І сапраўды. Я ўжо пісаў, што другі год да нас паступаюць на стацыянар студэнты з гэтай рэспублікі. Адзін з іх вучыцца нават на першым курсе аховы раслін, і паколькі я там чытаю лекцыі па мікрабіялогіі часам прыходзіцца задумвацца, бо ўзнікаюць пытанні па ўзбуджальніках хвароб табака, напрыклад, аб якім у нас амаль і не чуваць.
Калі хто і вырошчвае яго, то здаецца на прыватных агародах. Часта вельмі даводзіцца сустракацца і з завочнікамі, якія прыязджаюць вучыцца на эканамічным факультэце. Неяк запытаў колькі іх там? Аказалася, што толькі на другім курсе вучыцца 13 чалавек. Зрабіў пару здымкаў у галоўным корпусе і столькі ж у нашым, дзе яны здавалі экзамен па вышэйшай матэматыцы намесніку дэкана завочнага факультэта Аляксею Дзяніскаўцу. Ведаю, што будуць шукаць фотаздымкі ў адным з маіх альбомаў на сайце “Укантакце”, але ж ім будзе прыемна пабачыць сябе і на галоўнай старонцы сайта УА “ГДАУ”. У любым выпадку нам не трэба ехаць у далёкі Туркменістан з агітацыяй паступаць у наш універсітэт. Гэтым зараз займаюцца тыя, хто прыехаў на вучобу, запрашаючы паступаць у Гродна сваіх знаёмых. Думаю летам, студэнты, якія ў нас вучацца, змогуць падтрымаць выхадцаў з Туркменістану на чарговым фестывалі нацыянальных культур у Гродна. І далей некалькі здымкаў завочных студэнтаў з далёкай ад нас краіны СНД, у якіх зараз пачалася сесія.
Пры наведванні кафедры грамадскіх навук даведаўся, што першакурснікам вельмі цяжка даецца такі прадмет, як філасофія. Частка з іх захацела здаць яго на тыдзень раней, каб датэрмінова адправіцца на радзіму, бо наступалі якраз 4 дні выхадных. Тэлефон на кафедры разагрэўся ад званкоў з Мінску, бо кіраўніцтва туркменскай дыяспары тэлефанавала загадчыку кафедры Любоў Леанідаўне, каб яна дапамагла са здачай экзамену. Але што яна магла зрабіць, калі прадмет вядзе такі суворы дацэнт, як Генадзь Арсенцьевіч Ганусевіч! Тут і нашы студэнты не заўсёды здольны справіцца са здачай гэтай незразумелай філасофіі. Ведаю студэнта завочніка, які не здаў філасофію і плюнуў на тую вучобу на біятэхналагічным факультэце, хаця яна не была бы лішняй, бо як нядрэннага спецыяліста адзін з мясакамбінатаў накіроўваў яго на стажыроўку нават у Францыю. А тое, што дыяспара мае сувязі са сваімі суайчыннікамі вельмі прыемна, бо наўрад ці беларускія дыяспары ці пасольствы ў іншых краінах так клапоцяцца пра выхадцаў з Беларусі. Я і сапраўды ўжо быў падумаў, што тыя студэнты і мовай рускай не валодаюць, але ж пасля сустрэчы ў сваім ветэрынарным корпусе пераканаўся, што яны добразычлівыя, прыветлівыя, гаваркія. З задавальненнем папазіравалі перад фотакамерай.