Клуб “Прынямонне” узнік каля чатырох гадоў назад і быў арганізаваны студэнтамі ФВМ пры ГА “Белая Русь”. Ініцыятарамі стварэння яго былі два сябры, якія паступілі вучыцца на ветэрынарных урачоў з Ваўкавыску. Дапамог ім ў афармленні Валерый Міхайлавіч Абухоўскі, які тады быў намеснікам дэкана факультэта. Напачатку арганізавалі ў рамках тыдня дабра паказ фільма “Заплаці іншаму”, затым наведалі футравую зверагаспадарку каля вёскі “Азёры”, вынікам чаго стаў буклет у абарону рысі, які назвалі “Рысь – рэдкі жыхар беларускіх лясоў”. Сваімі сіламі знялі фільм “Паляванне – гэта знішчэнне жывёл ці...?”, у якім было паказана жыццё сучаснага паляўнічага на прыкладзе гадавальніка “Беларускі лес” Ваўкавыскага раёну. “Прынямоннем” былі арганізаваны два аўтатуры па Гродзенскай вобласці і паездка ў Белавежскую пушчу. У другі тур яны запрасілі і мяне, ды не аднаго, а разам з дачкою Наталляй, якая паступіла ў 2006 годзе на інжынерна-тэхналагічны факультэт.
За рулём трох аўтамабіляў былі Вадзім, Аляксей і Арцём. Калі мы ехалі з Арцёмам, мне здавалася, што ён першы раз сеў за руль аўтамабіля. Хутчэй за ўсё ён толькі-толькі атрымаў правы, ды яшчэ і не зусім упэўнена ведаў дарогу. Таму, на пад’ездзе да Ваўкавыска нас ужо чакаў Вадзім Дуброўскі. Мы адразу заехалі да гаспадыні гаспадаркі “Рускі лес”, у двары якой на прывязі пад дрэвам жыла 8-мі месячная мядзведзіца. Яна была настолькі адкормленая, што мела вялікі каўнер з тлушчу. Купілі яны яе недзе ў Жлобіне – у маці малой нарадзілася аж тры мядзьведзяняты, што з’яўляецца рэдкім, асабліва ў няволі. Паколькі мядзьведзіца ўжо значна падрасла, гаспадыня планавала пераправіць яе ў лес, дзе ў моцнай клетцы чакаў яе вялізарнейшы мядзьведзь. Такіх я яшчэ не бачыў ні ў адным заапарку.
Нас чакалі бацькі Вадзіма, якія багата накрылі стол. Маці яго, як аказалася, даводзілася роднаю сястрой Лёню Давыдзіку, з якім мы некалі вучыліся ў адной групе ў ГСГІ (зараз ужо мала хто і ўспомніць, што так раней называўся наш універсітэт – Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут, які быў адчынены амаль 60 гадоў назад, у далёкім 1951). Пакуль мы падсілкоўваліся, прагледзелі фільм, зняты Аляксеем Білецкім аб паляўнічай гаспадарцы, куды збіраліся заехаць. Таму, тое што мы пазней бачылі, было добра знаёмым. Пабывалі на замкавай гары, у Падароску каля нейкага маёнтка, які раней выкарыстоўваўся, як ветэрынарная аптэка. Затым пад’ехалі, да надта прыгожага будынка пачатку ХХ стагоддзя, як мне паказалася, падобнага на “Ластаўкіна гняздо” ў Крыму. Будынак не функцыянуе, але ахоўваецца надта стараннымі суседзямі, якія жывуць побач і нікому не дазваляюць набліжацца, асабліва на машынах. У прыватнай гаспадарцы мы пазнаёміліся з насельнікамі. У гэты дзень нарадзіліся шчаняты ў адной з сабак пароды Лайка, таму мы не маглі набліжацца да самых шматлікіх насельнікаў гаспадаркі. Другое месца па колькасці займаюць дзікія кабаны. Яны жывуць ў лесе, які абгароджаны моцным драўляным плотам. Частка кабаноў зусім ручная, але пагладзіць гэтых клыкастых веліканаў боязна. Другая частка дзікая і размяшчаецца ў глыбіні лесу. Ёсць тут і алені, казулі, лісы, ваўкі, барсукі, дзікія качкі … У прыватнай гаспадарцы “Рускі лес” (неяк дзіўна, што на Гарадзеншчыне ды не “Беларускі лес”). У другой палове дня мы заехалі на бераг нейкага возера, дзе размясціліся і ўзяліся за прыгатаванне шашлыкоў. З сабой захапілі не менш, як 8 кілаграмовых вёдраў з рабрынкамі, якія выпускаюцца Ваўкавыскім мясакамбінатам. Добра адпачыўшы, вечарам выбраліся на Гродна. Дзве машыны заставаліся ў Ваўкавыску, а на адной, загружанай пасажырамі больш чым дазваляецца, адправіліся да Гродна.
Наступным крокам была выстава “Флора і фаўна”, у якой прынялі ўдзел нават студэнты Акадэміі мастацтваў і БДУ з Мінску. Угодкі стварэння клубу адзначылі танцавальнай вечарынай для студэнтаў ФВМ ва універсітэцкай сталовай, а затым яшчэ быў семінар “Прырода ў нашых руках”. “Прынямонцы” ўдзельнічалі і ў іншых сустрэчах, звязаных з экалагічнымі пытаннямі. Напрыклад, былі на сустрэчы, на якой абмяркоўваліся праблемы “Прыпяцкага запаведніка”. Актыўна ўдзельнічалі ў дыскусіі, а затым давалі для карэспандэнтаў інтэрв’ю наконт прытулку для бяздомных сабак.
