Не ведаю, ці ёсць у нашым універсітэце хаця бы адзін выкладчык, які не чуў пра гэтую гаспадарку і яе дасягненні. Таму такое вялікае жаданне пабачыць усё сваімі вачыма дало магчымасць запоўніць амаль два аўтобусы, якія адправіліся ад універсітэту 21 чэрвеня ў 7 гадзін раніцы, жадаючымі пабываць там. Калі б хто і хацеў разбіцца на групы – агранамічную і заатэхнічную, дык большасць усё ж была за тое, каб паглядзець усё разам. Ужо пад’язджаючы да гаспадаркі нехта пачаў ганіць пасевы - што гэта за рост, у нас лепшыя… Але, як аказалася, гэта былі землі не агракамбіната. Трэба было пераехаць нейкую дарогу, каб пабачыць, якой магутнай сцяной, каласок да каласка стаяць збожжавыя, а з другога боку бачны дружныя пасадкі квітнеючай бульбы. Вось гэта без сумнення СВК “Агракамбінат Сноў”. Прыехалі ў мястэчка, якое памятаю з дзяцінства, бо калі ездзілі за парасятамі, то спачатку ў Клецак, затым ў Нясвіж, а далей у Снові спрабавалі па дарозе купіць качанят, што не заўсёды ўдавалася. Перад праўленнем гаспадаркі парадак, чысціня, трава падкошаная. Увагу да сябе прыцягвае кампазіцыя перад будынкам праўлення гаспадаркі з трох бярозак і аднаго пня ад бярозкі, які, мабыць, сімвалізуе кожнага чацвёртага беларуса, што загінуў падчас вайны.
Спатканне пачалося ў Доме культуры гаспадаркі са старшынёй Мікалаем Часлававічам Радаманам, які расказаў пра сябе і развіццё гаспадаркі, якая з 1951 да 1994 года існавала як калгас, а з 1994 года носіць назву СВК “Агракамбінат Сноў”, што мае завершаны цыкл вытворчасці. Мікалай Часлававіч без усялякіх запісаў прадставіў для нас шмат лічбаў, без якіх немагчыма уявіць памеры вытворчасці. Гаспадарка па памерах невялікая, агульная плошча 6234 га, раллі і таго менш – 4859 га. Але поспехі, дасягнутыя дзякуючы таму, што добра разлічаны даходы ад усіх накірункаў дзейнасці, ну і, думаю, яшчэ і бал глебы, заўважныя. Таму для нас была недасягальная для ўяўлення зарплата спецыялістаў агракамбіната, ды і сярэдняя зарплата работнікаў выклікала захапленне. Нездарма на чарзе на працаўладкаванне ў гаспадарку стаіць 40 чалавек. І калі ў іншых с.-г. прадпрыемствах спецыялісты патрэбны, то тут іх у дастатку.
Накірунак вытворчасці мяса-малочны. Таму, галіна раслінаводства развіваецца з мэтай забяспечыць кармамі жывёлу і птушку, ну а таксама вытворчасць элітнай бульбы, збожжавых, што дае магчымасць мець значна вышэйшы прыбытак з адной і той жа плошчы, чым вырошчванне проста таварнай прадукцыі. Ураджайнасць цукровых буракоў на 600 га – 700 ц/га. Сярэдняя ураджайнасць збожжавых з году ў год вагаецца ў залежнасці ад надвор’я і на 2010 запланавана атрымаць па 95 ц/га. 1900 га займае кукуруза, якая ідзе на сілас, сянаж і на зерне. Як і ў “Айчыне” доўга прынюхваліся да паху сіласу, нядрэннага. Як аказалася гэта была сумесь сіласу, сенажу, сена і камбікорму. Ёсць свой камбікормавы цэх, лінія па перапрацоўцы рапсу, прадукцыя якой раздзяляецца паміж БРЖ і птушкай. На месцы вырабляюць самую розную мясную прадукцыю, у тым ліку і 14 відаў мясных кансерваў, малако таксама праходзіць поўную перапрацоўку, за выключэннем 15 т у суткі малака экстра класа, якое адпраўляецца ў Клецак на завод дзіцячага харчавання. Агракамбінат мае свае 8 фірмовых магазінаў, у якіх працуюць 200 чалавек і якія даюць штодзённую выручку каля 600 мільёнаў беларускіх рублёў. А ўсяго занятых у вытворчасці 1600 асобаў, з якіх 500 - у перапрацоўцы прадукцыі, 150 – у будаўніцтве. Гаспадарка мае 249 чалавек з вышэйшай адукацыяй, 40 ветэрынарных урачоў. Правільна пастаўленая праца на малочнатаварных фермах дазваляе знізіць захворванне кароў на мастыты да рэдкіх выпадкаў. Увесь кантроль за тэхналагічным працэсам дапамагаюць праводзіць чыпы, прывязаныя да нагі жывёлы, якая калі хоча пачасаць спіну, то і гэта можа зрабіць самастойна.
