Кніга, якая мае 480 старонак, напісана двума аўтарамі, біяграфія кожнага з якіх звязана з нашым універсітэтам: Дзмітрый Цімафеевіч Ракіцкі нарадзіўся ў 1930 годзе ў вёсцы Новае Сяло Хмяльніцкай вобласці. Пасля заканчэння ветэрынарнага факультэта Белацаркоўскага сельскагаспадарчага інстытута ў 1955 годзе працаваў галоўным ветурачом Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці. У 1976 годзе абараніў дысертацыю і стаў кандыдатам сельскагаспадарчых навук. З 1980 года працаваў спачатку асістэнтам, а затым дацэнтам кафедры фізіялогіі ГСГІ. З 1993 года Дзмітрый Цімафеевіч працуе вядучым спецыялістам Міжгаспадарчай арганізацыі каняводаў “Арыён”. Узнагароджаны двума медалямі.
Вадзім Паўлавіч Палякоў, сааўтар кнігі, нарадзіўся ў 1937 годзе ў вёсцы Дняпроўская Днепрапятроўскай вобласці. У 1960 годзе закончыў зоаінжынерны факультэт Гродзенскага сельскагаспадарчага інстытута (ГСГІ) і працаваў галоўным заатэхнікам, а з 1964 года дырэктарам саўгаса “Звязда”, а пасля “Індура” Гродзенскай вобласці. З 1992 года працуе дырэктарам Міжгаспадарчай арганізацыі каняводаў “Арыён”. Узнагароджаны трыма медалямі.
Амаль ці не першымі на прэзентацыю кнігі завіталі Гродзенскія мастакі – Алесь Сураў, Вацлаў Рамашка і Ірына Сільвановіч, загадчыца выставачнай залы на вуліцы Ажэшкі, якія прыйшлі ў першую чаргу паглядзець на фота выставу дачкі Дзмітрыя Ракіцкага - Наталлі Ракіцкай-Жамар, якая жыве і працуе ў Францыі. Фотавыстава яе прысвечана цалкам коням розных парод і іх ўдзелу ў спаборніцтвах і святочных шоу “Карусель”, якія праводзяцца ў французкім гарадку Самюр, у якім знаходзіцца кавалерыйская школа Кадр Нуар. Да таго, ж Наталля дапамагала бацьку ілюстраваць яго кнігу. Пазней я даведаўся, што ў Наталлі ў Гродна была свая выстава і ўсе гэтыя мастакі з ёю добра знаёмыя. Нейкім чынам у залу трапілі нашы абітурыенты з Эфіопіі і Эквадора, якія на падрыхтоўчым аддзяленні ГДАУ вучаць рускую мову і, здаецца, нядрэнна ёю валодаюць, хаця самі яны гэта адмаўляюць. Дзмітрый Ракіцкі запрасіў на прэзентацыю сваіх сяброў, якія прыехалі нават з Ліды. Гэта мужык і жонка – Міхаіл Пятровіч і Вера Фёдараўна Серады, якія пазнаёміліся з аўтарам кнігі яшчэ тады, калі ён працаваў ветурачом у Дзятлаўскім раёне і з 1969 года гэтае сяброўства не перарываецца. Ужо трыццаць гадоў, як Міхаіл Пятровіч працуе ў аўтапарку г.Ліды, а Вера Фёдараўна да таго ж яшчэ і украінская зямлячка Дзмітыя Цімафеевіча.
На прэзентацыю аўтарам быў запрошаны консул Генеральнага Консульства Рэспублікі Польшча ў Гродна Марэк Малюхнік, які да пачатку прэзентацыі спаткаўся з першым прарэктарам аграрнага універсітэта Аляксандрам Дудуком (астатняе кіраўніцтва універсітэта ў гэты дзень было ў Мінску на ўрачыстым паседжанні з нагоды Дня навукі). Яны абмеркавалі нейкія пытанні, а таксама правядзенне ў лютым прэзентацыі другога выдання сумеснай кнігі аб Аўгустоўскім канале, якая выйшла, дзякуючы супрацоўніцтву навукоўцаў ГДАУ і Акадэміі гуманістычнай імя А.Гейштара з Пултузка, а таксама SGGW з Варшавы. Прысутнасць консула магчыма была абумоўлена і тым, што ў кнізе раскрываюцца пытанні ўкладу польскай дзяржавы ў вывядзенне знакамітых парод коней, у тым ліку Арабаў, пачынаючы з XVI стагоддзя. Нельга забываць, што ў той час мы былі таксама ў складзе Рэчы Паспалітай, а корпус раслінаводства знаходзіцца ў памяшканні былога паляўнічага доміка апошняга караля Польшчы Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Побач знаходзяцца і аграмадныя двухпавярховыя канюшні, пабудаваныя тады ж, у XVIII стагоддзі. Нядаўна на сайце “Вконтакце” праз групу “Ветэрынарныя ўрачы…” я пазнаёміўся з прадстаўніцай гэтага прозвішча – Жэняй Пянятоўскай, бацькі якой ці дзяды з-за аднаго толькі прозвішча былі высланы з тэрыторыі Львоўскай вобласці ў Расію (думаю, што ўсё такі яны былі кулакамі). Але ж, у яе праявілася любоў да коней, калі трымае сваю конеферму і вельмі турбуецца аб тым, што знікае нейкая рэдкая парода коней, аб чым абяцала даслаць матэрыял і на нашу навуковую канферэнцыю.
Анатоль Георгіевіч Грышчук, якому аўтар кнігі выказваў падзяку за падтрымку выдання кнігі, якая выйшла ў Мінску накладам у 1000 экземпляраў, не змог прысутнічаць на прэзентацыі і замест дырэктара - Гродзенскі мясакамбінат быў прадстаўлены інжынерам па маркетынгу Таццянай Пятроўнай Кобрынай. Анна Іванаўна Паляшчук – трэнер спартыўных коней, прадстаўляла конна-спартыўны комплекс “Амадэус”, які створаны АА “Гродзенскі мясакамбінат” ў 12 км ад Гродна, побач з вёскай Каробчыцы. Там, пад выглядам панскай сядзібы XVII – XVIII, на тэрыторыі ў 18 гектараў, на якой знаходзяцца лясныя абшары з вольна жывучымі дзікімі жывёламі і птушкамі, шматлікія азёры, арганізаваны выдатны турыстычны цэнтр. Фота самой Анны Іванаўны з канём змешчана на вокладцы кнігі.
Прэзентацыя была арганізавана бібліятэкай і навукова-метадычным аддзелам універсітэта, якіх аўтар таксама не забыў падзякаваць. Ён падпісаў сваю кнігу для універсітэта, для бібліятэкі, для навукова-метадычнага аддзелу, кафедраў зоаінжынернага факультэта, а таксама для запрошаных гасцей. Я ў гэты шэраг не ўваходзіў, але змог набыць кнігу не вельмі дорага на месцы. Шкада, што для ўсіх жадаючых кніжак не хапіла. Мультымедыйную прэзентацыю кнігі зрабіла загадчыца бібліятэкі ГДАУ Надзея Пятроўна Хадатчук, якая пазнаёміла прысутных са шматбаковым зместам кнігі, а таксама з яе ілюстрацыямі. Вельмі цікава і захапляюча расказваў аб кнізе і сам аўтар. І радуе тое, што Дзмітрый Цімафеевіч не толькі шмат працуе на карысць конегадоўлі нашай рэспублікі, але і змог напісаць, выкарыстоўваючы свой багаты жыццёвы вопыт, такую патрэбную для спецыялістаў, ды і для аматараў коней кнігу.