21 красавіка 2009 года ў актавай зале ГДАУ адбылася сустрэча былых цаліннікаў са студэнтамі універсітэта. Якраз споўнілася 55 гадоў, як пачалі асвойвацца цалінныя землі. Перад прысутнымі выступілі першы прарэктар ГДАУ Аляксандр Аляксандравіч Дудук, саветнік амбасады Казахстана ў Беларусі К.Е. Касабулатаў, прафесар У.П.Верхась, былыя цаліннікі Е.А.Артурава, П.І.Мозаль, сакратар універсітэцкагага ГА “БРСМ” Павел Язубец.
А пачыналася асваенне цаліны з таго, што на лютаўска-сакавіцкім Пленуме ЦК КПСС быў вылучаны смелы план асваення ў 1954-1955 гг. 13 млн.га цалінных зямель, з якіх планавалася атрымаць 1,1-1,2 млрд. пудоў хлеба. Да спецыялістаў і моладзі партыя звярнулася з заклікам паехаць у неабжыты край, разараць стагоддзямі некранутую цаліну і стварыць магутныя збожжавыя гаспадаркі.
У 1954 годзе ад Гродзеншчыны ў Казахстан паехалі 390 чалавек. Да лістапада ў райкамах і гаркамах камсамола вобласці меліся 4000 тысячы заяў ад жадаючых ехаць на асваенне цаліны. Гарадзенскай моладдзю былі поўнасцю ўкамплектаваны дзве збожжавыя гаспадаркі Казахстана “Раздольный” (саўгас) і імя Ілліча.
Адным з першых адправіўся на цаліну выпускнік ГСГІ 1955 года Аляксей Данілавіч Новікаў, які працаваў галоўным аграномам, дырэктарам саўгаса “Кузбас” Какчатаўскай вобласці. Ён выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета Казахскай ССР, быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Больш за 30 гадоў адпрацаваў на цаліне Леанід Аляксандравіч Рыжы. Пры гэтым ён быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга і ордэнам Дружбы Народаў.
У 1956 годзе Гродзенскі абкам камсамола накіраваў на ўборку ў Казахстан атрад моладзі з 532 чалавек, у які ўвайшлі студэнты Гродзенскіх сельскагаспадарчага і педагагічнага інстытутаў, навучэнцы Жыровіцкага і Лідскага тэхнікумаў механізацыі сельскай гаспадаркі. Старшынёй атрада быў сакратар Гродзенскага гаркама камсамола Раман Голікаў.
У 1957-1958 гадах ад Гродзенскай вобласці на ўборку ураджаю накіроўваліся па 1500 камсамольцаў. Як згадка аб тых гадах у Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі захоўваюцца два Чырвоныя сцягі, падараваныя Гродзенскай камсамольскай арганізацыі за актыўны ўдзел ва ўборцы ўраджаю. Усесаюзны ЛКСМ за удзел ў асваенні цаліны ў 1957 годзе быў узнагароджаны ордэнам Леніна, які быў уручаны ў Вялікім Крамлёўскім палацы на ўрачыстым Пленуме ЦК УЛКСМ Кліменціем Варашылавым. Ад Гродзенскай вобласці на Пленуме прысутнічалі першы сакратар абкама камсамола Рыгор Фамічоў студэнт сельгасінстытута Сяргей Гуліда. Сустрэчы цаліннікаў праводзяцца праз кожныя пяць гадоў. У 2004 годзе Прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў узнагародзіў юбілейным медалям “50 год цаліне” 32 былых цаліннікаў з ГСГІ і ГДПІ.
21 красавіка 2009 года, падчас сустрэчы цаліннікаў са студэнтамі ГДАУ, прысутныя паглядзелі фотахроніку тых гадоў. А я са шкадаваннем прыгадваю, як у мае студэнцкія гады ў шафе пакоя ў інтэрнаце на адной з паліц валялася вялікая колькасць фотаздымкаў з нашымі папярэднікамі, якія былі зроблены на цаліне. Падчас рамонтаў іх магчыма і выкінулі. Чаму ж было не забраць і не захаваць іх.
Спатканне цаліннікаў у музеі гісторыі ГДАУ: злева Іван Іосіфавіч Мікановіч, Яўген Уладзіміравіч Глінскі, Яўген Ісаевіч Валедаў, Цімафей Фёдаравіч Аляксандраў і Дзіна Пятроўна Шуранава
Тамсама – былыя студэнты-цаліннікі з педінстытута: Зоя Вікенцеўна Кірэй, Нона Ефімаўна Антонава, Нэлі Віктараўна Лашук, Ігар Міхайлавіч Лашук, Пётр Пятровіч Касцюк
Былыя цаліннікі буйным планам: Іван Мікановіч, Пётр Касцюк, Пётр Мозаль, Сяргей Ладуцька, Цімафей Аляксандраў
Прэзідыум сустрэчы пад час ўнясення сцяга: Уладзімір Паўлавіч Верхась, Кадыр Ермухаметавіч Касабулатаў, Аляксандр Аляксандравіч Дудук і Ірына Пятроўна Таранка
Цаліннікаў вітае першы прарэктар ГДАУ Аляксандр Дудук
У зале цаліннікі і студэнты: На першым плане Зоя Кірэй, у другім радзе Людміла Зазуля, Ева Артурава
За трыбунай выступае саветнік амбасады Казахстана ў Беларусі К.Е.Касабулатаў
Студэнткі ў нацыянальнай вопратцы ўручаюць кветкі ветэранам асваення цаліны
Агульны здымак на сцэне актавай залы ГДАУ ўдзельнікаў сустрэчы
Каля стэнда са старымі фотаздымкамі
Агульны здымак цаліннікаў перад уваходам у галоўны корпус на фоне сцяга ЦК ЛКСМ Казахстана, які быў падараваны атраду моладзі Гарадзеншчыны ў 1958 годзе