Спярша варта паведаміць, што ўпершыню сумесна з ГАА “Біяком” створаны са студэнтаў нашага ўніверсітэта атрад, які займаецца лячэннем і абразаннем капыт у кароў. А ў апошнія дні верасня быў арганізаваны семінар, на якім прысутнічалі прадстаўнікі ветэрынарнай службы 16 раёнаў вобласці і г. Гродна.
Аб семінары даведаўся ад дэкана факультэта ветэрынарнай медыцыны Віктара Віктаравіча Малашкі, які прапанаваў мне заглянуць у 8 залу новага корпуса, каб зрабіць пару здымкаў. Там я адразу пабачыў нашых былых ужо выпускнікоў, якія па некалькі гадоў працуюць ветурачамі, магістрантаў і тых урачоў, якія заканчвалі іншыя установы. Вучоба была насычанай тэарэтычным матэрыялам, бо лекцыі для слухачоў чыталі шмат якія выкладчыкі старэйшага ўзросту, а разам з імі і зусім маладыя. Вось ці не поўны спіс іх: Аляксандр Глаз, Міхаіл Каўрус, Віктар Малашка, Мікалай Кузняцоў, Андрэй Сянько, Дзяніс Харытонік, Сяргей Грышчук, Зміцер Валошын.
Для ўдзельнікаў быў прадэманстраваны фільм па абразанню капыт, а практычныя заняткі адбываліся на базе УА СВК “Путрышкі”, дзе іх праводзілі як выпускнікі нашага ветфаку Максім Палюховіч, Віталь Аляксей, Мікалай Грышкевіч, Дзяніс Малашка, так і студэнты 3 і 4 курсаў, якія самі прайшлі навучанне ў спецыялістаў з Галандыі. Падчас семінару на працягу 3-х дзён працавала выстава сучаснага абсталявання для абразання і апрацоўкі капыт, якое маецца на кафедры анатоміі жывёлы УА “ГДАУ”, а таксама фірмай “Экалагічная Альтэрнатыва” былі прадстаўлены ўзоры падлогі для ўтрымання буйной рагатай жывёлы. Далей некалькі фотаздымкаў з семінару.
https://www.ggau.by/nowosti/765-ceminar-veterynarnyx-artapedau#sigProId6a5b1cf00c
Матэрыял падрыхтаваны дацэнтам кафедры мікрабіялогіі і эпізааталогіі
Мікалаем Таранда