24 красавіка 2009 года ў польскім горадзе Цеханаў адбылася міжнародная канферэнцыя, якая по-польску гучала “Współczesna turystyka w zrównoważonym rozwoju regionalnym” і праводзілася Акадэміяй гуманістычнай імя Аляксандра Гейштара разам з БДУ, ГДАУ і Фондам Зялёныя Лёгкія Польшчы.
Прыехалі мы з дэканам зоаінжынернага факультэта Яўгенам Добрукам вечарам і была яшчэ магчымасць паразмаўляць аб сумесных праектах з нашымі даўнімі знаёмымі – Марэкам Бальцэракам, Марцінам Бектам, Багуславам Стчыжэўскім за вячэрай. Да таго ж мы пазнаёміліся з іншымі прадстаўнікамі Беларусі, а таксама з прафесарам Генадзем Стацюхам з Кіеўскага політэхнічнага універсітэту. Апошні, хоць і ніводнага разу не быў на тэрыторыі Беларусі, але выслухаў нас і зрабіў сваё заключэнне – Беларусь у хуткім часе стане аб’ектам перанімання вопыту выжывання падчас крызісаў ва ўмовах невялікай лакальнай закрытай аўтаноміі.
Адкрыў канферэнцыю рэктар Акадэміі гуманістычнай прафесар Адам Касескі, пасля чаго гасцей павітала дэкан факультэта турыстыкі Марыя Фабіянска. З невялікімі прамовамі выступілі рэктар расійскага дзяржаўнага універсітэта імя Імануіла Канта з Калінінграду Андрэй Клемешаў, а таксама рэктар Народнага тэхнічнага універсітэту украіны Міхаіл Згуроўскі.
Мы праслухалі два выступы польскіх навукоўцаў Вітольда Ленарта і Збігнева Птасевіча аб развіцці турызму як на тэрыторыі Польшчы ў цэлым, так і рэгіянальна - на прыкладзе Мазовіі. Аб дзейнасці Фонду Зялёныя Лёгкія Польшчы паведаміў Крыштаф Вальфрам, наш даўні знаёмы па папярэдніх праектах, якія мелі на мэце стварэнне і прасоўванне праграмы пад агульнай назвай “Зялёныя Лёгкія Еўропы”.
Тэмай майго выступу, частку матэрыялаў да якога прадаставіў начальнік абласнога упраўлення па турызму і спорту Міхаіл Кажура, было развіццё турызму ў рэгіёне Аўгустоўскага каналу як у мінулым, так і зараз. Выступ суправаджаўся фотаздымкамі аб’ектаў канала, якія могуць быць цікавымі для патэнцыяльных турыстаў. Яўген Добрук расказаў удзельнікам канферэнцыі аб прадстаўніках жывёльнага свету, у тым ліку і занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі, якія пражываюць у прылягаючых да канала лясах і вадаёмах.
Цікавымі былі і выступленні навукоўцаў з БДУ, якія працуюць на факультэце міжнародных зносін: Вікторыі Анохінай, Святланы Хоміч, Насці Свірыд, а таксама студэнта – Арцёма Худобскага, які прадэманстраваў уласна распрацаваную відэарэкламу для турыстаў, якія збіраюцца наведаць Польшчу.