агранамічным факультэце. Шкада, але не атрымалася сканіраваць здымак поўнасцю і на ім няма двух чалавек – М.А. Бараненкава і М.Э. Байчарова. Далей – некалькі здымкаў з сустрэчы, што адбылася 8 мая 2008 года, з сустрэчы ветэранаў у 2007 годзе і чорна-белы фотаздымак ветэранаў ГДАУ з 1975 года.