Гэты дзень запамінальны як для выпускнікоў, так і для тых хто іх вучыў. Таму ў зале былі шматліка прадстаўлены выкладчыкі факультэта ветэрынарнай медыцыны. У гэтым годзе факультэт закончылі 68 студэнтаў, сярод якіх аказалася 8 выдатнікаў вучобы, якія былі ўзнагароджаны ганаровымі лентамі. Такімі ж лентамі дэкан факультэта Міхаіл Аркадзевіч Каўрус павязаў і актывістаў курса, такіх як Міша Віткоўскі, Насця Пятрова, Каця Лазюк, Наталля Ячнік, Ірына Апарына… На курсе вучыліся і спарцмены, якія былі таксама адзначаны - Света Гаўрылава, Наталля Ячнік, Уладзімір Мартынчык, Андрэй Макавесаў…
Для мяне асабіста гэта быў самы незнаёмы курс, ніводнага прадмета на якім я не выкладаў. Першыя выпускі памятаю лепш і амаль усіх, паколькі выкладаў у іх агульную мікрабіялогію на другім курсе, а затым яшчэ чытаў некалькі лекцый па імуналогіі на трэцім. Пасля летніх канікулаў, калі заходзіў на першую лекцыю ў новым годзе, студэнты выказвалі сваю радасць апладысментамі, свістам, здавалася сцены старога будынка ветфака не вытрымаюць, і калі б я не ведаў, што менавіта так сустракаюць гледачы выхад на сцэну якой-нібудзь рок-групы тыпу “NRM”, мог бы і спалохацца. Многія звярталіся за дапамогай, парадамі, нават ужо працуючы ў гаспадарках, тэлефанавалі і пыталі як правільна правакцынаваць жывёлу. Мы разам бывалі на розных цікавых імпрэзах, асабліва канцэртах, арганізатарам якіх у горадзе тады я яшчэ часцяком бываў. З гэтым жа выпускам мы больш былі знаёмы па маіх дзяжурствах у інтэрнаце. Асобнага інтэрнату ветфак тады не меў і студэнты гэтага выпуску жылі з аграномамі. Я добра памятаваў у якіх пакоях жылі студэнты-ветэрынары і кожны раз наведваў іх. Пад час такіх наведванняў мы шмат размаўлялі. Гэта было станоўчым у тых дзяжурствах, якія на маю думку зусім непатрэбны. Каму прыемна, каб кожны вечар нехта з выкладчыкаў заходзіў у пакой і перашкаджаў займацца каму вучобай, каму вячэрай, а каму проста адпачынкам?
Арганізавана студэнты зайшлі ў залу за сваім дэканам і яго намеснікамі. Міхаіл Аркадзевіч Каўрус у выступе адзначыў, што група студэнтаў-выпускнікоў гэтага года на алімпіядзе ў Белай Царкве на Украіне заняла 3-яе месца з 14 магчымых. Гэта вялікая перамога нашага маладога факультэта, паколькі ў алімпіядзе ўдзельнічалі ўніверсітэты і акадэміі з Расіі, Украіны і Беларусі. Два гады таму падобная перамога была атрымана на алімпіядзе ў Віцебску. Тады таксама трэцяе месца было за нашым універсітэтам і яго ветэрынарным факультэтам. Дэкан не пашкадаваў слоў і сказаў, што гэты выпуск быў найлепшым. Ці толькі згодны з яго словамі выпускнікі папярэдніх трох выпускаў? Перад выпускнікамі выступілі яшчэ прафесары, дактары навук Аляксандр Уладзіміравіч Глаз і Магдалена Рыгораўна Вялічка. З адказным словам ад студэнтаў, якія завяршаюць вучобу выступіў Уладзімір Мартынчык. Яму пры гэтым давялося яшчэ трымаць у руках падарунак для роднага дэканата, з чым ён справіўся як сапраўдны спарцмен. Да “апошняга званка” студэнты выпусцілі газету, падрыхтавалі невялікі канцэрт. У іх на перадзе яшчэ дзяржэкзамены і абарона дыпломных прац. Звычайна студэнты іншых факультэтаў фатаграфаваліся ля будынка універсітэта. Фотаздымкі ў зале не надта атрымаліся, але некалькі з іх прадстаўлены далей.