Працяг супрацоўніцтва

Два дні, 10 і 11 снежня ў Гродна знаходзілася дэлегацыя з Акадэміі Гуманістычнай імя Аляксандра Гейштара з г.Пултузка, што знаходзіцца ў 60 км ад Варшавы. Гэты візіт – доказ таго, што распачатае супрацоўніцтва ГДАУ і SGGW з Варшавы пашыраецца, паколькі Акадэмія Гуманістычна структурна звязана з Варшаўскім аграрным універсітэтам. На гэты раз Гродна наведалі рэктар Акадэміі, прафесар Адам Касескі, дэкан факультэта турыстыкі, прафесар Марыя Фабіянска і дэкан факультэта агратурызма, прафесар Марэк Бальцэрак - наш ужо стары знаёмы, бо за гэты год з ім мы сустракаліся 4 ці 5 разоў. У першы дзень адбыліся працоўныя сустрэчы з рэктарам ГДАУ Вітольдам Песцісам і прарэктарам па навуцы Сяргеем Тарасенкам.

Каб не сурочыць запланаваныя праекты агульнай працы, я не буду іх раскрываць (тым больш, што не прысутнічаў на іх абмеркаванні). Другі дзень побыту гасцей пачаўся з наведвання імі консульства РП у Гродна. Затым было дамоўлена, што адбудзецца экскурсія ў Фарным касцёле, а таксама ў музеі Э.Ажэшкі. Каб пазнаёміць гасцей і з праваслаўнай царквою, што недалёка ад доміка Ажэшкі, я дамовіўся па тэлефону са сваім знаёмым святаром, і ён з задавальненнем згадзіўся пачакаць нас і правесці экскурсію. У гэтым годзе ўпершыню я быў на экскурсіі, якую праводзіў святар. Было гэта ў Сынкавічах таксама для нашых гасцей – студэнтаў з Варшавы.
У Фарным касцёле нас спаткаў на ўваходзе ксёнз Ян, ад якога госці з Варшавы ды і я даведаліся шмат новага. Гэта і гісторыя пабудовы, якая цягнулася надта доўгія гады, і вельмі хуткае, менш чым за год, стварэнне скульптурнай кампазіцыі ў алтары майстрамі з Кенінгсберга, якая, на жаль пад час пажару ў ліпені 2007 года часткова згарэла, цудадзейны абраз Маткі боскай студэнцкай і адзіны ў Еўропе гадзіннік з пачатку XVI стагоддзя са старажытным механізмам, які да гэтага часу, пасля рамонту ў 90-я гады ХХ стагоддзя, дзейнічае. Дзеля гасцей на некалькі хвілін зайграў арган.

Святар Пакроўскай царквы сустракаў нас на вуліцы. Мы былі знаёмыя з яшчэ да паступлення яго ў Жыровіцкую семінарыю, але я не ведаў, што ён настолькі добра ведае гісторыю. Ад яго мы даведаліся, што калі ў 1914 годзе перад нямецкай акупацыяй скарбы вывозілі ў Расію, не змаглі выняць абраз Казанскай Божай Маці. На ім з’явілася нават трэшчына, пасля чаго вырашылі, што гэта знак зверху, і абраз пакінулі на месцы. Тыя абразы, якія даехалі да Расіі, недзе там і засталіся. Упершыню я даведаўся і аб тым, што калі ў 1993 годзе перадавалі мошчы Святога Гаўрыіла Беластоцкага ў Польшчу, з іх вываліўся адзін пазванок, які і пакінулі на захаванне ў царкве г.Гродна. Святар Мікалай распавёў і пра мясцовага Святога Серафіма Жыровіцкага, абраз якога вісіць у Пакроўскай царкве. На адным з сучасных абразоў Кірыла і Мефодзій, важнае значэнне якіх для развіцця культуры славянскіх народаў адзначыў у сваім расказе святар.

І, нарэшце, апошнія паўгадзіны мы правялі ў доміку польскай пісьменніцы Элізы Ажэшкі. Госці яшчэ паабедалі ў асобнай зале нашай універсітэцкай сталоўкі, куды на некалькі хвілін развітацца і ўручыць падарункі зайшоў рэктар ГДАУ Вітольд Казіміравіч Песціс, і адправіліся да Варшавы.