Са мной яны дамовіліся яшчэ на мінулым тыдні і я даў згоду расказаць крыху аб прафесіі выкладчыка ВНУ. Тады і не ведаў яшчэ, што буду задзейнічаны на міжнародным семінары па пчалярству і пераапрацоўцы каштоўных прадуктаў гэтай галіны гаспадаркі. У апошні момант я нават выказаў жаданне выступіць і расказаць, якія намаганні прымаліся для развіцця пчолагадоўлі на нашых тэрыторыях у пачатку ХХ стагоддзя. Нават быў уключаны ў праграму семінара. І тут, мне патэлефанавалі і папрасілі аб сустрэчы з маладымі журналістамі. Спадзяваўся, што за гадзіну спраўлюся і яшчэ паспею назад на канферэнцыю. Але наша сустрэча працягвалася больш за тры гадзіны і каб гасцям не трэба было ісці абедаць, не ведаю ці хутка яна завяршылася б.
Спаткаў я карэспандэнтаў на вуліцы Э.Ажэшкі. Першыя пытанні былі аб будынку, у якім працую (Валковіча 1). За некалькі гадоў я больш менш даведаўся аб яго гісторыі і таму меў чым падзяліцца. А матэрыял па гісторыі нашага корпуса цікавы і чакае сваёй чаргі, каб аказацца на сайце ГДАУ. Госці папрасілі адвесці іх у якое месца, каб спакойна паразмаўляць. І мы зайшлі да нас у корпус. Дарэчы, яны пасяліліся на турыстычнай базе каля ГДУ імя Я.Купалы. Была папярэдняя дамоўленасць з названым універсітэтам, што яны будуць жыць у інтэрнаце, але ў апошні момант ім адмовілі. Спыталі, ці ва ўсім Гродна адсутнічае цёплая вада і я патлумачыў, што толькі ім не пашанцавала, паколькі ўсе раёны горада адключаюцца па калейцы на два тыдні для прафілактычных прац у сістэме водазабяспячэння.
Перад пачаткам размовы ў мяне папрасілі дазволу на фота і відэаздымку сустрэчы. Маладыя карэспандэнты пыталіся вельмі падрабязна аб маім жыцці ад самага нараджэння. Асабліва аб тым, як я праходзіў размеркаванне пасля інстытуту, бо ў Германіі такога няма. Кожны ўладкоўваецца на працу самастойна. Цікавіліся вельмі падрабязна аб асаблівасцях маёй працы ў калгасах: якія функцыі выконваў, калі быў аграномам, як да маладога спецыяліста адносіліся старшыня і працаўнікі калгаса. Ім было цікава даведацца, як я патрапіў у аспірантуру, прычым і тое, якія адзнакі атрымаў пры паступленні. Папрасілі падрабязна расказаць аб службе ў СА. Я і так люблю прыгадваць той час, бо было шмат прыгод і ўсяго таго агульнага, што характэрна для армейскай службы таго часу, і што часам можна пабачыць у мастацкіх фільмах часоў перабудовы (тую службу вельмі нагадвае фільм “Делай раз”).
Далей ішла размова з мультымедыйным ілюставаннем маёй грамадскай дзейнасці. Думаю, для маіх гасцей гэта было таксама вельмі пазнавальна і цікава. Яны яшчэ запыталі, ці выкладаю што для студэнтаў, бо паказаў некалькі матэрыялаў з нашага сайта і яны адназначна заявілі – журналіст. Апошнія пытанні былі аб сям’і, дзецях, унучцы.