У тэхналагічным цыкле запланавана шматразавая абрэзка капытоў у кароў, правядзенне УЗІ для вызначэння сцельнасці, што было нам прадэманстравана спецыялістамі. Не проста спецыяльна для нас, а як бачна, на ферме разлічанай на 1000 галоў, гэтыя паслугі жывёлам праводзяцца пастаянна. Нам паказалі дзве розныя ўстаноўкі для даення кароў тыпу “ялінкі” і “каруселі”. Тыя спакойна каталіся і даіліся пад прыгожую музыку ў даільнай зале ва ўмовах амаль стэрыльнасці. У спецыяльных скрынках каля іх вільготныя сурвэткі для працірання саскоў, якія і так чыстыя, бо адпачываюць каровы, падасланыя спецыяльным жвірам. Апладатварэнне праводзіцца спермай быкоў, якая пастаўляецца з Канады. Быкоў для кожнай цёлкі падбіраюць індывідуальна, каб дабіцца максімальнага эфекту і ўмацаваць здароўе і вынослівасць. Бо аддаваць па больш, чым 9000 л малака ў год ад кожнай з 2065 кароў не так ужо і бясследна для іх арганізма. І, нягледзячы на гэта, каровы выкарыстоўваюцца ў вытворчасці малака 3-4 гады.
СВК “Агракамбінат Сноў” з тэхнікі мае 111 трактароў, 87 грузавых аўтамабіляў, 12 збожжаўборачных камбайнаў, 3 корманарыхтоўчыя “Ягуары”. Практычна ўся сельскагаспадарчая тэхніка вядомых заходніх фірм. Мы доўга разглядалі комплекс для ўборкі цукровых буракоў “ROPA”, які невядома з якога боку фатаграфаваць, бо мае неабсяжныя маштабы. Гаспадарка мае ліцэнзіі на ўсё, акрамя вытворчасці газу. Але і яна не за гарамі. Паколькі ад вялікай колькасці жывёлы (9,5 тыс. БРЖ, 30 тыс.свіней і мноства птушак) штогод атрымоўваецца 140 тыс.тон арганікі, ужо зараз будуецца свой біягазавы комплекс, на якім будзе атрымлівацца каля 2 МВт электраэнергіі, цяпло для развіцця побач цяплічнай гаспадаркі. Акрамя старшыні СВК з “Агракамбінатам Сноў” нас знаёмілі галоўны заатэхнік Мікалай Чарнеўскі, галоўны ветурач Яўген Туцін, галоўны аграном Уладзімір Бабёр, намеснік дырэктара па ідэалогіі Уладзімір Аляксеевіч (прозвішча запамятаваў). Шкада, што ніхто з іх не даваў сваіх візітак, паспрабуй прыгадай як звалі. Восенню да нас прыедзе працягваць вучобу на другім курсе завочнага аддзялення біятэхналагічнага факультэта малады загадчык малочнатаварнага комплексу “Сычы” Аляксандр Краўцоў, які пакуль мае толькі сярэдне-спецыяльную адукацыю. Характарызуючы яго дырэктар агракамбіната пахваліўся, што бацька Аляксандра з’яўляецца лепшым трактарыстам, маці таксама добры працаўнік.
Нарэшце, перад развітаннем, з улікам далёкай дарогі, старшыня праўлення гаспадаркі разам з намеснікам запрасілі нас паабедаць у мясцовую сталовую. Вялікі дзякуй ад нашай дэлегацыі за такі цёплы прыём на самым высокім узроўні, за гасціннасць усім тым, хто з намі працаваў, знаёмячы з новымі тэхналогіямі і магчымасцямі сельскай гаспадаркі. Сяргею Віктаравічу Стуканаву мая ўдзячнасць за зробленыя нататкі, якімі я скарыстаўся пры падрыхтоўцы гэтага матэрыялу. І, як заўсёды - фотарэпартаж.