26 кастрычніка ў нашым універсітэце адбылося традыцыйнае Шоу першакурснікаў, у якім прынялі ўдзел студэнты ўсіх сямі факультэтаў. Гэта было сапраўднае спаборніцтва студэнтаў, якія паступілі на вучобу ў гэтым годзе, у сваіх здольнасцях да мастацкай самадзейнасці.
Яшчэ за паўмесяца да выступу заўважыў групу студэнтаў, якія развучвалі нейкі танец у фае побач з актавай залай. Як былы “танцор” скептычна падумаў, што яны не змогуць падрыхтаваць нешта сур’ёзнае. Запытаў толькі з якога факультэта і пачуў у адказ, што з бухгалтарскага.
Адправіўся зрабіць колькі фотаздымкаў удзельнікаў Шоу, якія чакалі свае чаргі ў першых радах залы, а таксама тых, хто прыйшоў падтрымаць свае каманды. Перамяшчацца па зале было складана, таму што на гэты раз гледачы сядзелі каля вокнаў і стаялі каля сцен. Хачу адразу адзначыць, што не ўсе факультэты скарысталіся сваімі рэсурсамі. У мінулыя гады разам з асноўным курсам выступалі і тыя, хто вучыцца ўжо пасля аграрных каледжаў. Зараз жа, не ўказваючы ні на каго канкрэтна, бачу, што так званыя студэнты НІСПА адхіліліся ад падтрымкі свайго факультэта. А ў былыя часы з іх удзелам поспех быў адчувальным.
Вядома ж, традыцыі факультэцкай самадзейнасці перадаюцца ад старэйшых курсаў малодшым праз канкрэтных людзей. Ужо шмат гадоў заўважаю гэтую традыцыю на біятэхналагічным факультэце, які ці не заўсёды забірае на такіх спаборніцтвах Гран-пры. І ў 2006 годзе, калі разам з імі выступала мая дачка, я нават не ведаў за што трэба стаяць, ці за тое, каб яна хадзіла на рэпетыцыі, ці за тое каб не прапускала заняткі. Некалькі разоў Максім Маршалін тады тэлефанаваў і прасіў на яе ўздзейнічаць. І ў тым годзе ў іх быў Гран-пры. Студэнты падчас праграмы паказалі свае здольнасці да песні, розных тыпаў танца, пастановак на тэмы народных казак, драматургіі. Падтрымаць сваіх выхаванцаў на Шоу прыйшлі дэканы факультэтаў, іх намеснікі, а то і тыя і другія. Не менш за тры гадзіны працягвалася дзеянне на сцэне. Адны артысты сыходзілі, другія ім на змену падымаліся. У праграме былі і невялікія відэаматэрыялы, знятыя ўдзельнікамі. Для студэнтаў аграфаку выступ завяршыўся слязамі, бо два разы адказвалася працаваць музыкальнае суправаджэнне. І яны не змаглі датанцаваць свой нумар.
У першы вечар журы конкурсу не абнародавала свайго рашэння пра месцы, якія заняла тая ці іншая каманда. Трэба было прыйсці на наступны дзень. У 6 гадзін я адправіўся на бацькоўскі сход у школу. Перад будучымі абітурыентамі стаіць праблема - як адзначыць выпускны. У дзень уручэння атэстатаў накрываць сталы можна толькі ў школьных сталоўках, якія, як я адчуў, вельмі надакучылі школьнікам сваёй непрывабнасцю. А вось на наступны - можна ўжо сабрацца недзе і ў кавярні. Тады ўжо школа ні за што не адказвае! Пакуль бацькі, іх дзеці і я, у тым ліку, спрачаліся, у галоўным корпусе завяршыліся і раздача месцаў і сам гала канцэрт. Аб атрыманых месцах даведаўся ад студэнтаў, да якіх заглянуў у інтэрнат. Гран-пры аказалася ў біятэхналагічнага факультэта, I месца – у эканамічнага, II – у інжынерна-тэхналагічнага і III – у факультэта аховы раслін. З чым мы іх усе і віншуем !!!
https://www.ggau.by/nowosti/770-shou-pershakursnkau-2011#sigProId343d44ee16
Матэрыял падрыхтаваны дацэнтам кафедры мікрабіялогіі і эпізааталогіі
Мікалаем Таранда