Падчас канферэнцыі працавалі секцыі па агранаміі, ахове раслін, бухгалтарскім уліку і сацыяльна-гуманітарных навуках. На агранамічнай секцыі выступілі госці з іншых навучальных і навукова-даследчых устаноў: Інстытут пладаводства прадстаўлялі Сяргей Ярмоліч і Віталій Васеха, Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію - Наталля Дуктава, Інстытут меліярацыі – Ірына Вага, Інстытут земляробства – Алена Клыга.
У апошняй, калі яна вучылася ў ГДАУ, я выкладаў мікрабіялогію. Напярэдадні разам з ёй вяртаўся з Мінску з семінару па адукацыі дарослых з выкарыстаннем біяграфічнага метаду. Разгаварыліся. Я прыгадаў амаль ўсіх студэнтаў з яе падгрупы, хто і з кім сядзелі разам у аўдыторыі, хаця мінула з таго часу больш за 10 гадоў. З іх 4 чалавекі сталі кандыдатамі навук, займаюць адказныя пасады. Ды і сама Лена двойчы пабывала на стажыроўках за мяжой, займае пасаду старэйшага навуковага супрацоўніка, за што атрымоўвае зарплату большую, чым я за паўтары стаўкі дацэнта з усімі даплатамі.
На канферэнцыі ўпершыню прысутнічалі госці з Літоўскага аграрнага універсітэту (Lithuanian University of Agriculture) з Каўнаса. Ужо некалькі разоў я дасылаў свае матэрыялы на іхнія канферэнцыі, а таксама і прарэктар па навуцы нашага універсітэта Сяргей Анатолевіч Тарасенка, з якім мы прымалі ўдзел у навуковай канферэнцыі ў Каўнасе два гады таму. Ды, і зараз атрымалі чарговыя запрашэнні на канферэнцыі ў Каўнасе і Клайпедзе. З нашых літоўскіх калег на канферэнцыі выступілі Вітаўтас Піліпавічус, Паўліус Керпаўскас і Юрайтэ Надзейкінэ. Магчыма, літоўскія навукоўцы прымуць удзел і ў працы іншых секцый канферэнцыі, якія адбудуцца на працягу мая. На іх збіраецца прыехаць значна больш замежных гасцей – з Польшчы, Літвы, Расіі, Украіны, але аб гэтым у наступных матэрыялах. Далей фотарэпартаж аб прайшоўшай канферэнцыі, але як аказалася наш фатограф Насця Халько зрабіла здымкі толькі з аднае секцыі.