На інаугурацыі 2007/2008 навучальнага года ў Варшаве

Наладжаныя на працягу года кантакты ГДАУ з Варшаўскім аграрным універсітэтам, які называецца Szkola Glόwna Gospodarstwa Wiejskiego, далі магчымасць некалькім прадстаўнікам нашага універсітэта прысутнічаць на інаугурацыі новага 2007/2008 навучальнага года ў Варшаве. А гісторыя распачыналася з двух бакоў: з аднаго боку, - прарэктар па навуцы ГДАУ Сяргей Анатольевіч Тарасенка меў размову з Ірэнай Катовіч-Баровы на адным з семінараў, а з другога - мы з ёю сустрэліся на наступны дзень на адной з сумесных імпрэзаў няўрадавых арганізацый – Згуртавання “Uroczy-sko”, якое размяшчаецца ў Супраслі непадалёк Беластока, і Гісторыка-культурнага аб’яднання “Паходня”, якое я ўзначальваю ўжо 22 гады, ды цэнтра падтрымкі грамадскіх ініцыятыў “Трэці сектар” з Гродна.

Мы тады запрашалі пані Ірэну і яе калегаў прыняць удзел у нашых навуковых канферэнцыях, у адной з якіх прынялі ўдзел Агата Люлевіч і Крыштаф Вальфрам, як прадстаўнікі фонду “Зялёныя Лёгкія Польшчы”. І нарэшце, ужо па-за межамі канферэнцыі нас наведала дэлегацыя з аддзела навук гуманістычных Варшаўскага аграрнага універсітэта. Пад час сустрэч былі абмеркаваны матэрыялы сумеснага беларуска-польскага зборніка, які цалкам прысвечаны гісторыі, культуры і экалогіі рэгіёну Аўгустоўскага канала. На абмеркаванні прысутнічалі С.А.Тарасенка, Л.Л.Мельнікава, Я.А.Добрук, Д.У.Рудэнка, У.М.Барысаў, а таксама загадчык кафедры філасофіі БДУ А.І.Зелянкоў.Была падрыхтавана і дамова аб супрацоўніцтве паміж Варшаўскім і Гродзенскім аграрнымі універсітэтамі, якая пакуль яшчэ знаходзіцца ў стадыі падпісання, паколькі аказалася, што яна павінна быць надрукавана на трох мовах - польскай, беларускай і англійскай.

І ўсё ж у ліпені, у межах супрацоўніцтва паміж нашымі ВНУ, Ірэна Катовіч-Баровы і яшчэ сем студэнтаў з Варшавы наведалі Беларусь. Удзень яны займаліся сваімі навуковымі даследаваннямі, якія тычыліся гісторыі дробнай шляхты на Беларусі, а вечарам мы разам вандравалі па гораду, смажылі шашлыкі, ездзілі ў Зэльву, дзе знаёміліся з беларускай кухняй у выкананні Юры Качука, які да нашага прыезду падрыхтаваў флячкі. У Сынкавічах пабывалі ў 600-гадовай царкве абарончага тыпу, а затым на некалькі дзён затрымаліся на Свіцязі. Адзін дзень адпачывалі на Аўгустоўскім канале. Захапляліся тым, што зроблена беларускім бокам, і, магчыма, гасцям было сорамна, што частка канала на польскім боку поўнасцю не адрамантавана. Падарожжам і прафесар, і студэнты засталіся вельмі задаволены і паабяцалі, што запросяць кіраўніцтва ГДАУ і тых, хто імі апекаваўся ў Беларусі, на самае вялікае свята - інаугурацыю новага навучальнага года.

Персанальныя запрашэнні, падпісаныя рэктарам SGGW у Варшаве Томашам Барэцкім, мы атрымалі яшчэ ў верасні гэтага года, і ў нас была магчымасць аформіць візы. На вялікі жаль нашаму рэктару Вітольду Казіміравічу Песцісу 2 кастрычніка патрэбна было прысутнічаць на паседжанні Нацыянальнага беларускага парламента, а Сяргей Анатольевіч не мог пакінуць навуковы аддзел таксама па вельмі важнай прычыне. Таму да Варшавы даехалі дэкан ЗіФа Яўген Альбертавіч Добрук, загадчыца кафедры грамадскіх навук Любоў Леанідаўна Мельнікава, з аддзела міжнародных адносінаў Дзіна Міхайлаўна Марозава, я, а таксама член-карэспандэнт НАН Андрэй Георгіевіч Майсяёнак.

Ужо на месцы мы зразумелі, што сваім чалавекам у Варшаўскім універсітэце з’яўляецца дэкан ЗіФа Я.Добрук, які мае сталае супрацоўніцтва з адпаведным факультэтам ужо 15 гадоў. Магчыма, дзякуючы яму, многія выпускнікі нашага зоаінжынернага факультэта працягваюць вучобу ў магістратуры і дактарантуры ў Варшаве. Таму, амаль першым, каго мы сустрэлі пры ўваходзе ў гатэль для аспірантаў і дактарантаў, куды нас пасялілі, аказаўся былы наш выпускнік Віталь Янушка. Праз нейкі час я спаткаў і дактарантку, былую студэнтку, якая вывучала мікрабіялогію ў маёй групе. Ад іх мы даведаліся, што ў дактарантуры займаюцца не менш, чым 10 нашых выпускнікоў.

