Студэнты аграрнага ўніверсітэта завяршылі дапамогу гаспадаркам раёна ва ўборцы ўраджаю

У Гродзенскім раёне размешчаны найбольш магутныя сельскагаспадарчыя вытворчыя кааператывы, якія дасягнулі на дадзеным этапе максімальных ураджаяў расліннай прадукцыі, высокіх удояў малака, вытворчасці мяса.

Летам даводзілася ўжо пісаць аб тым, што з вялікіх абшараў краін СНД прыязджалі да нас спецыялісты, каб сваімі вачыма паглядзець на тое, якія магчымасці перад аграрыямі адчыняюць сучасныя тэхналогіі з выкарыстаннем не толькі самай сучаснай тэхнікі, але і разлічаных доз угнаенняў з улікам усіх неабходных мікраэлементаў, сродкаў аховы раслін. Тут праяўляецца пэўны ўклад і навукоўцаў, што працуюць ва ўніверсітэце і цесна супрацоўнічаюць з мясцовымі аграрыямі. І вось прыходзіць час збору атрыманага ўраджаю. Тут у падмогу ўключаюцца ўжо студэнты, якія акуратна могуць сабраць ураджай садавіны, бульбы, які не пашкоджаным можа захоўвацца да самай вясны.

Мне пашчасціла ў гэтым годзе не выязджаць са студэнтамі на палі і ў сады і таму адпаведных фотаздымкаў ня маю, хаця студэнты і прапаноўвалі падзяліцца здымкамі, зробленымі на іх мабільныя тэлефоны. Звычайна кіраўніцтва гаспадарак вельмі клапацілася аб тым, каб студэнты не захапілі з сабою яблык ці бульбы, нават нібыта па дарозе аўтобусы спыняў і абшукваў АМАП.  Але ў гэтым годзе, на мае пытанні, як яны плануюць запасціся тым, што ўбіраюць, на свае патрэбы, студэнты адказвалі, што ім гэта дазваляецца легальна ў “межах разумнага”. Прагрэс відавочны!!! Бо яшчэ 40 ці 30 гадоў назад, калі мы былі студэнтамі самі, пад час збору бульбы ў галаве круцілася адна думка, як зрабіць запасы для інтэрнату, як напакаваць якую сетку бульбы і занесці далёка за ўзгорак, каб на зваротным шляху спыніць аўтобус і захапіць прыхаванае. Прадуктыўнасць працы ад гэтага думаю зніжалася. У гэтым годзе студэнты працавалі ў дзве змены, калі хто хацеў на дзень ці два вызваліцца раней, каб з’ездзіць дапамагчы бацькам, то дамаўляўся і працаваў і ў першую, і ў другую змену.  Фотаздымкі, студэнтаў, якія чакалі аўтобусаў перад галоўным корпусам былі зроблены ў розныя дні, а тых жа студэнтаў 3-яй групы 2 курса на занятках у дзень напісання матэрыялу.

Матэрыял падрыхтаваны дацэнтам кафедры мікрабіялогіі і эпізааталогіі
Мікалаем Таранда