Так назваў я іх, паколькі працуюць гэтыя студэнты ўжо не першы год. Яшчэ ў 2006 годзе, калі мы ездзілі з экалагічнай суполкай ФВМ “Прынямонне” у гэтак званы аўтапрабег, за рулём нашага аўтамабіля сядзеў Арцём Шамонін. Тады мне здавалася, што ён толькі-толькі навучыўся ездзіць і вось-вось у што-небудзь урэжацца, але абыйшлося без гэтага. Тады мы пазнаёміліся з ім, а ў гэтым годзе я вёў заняткі па мікрабіялогіі ў яго групе, у якой аказаўся яшчэ адзін “будаўнік” Сяргей Краўцэвіч.
Апошні вучыўся вельмі добра і атрымаў у Станіслава Браніслававіча Пазняка высокую адзнаку на экзамене. З Аляксеем Лабацкім мы магчыма знаёмы больш праз Інтэрнэт, дзе “Вконтакце” ёсць даволі вялікая група студэнтаў і выпускнікоў ФВМ, якія ўключаюць мяне часам у кола сваіх сяброў. Аляксей здаецца ці не самы актыўны там. Група ветфака выставіла шмат фотаздымкаў з жыцця факультэта: ёсць там і дэкан, і прадстаўнікі КВЗнаўчай групы, і розныя аперацыі на жывёлах, і нават студэнты-рамонтнікі, хоць пакуль не ўсе альбомы гэтай групы я праглядаў. Думаю вялікая заслуга ў развіцці гэтай групы належыць Славу Каўрыгіну, які адпрацаваў два гады, а зараз працуе ў Даніі. Мне вельмі запамятаўся яго ўдзел у шоу першакурснікаў (на тым жа курсе вучыўся і Дзіма Воранаў, які зараз займаецца ў нашай аспірантуры). Ветфак у тым годзе заняў першае месца.
Думаю, майстэрства хлопцаў узрастае год ад года. Яны размалёўваюць сцены ветфака ў колеры, якія радуюць вока, ды яшчэ і пішуць на іх нешта па латыні. Шкада, ніколі не вывучаў гэтай мовы. Нядаўна ў аўтамабільнай аварыі загінуў Юра Кісялеўскі, мой даўні знаёмы па Інстытуту біяхіміі і медыцынскім універсітэце. Ён быў біяхімікам і некалькі эксперыментаў на мышках мы праводзілі разам. Не ведаю, як у апошнія гады, але раней ён захапляўся перакладам вершаў з англійскай, нямецкай і лацінскай мовы на беларускую. Аднойчы з паэтэсай Данутай Бічэль-Загнетавай мы былі ў гасцях у знакамітага беларускага літаратара Адама Мальдзіса. Калі ён даведаўся аб літаратурных перакладах Юры, то перадаў праз нас яму нейкі вельмі вялікі і каштоўны слоўнік. Некалькі разоў мы з Юрам разам выступалі ў розных аўдыторыях – у школах і на гродзенскіх прадпрыемствах. На адну з першых ладжаных намі канферэнцый, якая прысвячалася 300-годдзю Гродзенскай аптэкі з Вільні прыязджаў урач Віктар Кутарга, які паходзіў са старажытнага беларускага шляхецкага роду. Тады ён прадэманстраваў мне свае веды ў латыні, усю дарогу, што ехалі ў аўтобусе, гаварыў нешта па латыні і перакладаў затым на беларускую мову.