5-6 лютага 2008 года ў Полацку адбылася навукова-практычная канферэнцыя “Рэалізацыя ў ВНУ адукацыйных стандартаў новага пакалення”, правядзеннем якой займаліся Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы і Полацкі дзяржаўны універсітэт. Тэма канферэнцыі аказалася вельмі блізкай для супрацоўнікаў ГДАУ, якія своечасова накіравалі туды матэрыялы і ў выніку аказаліся ў лідэрах па іх колькасці. У юбілейным зборніку, які прысвечаны 40-м угодкам ПДУ, я налічыў 21 публікацыю сваіх калег па універсітэце. Так здарылася, што прысутнічаць на канферэнцыі давялося мне аднаму не толькі з ГДАУ, але і з Гродна (у зборніку прадстаўлены некалькі матэрыялаў з ГДМУ і ГДУ імя Я.Купалы).
Паколькі канферэнцыя прысвячалася юбілейнай даце ў жыцці ПДУ, у якасці падарункаў я захапіў з сабой некалькі цікавых выданняў. На пленарным паседжанні мне прадаставілі прывітальнае слова, у якім я адзначыў, што калі б не канферэнцыя, то і не ведаў бы, што ў Полацку ёсць універсітэт. Прыгадаў, як гадоў 20 назад удзельнічаў у рэстаўрацыі ў гэтым горадзе старажытных будынкаў, у якіх планавалася адчыніць музей кнігадрукавання (як даведаўся на наступны дзень, зараз такі музей сапраўды існуе ў Полацку). У адной з падараваных кніжак Аўгустоўскі канал паказаны толькі да рэстаўрацыі, таму я не ўстрымаўся і запрасіў удзельнікаў канферэнцыі наведаць Гродна, а заадно пабываць і на канале. Наколькі я ўжо ведаю і ў гэтым годзе для ўдзельнікаў нашых навуковых канферэнцый запланавана цеплаходная прагулка на Аўгустоўскі канал.
Яшчэ да паездкі ў Полацк я прыгадаў, што недзе там жыве мой даўні знаёмы, былы студэнт юрыдычнага факультэту ГДУ імя Я.Купалы Алесь Пугачоў. Мы з ім яшчэ ў 1990 годзе разам былі на першым “Басовішчы” (фестывалі беларускай рок-музыкі, які штогод ладзіцца беларускім аб’яднаннем студэнтаў Польшчы), а затым на святкаванні 580-х угодкаў перамогі ў Грунвальдскай бітве. Тэлефон я адшукаў яшчэ ў Гродна, ды і спаткаліся мы з ім у ПДУ перад пачаткам канферэнцыі. Алесь стаў кандыдатам навук, загадчыкам кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права і якраз у той момант, калі ён хваліўся сваімі выданнямі ля стэнда, арганізаванага да канферэнцыі, нас разам і сфатаграфаваў Іван Іванавіч Лузгін. Я адразу падумаў, што ён звычайны фатограф, але як аказалася па спецыяльнасці Іван Іванавіч крыміналіст і выкладае чатыры прадметы. Нядаўна ён патэлефанаваў і паведаміў адрас сайта ПДУ - www.psu.by. Так як я ўжо прадставіў адрас сайта з інфармацыяй аб канферэнцыі, спыняцца на тых праблемах, якія абмяркоўваліся, не буду, хоць і хацелася б падзяліцца неспакойнымі ўраджаннямі, якія засталіся ад выступленняў калег. Рознымі праўдамі і няпраўдамі я ўсё ж такі набыў некалькі экзэмпляраў матэрыялаў канферэнцыі, з якімі можна пазнаёміцца ў бібліятэцы ГДАУ. Ёсць такі надзея, што пры нашай беларускай ураўнаважанасці мы не вельмі хутка зможам нашкодзіць той сістэме адукацыі, якая зараз існуе. Канферэнцыя працягвалася, пасля двух пленарных паседжанняў адбыліся секцыйныя, а затым культурная праграма, якая супадала з маімі жаданнямі. У папярэдні мой прыезд у Полацк я чамусьці адмовіўся наведаць царкву, дзе жыла і манашаствавала Святая асветніца Беларусі Ефрасіння Полацкая. Хоць пісьменнік Уладзімір Арлоў, які жыў тады ў Новаполацку і запрашаў там пабываць. Ці не арганізавалі б нашы гродзенскія гісторыкі экскурсію ў самыя лепшыя мясціны Гродна? Арганізавалі б. Вось і ў Полацку гэтым займаліся спецыялісты, якія папрасілі манашку Свята-Ефрасіньеўскага манастыра (запамятаваў яе імя) правесці экскурсію. Думаю, мала хто з гродзенцаў бываў там у апошні час. Рэстаўратары адкрылі шмат фрэсак XII стагоддзя, і царква набыла сапраўдны дух таго часу. Як жа так, што і ў зімовы час Ефрасіння не мерзла ў царкве, у якой адсутнічала ацяпленне. Аказваецца, для гэтага выкарыстоўваліся спецыяльныя тэхналогіі энергазберагальнага будаўніцтва. Па вузкіх хадах у звыштоўстых сценах госці канферэнцыі пабывалі ў Яе маленькім працоўным пакоі, пасядзелі на тым месцы, дзе Яна клалася адпачываць.
