Студэнты і выкладчыкі ГДАУ прынялі актыўны ўдзел у святкаванні юбілейнага Дня Перамогі. Напярэдадні свята былі калектыўна павіншаваны ветэраны вайны, якія працавалі ў аграрным універсітэце, які раней называўся сельскагаспадарчым інстытутам.
У савецкія часы 1 Мая звычайна адбываліся парады войск і прымусовыя дэманстрацыі працоўных, студэнтаў ды школьнікаў. Паспрабуй толькі не з’явіся. Хітрылі як маглі. Адзначаліся каля інстытута, а па дарозе змываліся на які-небудзь дадатковы цягнік, бо дызеляў тады, наколькі памятаю ў бок Баранавічаў Брэсцкай вобласці не было. Вялікай радасцю была трэцяя драўляная паліца ў цягніку, які хадзіў ад Гродна да Гомеля. Усё было бы добра, калі б не каплі кандэнсату, які пастаянна капаў са столі вагона. Ды калі ўлезеш у вагон – гэта ўжо было за шчасце. Свята гэтае для мяне заўсёды было двайным, бо нарадзіўся калісьці якраз падчас пачатку ваеннага параду ў Маскве. Магчыма і не было бы гэтага другога свята, калі б маці не спяшыла пасадзіць бульбу напярэдадні. Пасадзіла… Ад першага класа ўдзельнічаў у дэманстрацыях па вёсцы, у якой знаходзілася мая школа. Рыхтаваліся загадзя: рабілі папяровыя кветкі, вырэзвалі з картону фігуркі галубоў, расфарбоўвалі іх. Шэсце было такім, што не было бачна ні канца ні края, бо ў ім удзельнічалі не толькі маладыя, але і старыя. І ў Гродна заўсёды дыктар тэлебачання Гена Міхно, ці якая партыйная сакратарка па чарзе выкрыквалі лозунгі кшталту Слава КПСС, Слава савецкай моладзі….у адказ на што гучала магутнае уррааааа. Нашы ж ішлі і крычалі нешта сваё: няхай жыве Таранда – будучы дэкан аграфака! Урааааа! Што вельмі было дзіўна, бо ніколі не планаваў працаваць у галіне вышэйшай адукацыі.
Дзень Перамогі таксама святкавалі, але без пышных парадаў і дэманстрацый. Там, дзе існавалі Курганы Славы, каля іх збіраліся ветэраны і моладзь. Але ж у кожным раёне ёсць месца, дзе пахаваны воіны, што ўдзельнічалі ў вызваленні раёна. Туды на калгасным транспарце прыязджалі ветэраны і ўсе жадаючыя – было невялікае шэсце, ускладванне вянкоў і кветак, канцэрт самадзейнасці. Свята завяршалася гулянкай, бо спіртныя напіткі ніхто не забараняў. Памятаю, як у Жабінкаўскім раёне моладзь калгаса, у якім я працаваў аграномам, склалася пакрыху, закупілі скрынку гарэлкі і накіраваліся ў калгасны сад. Ды не зусім разлічылі свае сілы, бо хлопцаў было няшмат, астатнія чамусці дзяўчыны, якія шмат не пілі…. Некалькі разоў даводзілася ўдзельнічаць у святкаванні 9 мая ў Бераставіцкім раёне, дзе ў гэты дзень адчынялася дзяржаўная мяжа і вялікая калона з жыхароў Беласточчыны пераходзіла яе, каб прыняць удзел у Свяце. Выступалі польскія калектывы мастацкай самадзейнасці, нашыя таксама, у тым ліку і народны ансамбль песні і танца “Нёман”, у якім я тады танцаваў. Адбываліся сустрэчы польскіх і нашых ветэранаў пры ўсіх іхніх узнагародах. Недзе ў альбомах захоўваюцца фотаздымкі тых часоў.
У гэтым годзе адбыліся юбіленыя ўгодкі. Адзначаліся 65 гадоў, як была атрымана Перамога. Таму і ў Гродна па пляцы Леніна прамаршыравалі войскі Гродзенскага гарнізона, сабралася шмат гараджан. Было бы сказаць няпраўду, што яны прыйшлі самастойна. Разнарадка па арганізацыях усё ж была. І там вельмі лёгка было адшукаць сваіх па сцягах і лятаючых высока ў небе шарах з надпісамі арганізацый, якія прымалі ўдзел у святкаванні гэтага дня Перамогі. Недзе з 1986 года стараўся не ўдзельнічаць ў такіх маршыраваннях, што было пратэстам таму, як замест мыцця вуліц пасля Чарнобыльскай аварыі ўсіх пагналі на першамайскую дэманстрацыю. Адна з жанчын Інстытута біяхіміі на наступны дзень прынесла на даследаванне сваю спадніцу, якая з белай перафарбавалася ў колер застылай крыві. Як аказалася – гэта быў кандэнсат радыяактыўнага ёду. Але галоўнай прычынай была іншая. Спачатку дэманстрацыі віталі гарадскія вярхі на Савецкай плошчы. Пасля іх чамусці перанеслі на плошчу Леніна. Каб дэманстрацыям шчаслівых гараджан нічога не перашкаджала, уладамі горада планавалася знесці будынак гарадскога архіву – помнік архітэктуры XVIII стагоддзя. Вялікіх намаганняў каштавала грамадзкасці горада яго адстаяць, але частку будынку ўсё ж знеслі. Дакладная копія тае прыбудоўкі на тры вакенцы існуе і зараз на процілеглым баку плошчы Тызенгаўза.
Парушыўшы свае прынцыпы пайшоў глянуць, хто ж с аграрнікаў там прыйшоў на свята. Тым больш, што з рання туды накіраваліся і мае сын і дачка, адзін ад школы, другая - ад універсітэта. На плошчы былі намеснікі дэканаў, выкладчыкі са студэнтамі з факультэта аховы раслін, эканамічнага і інжынерна-тэхналагічнага факультэтаў. Пазней я даведаўся, што і аграномы ахоўвалі вайсковую тэхніку, якая была выстаўлена на плошчы Жылібера. Свята было добра арганізаваным. Нямала сабралася і ветэранаў. Шкада, што многія з іх могуць не дажыць да наступнай юбілейнай гадавіны Перамогі. Гады бяруць сваё… Ветэраны ад нас адыходзяць. Таму, гэтае свята захаваецца ў памяці сучасных студэнтаў і школьнікаў на многія гады. Вечарам каля інтэрнату ФВМ на вуліцы Парыжскай камуны збіраліся прадстаўнікі гэтага факультэта для ўдзелу ў канцэртце на Савецкай плошчы. Трымалі не толькі сімволіку аграрнага універсітэта, але і сцягі з літарамі БРСМ. Падалося, што нашая арганізацыя моладзі такога кшталту ці не адзіная ў горадзе. Калонай рушылі на плошчу ды крыху затрымаліся каля кабінак з металашукальнікамі. Атмасфера свята можа быць перададзена праз шэраг фотаздымкаў студэнтаў і выкладчыкаў аграрнага універсітэта, зробленых у той дзень.
Матэрыял падрыхтаваны
дацэнтам кафедры
мікрабіялогіі і эпізааталогіі
Мікалаем Таранда