29 чэрвеня на прыём вопытаў адправілася камісія разам з кіраўнікамі навуковых тэм, якія здзяйсняюцца на калекцыйным, селекцыйным і выпрабавальным участку ў Грандзічах, вопытным полі ГДАУ ў Зарыцы і ў Аграцэнтры ГДАУ у Каменнай Русоце.
Як ні дзіўна, па словах Канстанціна Ўладзіміравіча Каляды асобныя заходнія гатункі збожжавых у гэтым годзе слаба перанеслі нашы зімовыя ўмовы. Затое ягоная азімая мяккая пшаніца Ядвіся перазімавала вельмі добра, наліваецца і мае добрыя выгляды на ўраджай. Гэта было бачна ўсім прысутным. Гэтая зіма зрабіла добрую справу і на калекцыйным участку, бо паказала слабыя бакі гатункаў збожжавых культур, якія трэба было бы выяўляць на працягу некалькіх гадоў. Як заўсёды былі скаргі на адсутнасць фінансавання, за выключэннем дапамогі вучэбна-вопытнай гаспадаркі “Прынёманскі”. Але ёсць і добрыя чуткі.
Зараз элітнае насенне нашых уласных гатункаў будзе рэалізоўвацца з ведама і згоды іх аўтараў. 10 % ураджаю можа аказацца належнай ім. Яго можна рэалізаваць, а грошы накіраваць на развіццё такой важнай селекцыйнай справы. Прыгадваючы планы забудовы новага мікрараёну “Грандзічы”, мне падумалася, што ў хуткім часе нашы селекцыянеры могуць аказацца і без гэтай дзялянкі зямлі. Некалькі аспірантаў Канстанціна Уладзіміравіча прадстаўлялі свае навуковыя даследаванні розных накірункаў. Пасля выступу Дзімы Мірскага ён сказаў, што гэта ўжо апошні яго аспірант (і паправіўся – а мо і не).
Пасля знаёмства з доследнымі палямі ў Грандзічах пераехалі на вопытнае поле, з правага боку якога была скошаная канюшына паўторнага севазвароту, на пачатковых этапах якога я таксама ўдзельнічаў у гэтай тэматыцы, праводзячы мікрабіялагічны кантроль зменаў у глебе ў адказ на сістэмы ўгнаенняў. Пасля завяршэння севазвароту я адыйшоў ад гэтай тэматыкі, але біялагічную актыўнасць глебы даследуюць свае супрацоўнікі, у прыватнасці Таццяна Краўцэвіч. Наступным быў малады сад, які пачалі закладваць некалькі гадоў назад. Прадстаўлялі яго Павел Шэшко і Міхаіл Андрусевіч. У гэтым годзе ўраджай на маладых дрэўках не такі вялікі, як ў мінулым. А ў мяне на вёсцы, прыгадваецца, адцвілі ўсе яблыні, і хаця я спрабую ад іх пазбаўляцца, застаецца шмат. А гэта ўжо сапсаваны адпачынак. Апошні раз я здаваў яблыкі нарыхтоўшчыкам па 50 рублёў за 1 кг ў пазамінулым годзе. Ну і нацягаўся ж. Адзін чалавек нават сказаў – навошта іх атрасаць і здаваць, пакінь на ўгнаенні. Не змог. У мінулым годзе студэнты падчас прыёма вопытаў частавалі камісію вішнямі. У гэтым жа годзе костачкавыя не дадуць ураджаю. А слівы добрых гатункаў загінулі не толькі на маёй дачы, але і ў старым садзе на вопытным полі, у які заглянуў з надзеяй чым небудзь пажывіцца. Наступнымі аказаліся вопыты Аляксандра Дудука, Пятра Тарасенкі, на якіх праводжу таксама даследаванні мікрабіялагічнага плану. Учора якраз адбіралі глебу і я прапанаваў Леаніду Ўладзіміравічу сфатаграфавацца на фоне свайго азімага трыцікале. Ён згодны быў нават прысесці, але я сказаў, што і так не бачна за раслінамі, таму і перад камісіяй не было сёння сорамна, хаця стаялі ўсе каля варыянту, у якім за ўсе гады севазвароту ніводнага разу не выкарыстоўваліся ўгнаенні.
Для мяне былі цікавымі пасевы зёлкавых раслін – календулы, яка толькі пачынае квітнець і чыстацелу другога года выкарыстання. Пакуль навукоўцы акадэмічнага Інстытута фармакалогіі навучацца атрымліваць з яго неабходныя алкалоіды, нашы аграрнікі завершаць распрацоўку тэхналогіі яе вырошчвання. Квітнела і грэчка, на якой праводзяцца даследаванні аспірантам кафедры аграхіміі, глебазнаўства і с.-г. экалогіі А.Карнэлем. Аспіранты, якія займаюцца садовымі культурамі заражалі маладыя прышчэпы грушы на айве, і на іх даследавалі дзеянне ахоўных хімічных прэпаратаў. Цікавымі былі і вопыты па даследаванні гібрыдаў кукурузы замежных гатункаў, якія выкарыстоўваюцца на корм быдлу. Ужо шмат гадоў спецыялістам па гэтай тэматыцы з’яўляецца Рэгіна Казіміраўна Янкелевіч. Палі і палі пад гарачым сонцам, хацелася як мага хутчэй закончыць гэтую вандроўку па вопытным полі. Нарэшце адпраўляемся ў Аграцэнтр.
Яшчэ добра захаваліся прыемныя ўражанні ад наведвання яго ў мінулым годзе. У комплексе вывучаюцца прэпараты на розных культурах. На этыкетках распісана - што, калі і як уносіць. Адразу ў шмат каго ўзнікае жаданне стырыць такую схему для сябе. Навукоўцы з аховы раслін абяцаюць кампьютарны варыянт. Іншыя гавораць, што глеба тут такая ўрадлівая. А мне спадабаліся пасевы азімай пшаніцы, апрацаваныя яшчэ і рэтардантамі. Больш каранастыя, без усялякіх пажоўклых лістоў. Такія не лягуць ні ад якіх вятроў. Заглянуць на яшчэ адну пшаніцу, якая пасеяна недзе бліжэй да горада, у мяне не было больш ні моцы ні жадання. Сябры камісіі вярталіся назад з букетамі рамонкаў і валошкаў, якія нарвалі пры палявой дарозе. У навуковым аддзеле Вера Афанасеўна адпаіла мяне халодным квасам. Заўтра, камісія адпраўляецца па Гродзенскім раёне з праверкай вопытаў аспірантаў. Але з мяне ўжо досыць і сёняшняй спёкі. Аб вандроўцы па палях і вопытах фотарэпартаж.