Дзякуючы навукова-практычнай канферэнцыі мы пабачылі адноўлены крыж Ефрасінні, яе жалезныя абярэгі, ды і мошчы самой Святой, хоць ці можна іх назваць мошчамі, калі цела Ефрасінні без бальзамавання захавалася так, што ці ёсць у свеце яшчэ з чым іх параўнаць. І гэта, нягледзячы на здзекі, якія яна працярпела ў савецкія часы, патрапіўшы на выставу ў Маскву, а затым у адзін з Віцебскіх музеяў. І толькі ў 1943 годзе Ефрасіння трапіла ў свой манастыр, які больш не пакідала. Са сваімі просьбамі людзі звяртаюцца да яе і кажуць, што многім яна дапамагае, асабліва вярнуць здароўе. Сёстры-манашкі манастыра вядуць спецыяльную кнігу дзівосаў, якія здзяйсняе Святая Заступніца Беларусі.
Вечарам мы з дэлегатамі ад Гомельскага медыцынскага універсітэта наведалі бар Мікалаеўскі, інтэр’ер якога зроблены пад старыну і які значыўся ў спісе рэкамендаваных для гасцей канферэнцыі. Я налічыў там нават тры прасы над барнай стойкай, якія разаграваліся раней вуглямі, замест люстраў віселі колы ад конных вазоў з лампачкамі-лямпамі і шмат іншых рэдкіх прадметаў. Папілі мясцовага піва і крыху паелі. Хіба што было яшчэ надта рана і акрамя нас там нікога не было.
Наступны дзень пачаўся з экскурсіі па карпусах універсітэта, якую праводзілі два студэнты трэцяга курса гістарычнага факультэта. Дарэчы, акрамя гістарычнага, у будынках былога іезуіцкага калегіюма месціцца яшчэ і філалагічны факультэт. Абодва факультэты пераехалі у новыя старажытныя будынкі, рэстаўрацыя якіх працягваецца, некалькі гадоў таму назад. Такім чынам, 40-гадовы Полацкі дзяржаўны універсітэт аказаўся ў будынку, у якім з 1581 года размяшчалася старэйшая ў Беларусі вышэйшая навучальная ўстанова, прыступкі якой памятаюць сляды трох рускіх цароў. Яны то дапамагалі лепшай у той час на тэрыторыі ўсёй Расіі навучальнай установе, то недзе каля 1820 года зачынілі яе ўвогуле.
У калідорах са скляпеннымі зводамі шмат карцін - выпускных работ студэнтаў Віцебскай акадэміі мастацтваў, а ў зале, дзе адбываліся пленарныя паседжанні, усе сцены завешаны карцінамі, якія падаравала універсітэту Нінэль Шчасная. Універсітэту пасуе: то супрацоўніцтва са шведамі вылілася ў адкрыццё іхняй бібліятэкі, то выкладчык адной з кафедр ахвяраваў універсітэту сваю ўласную бібліятэку ў 20000 кніжак, якімі можа карыстацца любы студэнт ПДУ.
Загадчык кафедры айчыннай і ўсеагульнай гісторыі Дук Дзяніс Уладзіміравіч расказаў аб апошніх раскопках, якія яны праводзілі на месцы, дзе раней жыў Рагвалод. Раскоп быў глыбінёй толькі тры метры, але адшукалі не толькі упрыгожванні, гліняныя гаршкі і іншыя экспанаты. Вугляродны аналіз паказаў, што Полацк існаваў і ў VII стагоддзі да н.э. Пра сябе я адразу прыгадаў, як ў 1986 годзе мы капаліся на Замкавай гары ў Гродна. Раскоп тады быў глыбінёй 12 м, 4 з якіх адносіліся да XII стагоддзя. Хадзілі па вузкіх вулачках, агароджаных частаколамі паміж невялікіх драўляных будынкаў і не верылі, што ў такой цеснаце жылі гарадзенцы ў тыя часы. Вуглі, адкапаныя пад каменнымі сценамі, сведчылі аб пажарах яшчэ ў драўлянай крэпасці. Мы тады ганарыліся, што адшукалі дадатковую сцяну з плімфы, пабудаваную яшчэ ў XII па-за межамі крэпасных сцен. Тыя раскопкі паказалі, што Гродна існуе з Х стагоддзя. Полацк меншы за Гродна, значна старэйшы, але колькі цудоўных манументальных помнікаў Ф.Скарыну, С.Полацкаму і іншым (сярод якіх, праўда, трапіліся і 2 ці 3 Леніны)!
Такое ураджанне, што Полацка ў поўным аб’ёме я не пазнаў і ў гэты раз. Таму ёсць жаданне наведваць яго яшчэ і яшчэ...