У гэты дзень атрымалі дыпломы 62 падрыхтаваныя на факультэце спецыялісты. Калісьці, у гады маёй вучобы, гэта быў самы вялікі факультэт, на які ў год набіралі 125 новых студэнтаў. Частка з іх паступала пасля заканчэння школы або тэхнікумаў, а частка тых, хто адслужыў у войску, - пасля падрыхтоўчага аддзялення. Але універсітэт рос, адчыняліся новыя факультэты і адбывалася гэта часткова за кошт зоаінжынернага. Спачатку ад яго адпачкаваўся эканамічны, затым ветэрынарны, а пасля і інжынерна-тэхналагічны факультэты. Частка студэнтаў па розных прычынах не давучылася і перавялася для працягвання вучобы на завочнае аддзяленне.
Здаецца, не было ніводнага выпуску зоаінжынераў, настолькі блізкіх для мяне, як у гэтым годзе. Не ведаю, ці ёсць сярод іх хаця б адзін, ад каго я не атрымліваў бы віншаванні ў выглядзе SMSак да Новага года, Калядаў ці Вялікадня. Шкада толькі, што памяці тэлефона было недастаткова, каб іх усе захаваць. Шмат хто з іх карыстаўся маёй прыватнай бібліятэкай. Асабліва гэта датычыла Зміцера Веліча, які перад канікуламі набіраў не менш, чым па 20 кніжак, прычым адбіраў ён іх імгненна, самыя каштоўныя, з вельмі рэдкімі аўтографамі аўтараў. Ён і зараз яшчэ недзе трымае кніжку паэта Анатоля Сыса “Агмень”, бо ведае, што яе можна абмяняць на “Пан лес”, які я маю ў двух экзэмплярах. Сярод выпускнікоў нямала прыхільнікаў рок-музыкі. Я ж і сам калісьці быў такім, таму і займаўся арганізацыяй міжнародных фестываляў “Рок-крок” у Гродна ў 1987, 1988 і 1989 годзе. А пазней у нашага Маладзёжнага Цэнтра пры гаркаме ЛКСМБ ужо чамусьці не даставала сродкаў. Нашы сябры, беларускія студэнты з Польшчы, у 1990 годзе пачалі ладзіць беларускія рок фестывалі ў Гарадку, што на Беласточчыне. Тыя фестывалі кожны год мяняюць сваю сімволіку (сімвалам першага была “з крыламі свіння”), але фестывалі маюць і пастаянную штогадовую назву “Басовішча”. З 90-га года я шмат разоў бываў там разам з нашымі гарадзенцамі, ведаю, што на “Басовішчы” бываюць і нашы студэнты. Прыезд кожнай рок-групы ці музыкальнага калектыву ў Гродна ніколі не быў для мяне сакрэтам, бо хлопцы заўсёды цікавіліся, ці пайду я на той ці іншы канцэрт. Мы з імі наведвалі і канцэрты бардаўскай музыкі, бо так склалася, што гадоў з дваццаць, як я добра знаёмы не толькі з рок-музыкантамі, але і з найлепшымі беларускімі выканаўцамі сваіх песен. Будучыя зоаінжынеры пабывалі і на сустрэчах з вядомымі беларускімі пісьменнікамі і паэтамі.
Аднаго разу я сустракаў Новы год у сваёй цёшчы ў кватэры на вуліцы Соламавай, пад раніцу да нас далучыліся Раман Трахімчык і Ігар Бялко, якія, як аказалася, пражывалі ў тым жа раёне. Колькі гадоў запар зоаінжынерны факультэт займаў першае месца, а то і Гран-пры ў Шоу першакурснікаў нашага універсітэта. Шмат сіл і часу для гэтага аддавалі Сяргей Рыбак, Віталь Маршалін. Ёсць спадзяванне, што і далей студэнты зоаінжынернага факультэта змогуць працягваць добрыя традыцыі перамог, якія якраз і пачыналіся з першакурскнікаў, набраных у 2003 годзе, паколькі хлопцам дапамагалі рыхтаваць першакурснікаў дзяўчаты з 4-га курса Лена Кудравец і Вольга Кемежук.
