Нягледзячы на тое, што ў параўнанні з мінулым годам кола краін, навукоўцы якіх прымалі ўдзел у нашай канферэнцыі, звузілася з 10 да 6, канферэнцыя атрымалася змястоўнай і цікавай для ўсіх яе ўдзельнікаў.
З дакладамі выступілі не толькі прадстаўнікі ВНУ з Масквы, Санкт-Пецярбургу, Екацярынбургу, Мінску, Віцебску, Горак, Баранавічаў, Гомелю, Гродна, але і каледжаў з Лепелю і Ашмянаў.
Давялося папрысутнічаць не толькі на пленарным паседжанні падчас працы ў секцыях, на круглым стале, але і ў экскурсійнай праграме, якая была разлічана на два дні. Госці канферэнцыі наведалі Гарадзенскі маёнтак "Каробчыцы", дзе для іх была праведзена экскурсія прадстаўніцай гэтай установы. Пазнаёміліся з працай кавалёў, дзе тыя, хто пажадаў, набылі чаканеныя медныя грошы за невялікі кошт, а таксама з працай цэха, у якім майстры займаюцца разьбой па дрэву. Іх скульптурныя групы ўпрыгожваюць тэрыторыю, на якой праводзяць выхадныя дні тысячы гарадзенцаў і гасцей горада.
Наступным днём для гасцей канферэнцыі была праведзена пешая экскурсія па Гродна, але спярша пазнаёміліся з музеем ўніверсітэта. З боку гасцей чуліся прапановы, што музей патрэбна пашырыць. Павольна рухаліся ад Каложы, праз тэрыторыю Замкаў, заглянулі ў галоўную сінагогу горада, якая актыўна рэстаўрыруецца. Паслухалі гарніста на пажарнай вежы а 12-тай гадзіне. Далей былі касцёлы, вуліца Савецкая, плошча Тызенгаўза. Пасля знаёмства з гістарычнымі помнікамі Гарадніцы паспрабавалі марозіва вытворчасці "Малочнага міру", якое таксама ацанілі станоўча. Хтосьці запытаўся, дзе можна набыць беларускага сала. Дзень быў па летняму цёплы, вакол цвілі вішні. Вечарам па тэлебачанні пачуў, што ў Екацярынбургу, з якога была ўдзельніца канферэнцыі Ірына Віктараўна Гардзеева, выпаў снег. Падчас падрыхтоўкі матэрыялу даведаўся, што ў журнале гасцей інтэрнату яна пакінула запіс падзякі за прадстаўленыя ўмовы пражывання.
https://www.ggau.by/nowosti/2013-urazhanne-ad-kanferentsyi-perspektyvy-razvitstsya-vyshejshaj-shkoly-adnago-z-yae-dzelnika#sigProIde23d6a213c