Мяне, як і штогод, метадычны аддзел не ўключыў у склад аргкамітэта, але ж ведаючы наколькі на высокім узроўні былі арганізаваны дзве папярэднія падобныя канферэнцыі, пастараўся запрасіць як мага больш прадстаўнікоў іншых ВНУ. Каго з іншых краін могуць надта ж хваляваць праблемы беларускай вышэйшай школы. Але, паўдзельнічаць у канферэнцыі быў гатовы нават старшыня Савета маладых вучоных Кыргізіі Уланбек Мамбетакунаў, які нават будучы год на стажыроўцы ў ЗША падтрымліваў з намі сувязі, цікавіўся канферэнцыямі і змяшчаў інфармацыю аб іх на сайце свайго Савета ў Кыргізіі. І толькі палітычная сітуацыя, якая склалася ў Кыргізіі і ў яе адносінах з нашай краінай не дала магчымасці яму прыехаць на канферэнцыю.
Затое, на канферэнцыю прыехаў старшыня Савета маладых вучоных Арэнбургскага дзяржаўнага аграрнага універсітэта, якому нядаўна споўнілася 80 гадоў, - Аляксей Глінушкін. Не трэба блытаць, юбілейныя ўгодкі датычаць універсітэту, а не Аляксея. Ён яшчэ зусім малады супрацоўнік, які займаецца праблемамі аховы раслін, але, калі пашанцуе, то ўжо ў гэтым годзе стане доктарам навук. Пазнаёміліся з ім праз сайт Віцебскай ветэрынарнай акадэміі, на які я выпадкова заглянуў і заўважыў пытанне Аляксея да старшыні таксама Савета маладых вучоных. Папракнуў яго, што ніякага супрацоўніцтва няма паміж нашымі універсітэтамі, а магло бы і быць. Першым адтуль прыехаў у мінулым годзе на канферэнцыю студэнт Георгій Жыцінскі, наведванне Гародні якому настолькі спадабалася, што ён нават змясціў свае ўражанні аб паездцы на нашым сайце. Аляксей Глінушкін прапанаваў нам прыняць удзел у Міжнародным навукова-тэхнічным форуме аграрных універсітэтаў Сібіры, чым я і скарыстаўся, хаця і завочна. Вынікам сталі нашы кантакты з Омскім аграрным універсітэтам. Удзел у студэнцкай канферэнцыі па аграрных навуках прынялі тры студэнты з Омска, і гэта, нягледзячы на тое, што ім давялося дабірацца да Гродна трое сутак. Матэрыялы ж адтуль паступілі і на секцыі іншых накірункаў.
Мы перажывалі, што калі Глінушкін не прыедзе на канферэнцыю, то сарвецца яго выступ на пленарным паседжанні. Пастаянна пісаў на яго адрас, але адказвала жонка Таццяна, якая паведаміла, што ён выехаў на працу на вопытныя пасевы, якія ўжо не маглі чакаць яго вяртання з канферэнцыі. У Арэнбургскай вобласці і так бывае мала ападкаў, бо клімат рэзка кантынентальны і з сяўбою трэба спяшаць. Таму на чыгуначную станцыю ён дабраўся толькі за 15 хвілін да адпраўлення цягніка. Яму прывезлі вопратку, ноўтбук, усё неабходнае ў такую далёкую дарогу. З літоўскімі ўдзельнікамі было прасцей, яны адразу напісалі, што прыедуць. Радавала тое, што прывязуць з сабою зборнік, у якім надрукаваны пара маіх публікацый з канферэнцый у Каўнасе і Клайпедзе.
Сустракалі гасцей адначасова: Сяргей Іванавіч Юргель Рамуальдаса Павілайціса і Асту Стэйкунене з Каўнаскага сельскагаспадарчага універсітэта на аўтавакзале, а мы з Андрэем Рэгілевічам – Аляксея Глінушкіна з цягніка Масква-Гродна. Да пачатку канферэнцыі заставаліся лічаныя хвіліны і нашы госці патрапілі адразу за трыбуну. Вітаў удзельнікаў канферэнцыі рэктар Вітольд Казіміравіч Песціс, пасля чаго былі з цікавасцю праслуханы 3 выступы замест чатырох. Можна сказаць, што і добра, што толькі тры, іначай рэгламент канферэнцыі не змаглі бы вытрымаць. Яраслаў Уладзіміравіч Васілюк паспрабаваў укалоць Аляксея пытаннем пра ўдоі малака. Госць адказаў, што ў іх надойваюць па 3000 л на карову. Вядома ж, гэта не 6000 л, якія атрымлівае Гродзенская вобласць. Наступнай зачэпкай была ураджайнасць пшаніцы ў 10 ц/га. Але Аляксей Глінушкін сказаў, што нягледзячы на такую ураджайнасць, вобласць дае 80 % экспарту Расіі цвёрдай пшаніцы, якую ў Беларусі атрымаць немагчыма. Гэта быў сапраўды пераканальны аргумент. Мы зразумелі, што як у тым анекдоце - Бог даў нам райскую зямлю, магчыма недадаўшы нечага іншага…
Падчас кава-паўзы гасцей рассялілі ў новым інтэрнаце і я думаю, што ўсе ўмовамі засталіся задаволеныя. Спяшаліся паслухаць выступы на секцыях, якія былі вельмі цікавымі. На кожнай з трох выступілі палова запланаваных і гэта таксама добра, бо па часу ўклаліся якраз ўпрытык. І гасцей і прадстаўнікоў нашага універсітэта чакала сяброўская вячэра ў Гарадзенскім маёнтку ў Каробчыцах, у стварэнні якога немалая заслуга нашых студэнцкіх будаўнічых атрадаў. Я і сам быў там упершыню. Ехалі нейкімі закавулкамі. Па дарозе я распавядаў аб гісторыі Гродна, не кранаючы тых пытанняў, якія мог расказаць падчас экскурсіі, запланаванай на наступны дзень. Ужо ў Каробчыцах Леанід Кармазінаў – філосаф з Магілёва запытаў мяне, ці гэта я сапраўды такі, ці расказваю толькі, як Барон Мюнхаўзен… Што і казаць, за вячэрай адбылося больш цеснае знаёмства прадстаўнікоў самых розных універсітэтаў, канферэнцыя працягвалася дапазна… А для арганізатараў гэты вечар завяршыўся толькі каля трох гадзін ночы…
Наступным ранкам госці наведалі музей універсітэта, для якога пакінулі свае аўтографы ў спецыяльнай кнізе. Пагулялі па горадзе, да Каложы дайшлі не ўсе, бо трэба было ад’яжджаць каму з аўта-, каму з чыгуначнага вакзалу, купіць яшчэ сувеніры на памятку аб Гродна. Аляксей, які ўжо вярнуўся дахаты, напісаў, што збіраецца вярнуцца ў Гродна на адпачынак разам з сям’ёй – жонкай і двума дзяцьмі. Думаю, што шэраг фотаздымкаў дапоўніць мой расказ аб канферэнцыі.