Некалькі гадоў назад я ўжо пабываў у Сынкавічах, якія наведаў разам з групай польскіх студэнтаў і пазнаёміўся з царквой абарончага тыпу, пабудаванай у XV стагоддзі, хаця часам яе пабудову адносяць да XVI ст. Першая версія, звязаная з Вітаўтам, мне больш падабаецца. На Беларусі было пабудавана тры падобныя храмы. Акрамя Сынкавічаў, яшчэ ў Супраслі і ў Малым Мажэйкаве. У мінулы раз мой сын сфатаграфаваў царкву на мабільны тэлефон, таму ў гэты раз хацелася зрабіць больш якасныя здымкі. Лясы, ўзведзеныя вакол царквы крыху раcчаравалі, хаця тое, што нехта ўзяўся за рамонт помніку, якому ў 2007 годзе адзначаны 600-я ўгодкі, радуе, як і тое, што да царквы адзін за другім прыбываюць усё новыя аўтобусы з турыстамі. У царкве, якая ў мураваным перакрыцці мае такія ж галаснікі, як і Каложа наведвальнікі запалілі свечкі, заказалі малітву за здароўе жывых ці за спачын памерлых. Хаця экскурсанты і былі з аграрнага універсітэта, але палову з іх я бачыў упершыню…І таму быў рады кожнаму знаёмаму твару, тым больш на 40 жанчын ў гэтай паездцы я аказаўся адзін.
Ехаць трэба было, бо сорамна пражыць на Беларусі столькі гадоў і ні разу не адведаць Жыровіцкі манастыр, які быў пабудаваны на месцы з’яўлення ў 1470 годзе Цудатворнай іконы Божай маці. Тым больш, што заўсёды памятаўся расказ маёй бабулі Агрыпіны, якая ездзіла ў Жыровічы на фурманцы са сваім бацькам роўна 99 гадоў таму назад. Калі бацька з сёстрамі адправіліся ў царкву, ёй даручылі глядзець за малодшым братам Аляксеем. Вот дзе нацярпелася малая, калі нейкі мужык, мабыць, каб папалохаць, хацеў адабраць у яе немаўля. Ведаю, як захаплялася Жыровіцкім манастыром і яе дачка, а мая цётка Воля, якая ў апошнія гады жыцця некалькі разоў пабывала там. Спадзяваўся пабачыць і свайго былога знаёмага, які працаваў раней у навукова-даследчым інстытуце, займаўся філасофіяй, адным з першых напісаў кнігу пра родную мову, з-за якой вымушаны быў пакінуць працу, нягледзячы на тое, што быў сынам знакамітага беларускага скульптара. Ён стаў манахам Мікалаем, але запытацца ў кагосьці пра яго я не асмеліўся.
Пабывалі на адной службе, пасля чаго малады семінарыст, які прадставіўся Леанідам правёў экскурсію, падчас якой мы пазнаёміліся са Свята-Успенскім саборам, Яўленскай (1672) і Крыжаўздвіжанскай (1769) цэрквамі, будынкам семінарыі. Так атрымалася, што каб патрапіць да іконы Жыровіцкай Божай маці, трэба было дачакацца канца яшчэ адной службы, якую праводзіў сам Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, свяшчэнна-архімандрыт Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра – Філарэт. Служба была прымеркаваная да чарговага выпуску семінарыстаў, некалькі з якіх былі ўзнагароджаны Мітрапалітам за выдатную вучобу (чым не разглядзеў). Пасля прыкладвання да іконы Божай маці і Крыжа з мошчамі Святых, мы накіраваліся да крыніц са святой вадой. Шмат хто патрапіў у зробленыя колькі гадоў таму купальні, каб з галавою паглыбіцца ў студзёную ваду (якая мае тэмпературу 4оС. Я ж толькі змачыў твар, ды і то каля вытоку святой вады. У дапаўненне – некалькі момантаў з паездкі у фотаздымках.