Пабудаваны сабор на вуліцы Ажэшкі быў на пачатку ХХ стагоддзя на грошы, якія збіраліся вайскоўцамі, што служылі тады ў Гародні і яе ваколіцах. Збіралі яны іх першапачаткова на помнік воінам, якія загінулі падчас руска-японскай вайны, але грошай аказалася столькі, што на іх пабудавалі не толькі царкву, але і вайсковы шпіталь. Асобныя воіны ўвекавечаны ў надпісах на мармуровых шыльдах на сценах царквы.
Няма звестак аб тым, што ў нейкія часы служба ў царкве вялася па-беларуску. Наколькі я ведаю, беларускамоўнае служэнне адбываецца штотыднёва ў нядзелю а 15 гадзіне ў Фарным касцёле, дзе збіраецца ўся гарадзенская інтэлігенцыя. Калі да каго са сваіх знаёмых не тэлефаную, у гэты час яны абавязкова задзейнічаны на службе ў тым касцёле.
Праваслаўнага святара Міколу я ведаю ўжо больш за 10 гадоў, яшчэ да яго паступлення на вучобу ў Жыровіцкую духоўную семінарыю. Зрэдку сустракаліся дзе-небудзь на вуліцах горада, віталіся, часам размаўлялі. Для гасцей нашага універсітэта ён праводзіў экскурсію па саборы і тады я даведаўся шмат новага. Нават калі ў гэтым годзе памерла мая маці, я патэлефанаваў яму з дарогі і ён паабяцаў памянуць яе падчас службы. Яшчэ вясной ён пры сустрэчы падзяліўся, што ў жніўні ў яго плануецца вянчанне, для якога спецыяльна царкоўны хор рыхтуе беларускамоўныя тэксты. Падумалася, хоць бы не прапусціць. І неяк на днях я спаткаў яго на вуліцы разам з будучай матушкай, маладзенькай прыгожай дзяўчынай – Веранікай. Яны і запрасілі прыходзіць 3 жніўня на іх вянчанне. Народу ля царквы сабралася як ніколі, бо акрамя запрошаных гасцей на вянчанне Міколы і Веранікі прыйшлі і яго прыхажане. У самім вянчанні ўдзельніцалі ці не ўсе святары царквы, а таксама сябры па вучобе ў семінарыі. Калі Мікола пасля ўсяго, што адбылося спытаў у мяне “Ну, як табе абрад вянчання па-беларуску?”, я адказаў яму – “выдатна”.
Добрае пачынанне зроблена. Пасля гэтага кожны, хто бярэ шлюб і ідзе вянчацца мае магчымасць заказаць гэты абрад на роднай мове. Пішу аб гэтым на нашым сайце таму, што бачу як рана нашы студэнты пачалі браць шлюб. Магчыма гэтаму спрыяе тое, што сямейным парам прадастаўляецца пакой у інтэрнаце універсітэта. І гэта радуе. Бо ва ўсе ранейшыя часы, якія б хваробы ці ворагі не выкошвалі насельніцтва гэтых тэрыторый, яно хутка адраджалася за кошт высокай нараджальнасці. А зараз, на маю думку, - за кошт больш хуткай змены пакаленняў. Калі я сам гуляў да 31 года, дык мая дачка выйшла замуж і нарадзіла сваю дачку якраз у 18,5 гадоў. Далей некалькі фотаздымкаў з выдатнай падзеі ў жыцці нашай праваслаўнай царквы.