Мастацкая самадзейнасць была не адзіным захапленнем сённяшніх выпускнікоў, шмат хто сур’ёзна займаўся і спортам. Калісьці я перажываў, асабліва за Дзіму Крышаловіча, які займаўся рукапашным боем. У яго і так быў пераламаны нос, а тут, глядзіш, і “апошнія мазгі адстукаюць”. Але хваляваўся я дарма. Толькі зараз даведаўся, што ён праз год атрымае яшчэ і дыплом па іншай, эканамічнай спецыяльнасці. Стала ўжо традыцыяй, што значная колькасць нашых студэнтаў атрымлівае дыпломы аб другой адукацыі. Калі пытаешся ў былога студэнта аграрнага універсітэта дзе небудзь на вуліцы: “Дзе працуеш? Чуеш у адказ: “Буду перабірацца ў Гродна, а то сорамна з двума дыпломамі працаваць у раёне”. Памятаю студэнта з першай групы Сашу Кохана, якога адлічылі з другога курса, паколькі Аляксандр Данілавіч Шацкі па генетыцы не дапусціў яго да экзамена. Хадзілі хадатайнічаць мы разам, ды нічога не атрымалася. Нягледзячы на гэта, выпускнікі з задавальненнем сфатаграфаваліся з Шацкім у дзень атрымання сваіх дыпломаў. Патэлефанаваў Кохану і запытаў, як маецца. Пасля выключэння з універа працаваў у Гродна, а зараз ляжыць ужо трэці месяц у бальніцы з пераламанай нагой. Абрэзваў на сваёй Навагрудчыне сад і зляцеў з яблыні.
Урачыстасць пачалася з выступлення рэктара В.К.Песціса. Дэкан факультэта Яўген Альбертавіч Добрук у сваім выступленні адзначыў, што старшыня Дзяржаўнай камісіі па здачы дзяржэкзаменаў і абароне дыпломных прац Герой Беларусі, старшыня СВК “Прагрэс” Васіль Афанасьевіч Рэвяка высока ацаніў веды, якія паказалі нашы студэнты на гэтых высокіх іспытах. Я нават чуў, што Раману Трахімчыку на абароне дыпломнай выставілі адзнаку “10”, што не так часта здараецца. Яўген Альбертавіч прыгадаў, што жывёлагадоўля - галоўная галіна сельскай гаспадаркі і праца астатніх (раслінаводства, механізацыі) накіравана на яе забеспячэнне. Нядаўна сустракаўся са старшынёй свайго роднага калгаса “Беларусь”, што ў Ляхавіцкім раёне Бусько Віталем Іванавічам, аднагрупнікам як Яўгена Добрука, так і Васіля Рэвякі. Ён пахваліўся, што прывесы ў нашым, зараз неабсяжным калгасе, самыя высокія, але асноўны даход дае не жывёлагадоўля, а раслінаводства. Намеснік дэкана Наталля Генрыхаўна ў сваім выступленні гаварыла словы, якія ішлі з глыбіні душы. Прыпомніла, што было на практыцы рознае. І сапраўды, мне яна перад экзаменам па мікрабіялогіі патэлефанавала, каб ні ў якім разе не прымаў экзамен у аднаго студэнта. Ён прыйшоў з дазволам на здачу, падпісаным Яўгенам Альбертавічам, якому я патэлефанаваў ужо сам. “Прымай, - сказаў ён, - табе ж дэкан гаворыць, а не намеснік”. І сапраўды, той студэнт скончыў вучобу. Не ведаю, ці выбіўся ў выдатнікі, але спадзяюся, што сельская гаспадарка атрымала яшчэ аднаго спецыяліста.
Лепшых студэнтаў абвязалі стужкамі: выдатнікаў, спарцменаў, актывістаў. Уручылі дыпломы. Што было крыўдным для наглядальніка збоку, гэта тое, што нашы выпускнікі не навучыліся расцягваць такія прыемныя хвіліны ў жыцці. Я не паспяваў націскаць кнопку фотаапарата, як яны несліся з дыпломамі ўжо назад. Тое ж самае і з букетамі кветак. Яны ўручаліся неяк у палёце, імгненна. Ніводнага добрага кадра. Ад курса падаравалі дэканату карціну з нёманскім пейзажам, якая ўжо вісіць на сцяне дэканата. Пасля перапынку быў апошні студэнцкі капуснік. Акумулятары майго фотаапарата здохлі, і я спытаў намесніка дэкана Аляксандра Міхайлавіча Тараса, чаму ён не фатаграфуе. “Не магу адарвацца, так цікава,”- быў адказ. На ўручэнні дыпломаў прысутнічалі і бацькі асобных студэнтаў. Магчыма, наступныя некалькі фотаздымкаў нагадаюць асобныя моманты з жыцця выпускнога курса і іх апошняй сумеснай урачыстасці ў сценах роднага універсітэта. Уручэнне дыпломаў адбывалася на сцэне падрыхтаванай для вячэрняга конкурсу “Міс універсітэта”.