Паехаць разам паглядзець на працу супер сучаснага трактара “John Deere” 8345 R запрасіў мяне намеснік дэкана агранамічнага факультэта Васіль Мікалаевіч Салей. Адмовіцца не мог нават з-за звычайнай цікавасці, бо з 5 курсам аграномаў разам ехалі яшчэ і дэкан факультэту Алег Часлававіч Кажанеўскі і выкладчык кафедры механізацыі Сяргей Віктаравіч Стуканаў, які заўсёды раней дапамагаў мне ў падрыхтоўцы матэрыялаў для нашага сайта. Пакуль я фатаграфаваў тое, з чым мы знаёміліся падчас паездак па гаспадарках Беларусі, Сяргей канспектаваў тое, аб чым гаварылі кіраўнікі гаспадарак. Гэтымі нататкамі я звычайна і карыстаўся. На гэты раз ён даў заданне заканспектаваць усё пачутае студэнтам, а сам больш увагі ўдзяліў здыманню матэрыялаў, якія могуць быць выкарыстаны ў навучальным працэсе на кафедры механізацыі ГДАУ.
Знаёміў з прынцыпамі працы самай сучаснай сельскагаспадарчай тэхнікі спецыяліст па продажы яе, выпускнік нашага універсітэта 2002 года Дзмітрый Сербін. Па абручальным пярсцёнку было бачна, што ён ужо жанаты. Не так ужо і шмат прайшло ад яго выпуску і малады спецыяліст быў добра памятным усім прысутным выкладчыкам. Ён распавядаў аб прынцыпах будовы трактара, яго магутнасці, надзейнасці. Праслухаў і таму не ведаю, колькі такой тэхнікі набыта гаспадаркамі Гродзенскай вобласці, але запамятаваў, што Мінская вобласць закупіла 97 такіх трактараў. Самае цікавае, што кіраванне такімі трактарамі вядзецца праз спадарожнік, які адпраўляе сігнал на фірму, дзе ідзе разлік як трэба рухацца падчас працы на тэхніцы, усе павароты, нават як аб’ехаць слупы электычных сетак. Знаёмства з трактарам Джондзір было карысным, паколькі маладыя аграномы адправяцца на працу на самым пачатку вясны і магчыма сутыкнуцца з падобнай тэхнікай на месцы. Універсітэт жа не мае магчымасці закупіць падобны трактар з-за яго дарагавізны.
Пасля поля заехалі на конна-спартыўны комплекс “Прагрэс”, дзе пазнаёміліся з этнаграфічным музеем, размешчаным там, з канюшнямі, паглядзелі на коней, на заняткі з імі падросткаў, якія здаецца да 14 гадоў катаюцца задарма, але ж адначасова і даглядаюць за імі. Падчас вандроўкі Васілю Мікалаевічу Салею, як намесніку дэкана аграфака, студэнты задавалі пытанні аб будучым размеркаванні. І згадваецца зараз, як зусім нядаўна атрымаў ліст ад былога выпускніка ўніверсітэта, які скардзіцца на тое, што ў яго гаспадарцы веды, атрыманыя падчас вучобы зусім не патрэбныя. Таму згодны быў бы пайсці ўжо нават у войска, ды на жаль не бяруць. А з тэлефоннага званку іншага маладога спецыяліста даведаўся, што ён ужо атрымаў столькі вымоў ад старшыні СВК, што і падлічыць складана. На маё сумненне, што магчыма ён іх і заслугоўвае, адказаў – у вашага дыпломніка таксама з пяток вымоў маецца. Яшчэ праз дзень патэлефанаваў і мой дыпломнік, які ўдакладняў дозу адной з заквасак, неабходных для закладкі сенажу. Паглядзеў у Інтарнэце, аказалася, што яны на месцы перабольшваюць тую дозу ўсяго на некалькі мл.