Восенню 2006 года сябры клуба, амаль што не ў поўным складзе, былі запрошаны прыняць удзел у семінары, што адбыўся ў Супраслі (РП) у рамках сумеснага праекту грамадскіх аб’яднанняў Беларусі, Польшчы і Украіны. Семінар меў экалагічную накіраванасць з элементамі экалогіі этнасу, традыцыйнай народнай культуры, экатурызму. На семінары сустрэлі і былых выпускнікоў ГДАУ, якія займаюцца фермерствам і агратурызмам. Гродзенская дэлегацыя прывезла з сабой выставу вырабаў народных майстроў з саломкі, пафарбаваных велікодных яек, вышытых абразоў. Семінар адбыўся 13-15.10.2006, меў назву “ХI спатканне з прыродай і мастацтвам” і быў арганізаваны Супрасльскім грамадскім аб’яднаннем “Uroczysko”. Сябры “Прынямоння” прымалі ўдзел ў абмеркаванні дакладаў, з адным з якіх давялося выступіць і мне. Адмысловай была і нацыянальная кухня, паспрабаваць усіх страў якой мы былі не ў сілах. Па сучаснай беларускай традыцыі, калі нават у рэстаране застаюцца на сталах якія прадукты, іх забіраюць з сабою. Вось і тут мы шмат іх упакавалі з сабою! А раніцай аказалася, што нашы студэнты за ноч усе запасы з’елі і нічога не пакінулі нават мне. Але ж і на наступны дзень кармілі нас не горш. Працягам з’явіліся яшчэ два семінары ў Супраслі (у сакавіку і пачатку чэрвеня), на якіх нашы студэнты былі прадстаўлены не ў такім поўным складзе. І калі на першай сустрэчы мы наведаліся ў музей царкоўных абразаў ў манастыры, які толькі ствараўся, то вясной ён быў ужо поўнасцю гатовы. Экспанатамі музея з’яўляюцца абразы, якія канфіскаваны за шмат гадоў на беларуска-польскай мяжы польскімі мытнікамі. У чэрвені адбывалася дзесяцідзённае свята, якое было прысвечана ў тым годзе пчале. Таму, на гэты раз нам давялося браць з сабой спецыяліста па апітэрапіі. Адзін дзень быў прысвечаны конкурсу бабкі і кішкі. Стравы рыхтавалі лепшыя гаспадары Беласточчыны і Супрасля. Ад Гродзеншчыны “кіндзюк”, найсмачнейшы, з араматнай прыправай з 12 спецый, быў падрыхтаваны Юрам Кучуком з Зельвы, але ацаніць яго маглі толькі сябры журы конкурсу ўжо пасля самога конкурсу. На нашу думку гаспадары баяліся, што першае месца дастанецца гарадзенцам і таму ўзнікла шмат праблем з сыравінай для стравы, а калі нам прапанавалі прадукты, прыгатаваць конкурсную страву можна было толькі на дзве гадзіны пазней, чым пачаўся сам конкурс. Вынікам конкурсу стала агульная кніга “Традыцыйныя стравы Беласточчыны і Гродзеншчыны” пад рэдакцыяй Яніны Чыжэўскай і Юрыя Качука, якую вельмі хутка выдалі ў Польшчы. Быў таксама конкур мясцовых налівак. Для нашай дэлегацыі была арганізавана экскурсія на прыватную вяндлярню, дзе мы, пакуль каштавалі, ледзь не з’елі ўсе гаспадарскія прыпасы (жартую). Незвычайная прадукцыя ішла добра, бо пад яе можна было паспрабаваць і арыгінальнага напою, прыгатаванага гаспадаром. Пазнавальнай і карыснай была і наша апошняя паездка ў Вігры, месца дзе калісьці спыняўся Папа Рымскі Ян Павел II. Сустрэчы праходзілі ў Замку Кармелаў (быў такі каталіцкі Ордэн, адным з галоўных абетаў у яго вернікаў - быў абет маўчання) пасярод возера, вечарам вогнішча і вячэра за сценамі Замка. Зноў такі, колькі было песень, размоў. Старэйшае пакаленне палякаў успомніла савецкія фальклорныя песні, якія мабыць у Польшчы толькі і спявалі раней. У нас бы за іх адправілі на Калыму. Былі цікавыя экскурсіі ў музей-сінагогу ў Сеннах, музей рыбакоў і народных рамёстваў недзе на памежжы з Беларуссю. Нас пазнаёмілі з абагрэвам будынкаў з дапамогай сонечных батарэй. У выніку апошняга семінару быў падрыхтаваны праект пад назвай “Зялёныя Лёгкія Еўропы”, у які, дзякуючы нашым намаганням, уключана ўся тэрыторыя Беларусі - замест яе нейкай часткі, як для Польшчы ці Украіны. Штосьці пакуль польскі бок маўчыць, як рухаюцца далей нашы агульныя праекты. Але, на семінарах мы не раз сустракаліся з навукоўцамі Варшаўскага аграрнага універсітэта (SGGW) і Акадэміі гуманістычнай імя А.Гейштара з Пултузка (Ірэна Катовіч-Баровы, Марэк Бальцэрак і іншымі), з якімі зараз працуем над падрыхтоўкай таксама экалагічнага праекту, у якім з боку Беларусі задзейнічаны наш ГДАУ і БДУ.