Умовы для навучання 25000 студэнтаў Варшаўскага аграрнага універсітэта ідэальныя. Усе корпусы пабудаваныя нанава некалькі гадоў назад і маюць сваю адметную архітэктуру. Я нават пашкадаваў, што стажыроўку па тэхналагічнай мікрабіялогіі праходзіў год таму назад у Краснадары, а не ў Варшаве, да якой усяго некалькі гадзін язды на цягніку. Старыя пабудовы ў цэнтры Варшавы універсітэт адрэстаўраваў і здае ў арэнду, зямлю вельмі дорага прадаў, а на выручаныя грошы, ды яшчэ выдзеленыя Еўрасаюзам, пабудаваў сапраўдны універсітэцкі гарадок з інтэрнатамі, басейнамі і тэніснымі кортамі.

У 19.00 1 кастрычніка адбыўся прыём у гонар гасцей у зале, дзе адбываюцца паседжанні Савета універсітэта. Прысутнічалі рэктар SGGW, прарэктары, дэканы і госці: мы, рэктар і два прарэктары Кіеўскага аграрнага універсітэта і адзін прарэктар універсітэта з Чарнаўцоў, які прадбачліва захапіў з сабою сваю мантыю.

На сценах залы – вялікія партрэты ўсіх папярэдніх рэктараў. Наколькі я зразумеў, Варшаўскі аграрны адлічвае свой узрост з 1906 года. У цэнтры - велічны стол, які запоўнены непаўторнымі стравамі. Гучаць вітанні рэктару ад прысутных. Ён ахвяруе для гасцей падарункі, сярод якіх і ўласная кніжка “Puszcze Bory Lasy Polski”. Мой сын у адрас гэтай кніжкі выказаўся “гэта немагчыма, каб у адной краіне было столькі рознай прыроды”. Рэктар быў у захапленні і ад падараванай Яўгенам Добрукам кніжкі пра Аўгустоўскі канал выдадзенай у Беларусі. Гучаць песні, спяваюць украінцы і разам з імі Томаш Барэцкі. Да апошняга моманту мы не ведалі, што можам разам заспяваць ад беларускай дэлегацыі. І раптам Андрэй Майсяёнак заспяваў магутную “Песню пра Нёман”, якую я чуў сотні разоў выступаючы ў складзе ансамбля “Нёман”, але так ніколі і не ведаў усіх слоў. Як ні дзіўна, Томаш Барэцкі падтрымаў і песню на беларускай мове.

Вечарам мы наведалі яшчэ і дэкана гуманістычнага факультэта, які аказаўся вельмі гасцінным і кожнаму з нас ахвяраваў па некалькі апошніх выданняў, падрыхтаваных на факультэце.

Зранку наступнага дня мы з Яўгенам Альбертавічам наведалі будынак, у якім размяшчаюцца факультэты жывёлагадоўлі і ветэрынарны. Спаткаліся з прафесарам Багумілам Стжыжэўскім і дэканам факультэта навук аб жывёлах Янам Немцам, якія ветліва пачаставалі нас кавай, пасля чаго накіраваліся на інаугурацыю. Для такога вялікага універсітэта крышталёвая зала аказалася не такою ўжо і вялікаю. Тры першыя рады былі адведзеныя для рэктараў іншых вузаў, нас як замежных гасцей пасадзілі ў чацвёртым радзе, дзе аказалася і месца былога консула Польшчы ў Беларусі Сільвестра Шостака. Кардыналы, у тым ліку і Юзаф Глемб, размяшчаліся ў першым радзе. Прарэктары свайго універсітэта, якія не патрапілі ў прэзідыум на сцэну, стаялі ля калонаў. Універсітэцкі хор заняў сваё месца на балконе залы.

На самой інаугурацыі выступіў з прамовай рэктар Томаш Барэцкі, які ўручаў асабіста заліковыя кніжкі аднаму са студэнтаў першага курса кожнага факультэта. Самай старэйшай студэнткай аказалася жанчына ў сталым узросце са Швецыі, якая паступіла на факультэт ветэрынарнай медыцыны. Выступіў і прадстаўнік студэнтаў першага курса, але ўсё ж кульмінацыйным было выступленне 87-гадовага палітыка, прафесара Уладзіслава Барташэўскага на тэму “Месца Польшчы ў Еўропе і свеце”.

На другім паверсе ва ўсіх пакоях былі накрытыя сталы, пасля чаго мы пакінулі свае запісы ў кнізе гасцей. Пасля агульнага фуршэту рэктар запрасіў замежных гасцей на абед, на якім прысутнічалі яго дзеці і жонка. Гэта яна дамовілася з Уладзіславам Барташэўскім аб яго выступе, што прыдало інаугурацыі новага навучальнага года асаблівую важнасць.

Пад вечар дэкан факультэта агратурыстыкі Марэк Бальцэрак павёз нас з Дзінай Міхайлаўнай паглядзець Стары Горад. Аказалася, што ўся наша дэлегацыя па запрашэнню рэктара павінна была ісці і на званую вячэру.

На наступны дзень мы былі запрошаны на сустрэчу з прэм’ерам Польшчы Качынскім, але трэба было ад’язджаць да хаты. І мы з найлепшымі ўражаннямі адправіліся з Варшавы ў Беларусь у спадзяванні на новыя сустрэчы.