Ужо стала традыцыяй штогадовае наведванне супрацоўнікамі ГДАУ Белагра. Займаецца арганізацыяй выставы сваіх дасягненняў навуковы аддзел універсітэта. З мінулага года Белагра пашырыла свае межы, размясціўшы асноўную частку выставы на палях адной з гаспадарак на ўскраіне Мінску. Таму зараз каб пазнаёміцца з усёй выставай патрэбна пабываць у двух месцах – там і яшчэ на былым праспекце Машэрава. Дваццаць асобаў ад універсітэта паехалі на выставу. Адзінай памылкай, якую дапусцілі, было раўназначнае размеркаванне па часе двух пунктаў выставы. Мы і не думалі, што ў гэтым годзе будзе выстаўляцца столькі тэхнікі, неабходнай для вытворчасці і перапрацоўкі прадукцыі сельскай гаспадаркі. Вочы разбягаліся, хацелася ўсё пабачыць, зафатаграфаваць, а гадзіннік няўмольна адлічваў час. Душа напаўнялася гонарам за нашу краіну, якая асвоіла выпуск усяго неабходнага на месцы. Тэхніку не выпускаюць хіба толькі гультаі – тут задзейнічаны невялікія мястэчкі, раённыя і абласныя цэнтры. А якая тэхніка… Не ведаю, ці на захадзе ў якой краіне так шмат удзяляецца ўвагі яе вытворчасці, хаця на полі пад Мінскам былі прадстаўлены і вядомыя заходнія фірмы.
Пры ўваходзе на выставу прадстаўлены дасягненні жывёлагадоўлі. У вялікіх басейнах плавалі розныя гатункі рыбы – мясцовай, беларускай, а не прывезенай з далёкага мора. На іншую жыўнасць не было калі звяртаць увагі, акрамя хіба страўсаў, каля якіх пыталіся фатаграфавацца, баючыся, што той дзюбане ці падфутболіць ззаду. Адшукаў я выпадкова і экспазіцыю свайго універсітэта ў вялікім намёце, побач з якой былі выставы іншых аграрных ВНУ Беларусі. Наша глядзелася выдатна. Думаю пара ў гэтым годзе пры вызначэнні месцаў перавагу аддаць ГДАУ. Невядома як будзе на самай справе, бо на сёння выстава яшчэ не завяршылася. Забылі з Гродна свае крэслы, але ж у астатнім пераплюнулі іншых. Дзякуючы прарэктару па навуцы Сяргею Тарасенку, нашы прадстаўнікі там маюць свой халадзільнік, апарат, з якога цячэ кіпень і адначасова чыстая ледзяная вада. Таму я паспеў пачаставацца там гарбатай з мёдам. Не было ў гэтым годзе для пачастунку медавухі. Шкада. Кілішак можна было бы і выпіць пад выглядам дэгустацыі прадуктаў нашага пчалінага цэнтра. Паспеў купіць па некалькі кальваў трускалак двух гатункаў, бо стала ўжо традыцыяй штогод абнаўляць іх асартымент на сваім дачным надзеле. Нездарма ж мая цёшча перад самай нашай паездкай назбірала ўжо два вядры гэтай ягады. Вадзіцель аўтобуса планаваў купіць добры гатунак трусоў, але не паспеў дастаяцца ў чарзе.
Са спазненнем адправіліся на пляцоўку Белэкспа ў Мінск, аб чым пасля ўсе пашкадавалі. Якраз там мы справіліся меней, чым за гадзіну, а з-за гэтага столькі не паспелі паглядзець там, у полі. Я нават не паспеў заглянуць на экспазіцыі навукова-даследчых інстытутаў, мясакамбінатаў, ды і шашлыкі там можна было набыць у два разы танней, чым нга выставе ў самім Мінску. Але і тут была цікавая экспазіцыя з Краснадарскага краю. Першае, што мяне здзівіла, гэта экспазіцыя малочных прадуктаў, сярод якіх і тры гатункі сыроў з цвіллю. Ў 2006 годзе падчас наведвання Краснадарскага аграрнага універсітэту я даведаўся, што вытворчасць сыроў такіх для іх заводаў праблематычна. І вось за апошнія гады на адным з іх наладжана вытворчасць, першая ў Расіі. Кошт такога сыру ў 2 разы меншы, чым завезенага з-за мяжы. Паспрабаваў. Смачна. Калі ж ужо нарэшце нашы беларускія сырзаводы арганізуюць яго вытворчасць. Госці аказваецца ўжо пабывалі на малаказаводзе ў Мінску. Я думаю, што асартымент і якасць нашых малочных прадуктаў усё ж не саступае расійскаму. Заўважыў, што мужчыны нейкія ў важных гарнітурах каштавалі віна зробленыя ў краснадарскім краю з вельмі вялікіх бакалаў. Аказваецца там былі прадстаўлены віна трох ці чатырох вытворцаў. У адной дзяўчыны паспрабаваў папрасіць наліць крыху віна на спробу. Наліла, праўда ў невялікую аднаразовую шклянку. Смачна ды мала. Спаткаў двух сваіх супрацоўнікаў Алу Залатар і Уладзіміра Аляксеева і падбухторыў схадзіць на дэгустацыю. Пайшлі. У адным месцы адмовілі, затое у іншым далі паспрабаваць аж 4 гатункі віна. Пакуль яны смакавалі я матаў на вус, як кажуць інфармацыю, фатаграфаваў і глытаў слінкі, бо прадстаўнік фірмы, які добра ведаў, што мы з адной кампаніі, наліць мне так і не дадумаўся.
Заставалася яшчэ адна прыемная частка. На выездзе з Мінску мы сабраліся крыху на вячэру, закупілі прадуктаў і па дарозе глядзелі дзе можна спыніцца каб паесці. Нарэшце знайшлі такое месца, якраз там, дзе і ў мінулым годзе. Столік пад дахам выратоўваў нас ад сонца, побач пасвілася, як і ў мінулым годзе карова, камары, якія, мабыць, спалохаліся такой кампаніі, тут жа разляцеліся. Нарэшце з’явілася магчымасць пасядзець, пагаварыць, пазнаёміцца, бо акрамя сталых наведвальнікаў выставы, былі нашы маладыя выпускнікі – аспіранты. Ды і на выставе мы сустракалі сваіх выхаванцаў. Тры асобы прадстаўлялі “Біяком”, Сяргей Шклярэўскі, які толькі ў гэтым годзе выйшаў са сцен універсітэта і працуе аграномам таксама цікавіўся выставай. Па дарозе да аўтобусу я спаткаў былога студэнта, якога і не пазнаў бы, каб ён не павітаўся і не прадставіўся выпускніком 2000 года. Ім аказаўся Санюк Дзіма, які зараз працуе намеснікам старшыні Мінскага райвыканкама па раслінаводству. Былі і іншыя спатканні. І таму, як і звычайна, усе згадзіліся, што паездка нашая ўдалася. Фотарэпартаж з Белагра. Тэхніку можна глянуць у іншым матэрыяле на нашым жа сайце.